З першай судзіцца прарэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, другому закідаюць парушэнне заяўленай перыядычнасці выхаду выдання.

9 чэрвеня ў Ленінскім раённым судзе г. Мінска будзе разглядацца справа па зыску прарэктара Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргея Ханені да «Народнай волі». Падставай для зыску стала перадрукоўка артыкулу «Кандыдаты прад’явілі заробкі» з сайта кампаніі «Гавары праўду»

Пачатак працэсу ў 14:30. Ленінскі раённы суд знаходзіцца па адрасе: вул. Сямашка, 33 (Дом правасуддзя).

Нагадаем, што 31 траўня міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі выпісаў чарговае папярэджанне «Народнай волі». Прычынай сталася публікацыя ў выданні ўспамінаў Іллі Копыла «Нябышына. Вайна».

Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», якая з’яўляецца заснавальнікам газеты «Товарищ», абвінавачваецца ў парушэнні закона РБ «Аб сродках масавай інфармацыі» ў сувязі са зменай перыядычнасці выдання газеты. У якасці доказу парушэння заканадаўства прыводзіцца той факт, што трэці нумар зарэгістраванай як штотыднёвік газеты выйшаў толькі 7 траўня 2010 года.«Пакуль у нас ёсць магчымасць выходзіць толькі 1–2 разы на месяц», — пацвердзіў галоўны рэдактар газеты «Товарищ» Сяргей Вазняк.

Спадар Вазняк адзначыў, што газета мае аб’ектыўныя прычыны для змены перыядычнасці. «Газету загналі ў сітуацыю, калі няма як зарабляць грошы. Мы не можам распаўсюджвацца праз падпіску, не можам друкавацца ў краіне, не можам нават збіраць тут рэкламу, а зараз ад нас патрабуюць знайсці грошы на штотыднёвы друк газеты!» — абураецца Сяргей Вазняк.

Між тым галоўны рэдактар газеты звязвае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі з хуткім стартам прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй, і не выключае, што такім чынам выданню даюць зразумець: «Хлопцы, пішыце, але не надта рэзка».

Паводле словаў Сяргея Вазняка, газета не будзе абскарджваць папярэджанне, а заснавальнік газеты ў бліжэйшы час унясе змены ў пасведчанне аб рэгістрацыі выдання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?