На працягу гэтага года сур’ёзным чынам будзе праверана ўся сістэма адукацыі на прадмет арганізацыі навучальнага працэсу, распрацоўкі новых праграм і навучальных дапаможнікаў.

Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 чэрвеня на нарадзе па пытаннях развіцця вышэйшай школы, якасці падрыхтоўкі спецыялістаў на гэтым узроўні адукацыі, а таксама мэтазгоднасці далучэння Беларусі да Балонскага працэсу.

«Нам патрэбна нармальная сістэма адукацыі, арыентаваная на нашу эканоміку, найперш на наша грамадства, на нашу краіну. Нам не трэба бегчы ні за якімі дзяржавамі і краінамі», — лічыць Лукашэнка.

«Трэба зыходзіць з таго, што ламаць мы больш нічога не павінны. Мы павінны ісці па тым шляху, які вызначылі ў адукацыі, толькі ўдасканальваючы, і то не залазячы глыбока ў гэтае ўдасканаленне, таму што гэта зноў прывядзе да нейкага злому. Трэба ісці вельмі акуратна і спакойна», — сказаў прэзідэнт.

Ён заявіў, што ўзровень беларускай адукацыі даволі высокі і карыстаецца вялікім попытам за мяжой.

«Да нас увесь час звяртаюцца: «Вазьміце вучыцца нашых людзей!». І плацяць жа добрыя грошы. Дык ці варта нам ісці на чарговыя нейкія ператрасанні, ломку адукацыі? Вядома, не. Я лічу, што нам трэба супакоіцца і спакойна завяршыць тое, што мы азначылі, а далей будзем бачыць», — мяркуе Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на праблемныя пытанні, што ёсць у працы рэктараў. «Іншая справа, што ў нас некаторыя рэктары засядзеліся. Яны сядзяць як за мураванай сцяной, і лічаць, што ім нічога не трэба. Мне ўжо студэнты некаторыя расказваюць пра тое, што то дах працёк, то сцяна абвалілася, то ў аўдыторыю не зайсці, то вокны не памытыя, — давай, прэзідэнт, уключайся. Вось гэта дрэнна», — адзначыў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?