Беларускую сталіцу музыкант наведае з праграмай Symphonicities, падрыхтаванай разам з брытанскім Каралеўскім філарманічным аркестрам.

Пра канчатковае зацверджанне канцэрту Стынга 18 верасня ў «Мінск-Арэне»паведаміў афіцыйны сайт спевака.

Тур у падтрымку Symphonicities 58-гадовы выканаўца пачынае 2 ліпеня з канцэрту ў Ванкуверы, цягам усяго лета «сімфанічнага» Стынга пачуюць у шэрагу іншых гарадоў Паўночнай Амерыкі, а з верасня з выступлення ў Осла стартуе еўрапейскі тур. Пакуль Мінск застаецца адзіным горадам на постсавецкай тэрыторыі ў графіку канцэртаў.

Перад пачаткам туру Стынг заявіў, што з нецярплівасцю чакае канцэртаў з Каралеўскім аркестрам. Досвед выступу з іншымі сымфанічнымі аркестрамі — Чыкагскім і Філадэльфійскім ён называе самымі яскравымі момантамі ў сваёй кар’еры.

У праграму Symphonicities уключаны асноўныя хіты музыканта, як з даробку The Police, так і з сольнай творчасці.

З імём Стынга ў апошні час было звязана два скандалы. Яго заява пра неабходнасць легалізаваць лёгкія наркотыкі выклікала пратэсты з боку арганізацый, што змагаюцца супраць распаўсюду наркотыкаў. Нараканні з боку грамадскасці выклікаў выступ Стынга на прыватнай вечарыне прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава, якога лічаць дыктатарам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?