Для прасоўвання іміджу Беларусі за мяжой неабходна больш актыўна прапагандаваць нацыянальныя інтэрнет‑рэсурсы ў сацыяльных сетках.

Такое меркаванне выказаў вядучы спецыяліст Інфармацыйна‑аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Аляксей Васількоў 7 чэрвеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Тлумачачы неабходнасць выкарыстання сацыяльных сетак, Васількоў адзначыў, што «ўжо вырасла цэлае пакаленне, якое атрымлівае патрэбную інфармацыю не ў пошукавых сістэмах, а праз сацыяльныя сеткі».

У сваю чаргу прэс‑сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў, што для прасоўвання іміджу краіны нацыянальныя інтэрнет‑праекты павінны мець версіі на замежных мовах і ствараць люстэркавыя сайты, напрыклад, у ЗША.

Савіных падкрэсліў, што без інтэрнет‑сайтаў на англійскай, нямецкай, французскай мовах Беларусі «будзе складана прасоўваць свой імідж за мяжой». «Расійскамоўныя сайты маюць рэгіянальны характар», — падкрэсліў ён.

Прэс‑сакратар МЗС адзначыў, што дзяржава не можа поўнасцю адказваць за фарміраванне іміджу краіны. «Калі намаганні дзяржавы не будуць падтрыманы грамадскімі структурамі, эфекту будзе мала», — сказаў Савіных.

Ён таксама лічыць магчымым заснаваць нацыянальны конкурс па стварэнні інтэрнет‑прадукту, які прасоўваў бы імідж Беларусі за мяжой. Савіных адзначыў, што дзяржава магла б выдзяляць невялікія гранты для рэалізацыі паспяховых ідэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?