Ці можа Татарстан паспрыяць распаду Расеі? З Казані піша Сяргей Богдан.

На мітынгу ў Казані.

На мітынгу ў Казані.

Гісторыя Расейскай Імпэрыі пачалася з заваяваньня ў 1552 годзе земляў сёньняшняга Татарстану. Сёньня татары – адзін з самых шматлікіх і адукаваных народаў Расейскай Фэдэрацыі. Ці можа Татарстан паспрыяць развалу Расеі?

Цэнтар Казані робіць прыемнае ўражаньне элегантнай старой забудовай, не сапсаванай спробамі імпэрскай улады замацаваць за сабой заваяваную прастору – праваслаўныя цэрквы ўдала ўпісаныя ў мясцовы краявід побач зь мячэтамі.

Пачалося тое з часу заваяваньня Казані, калі Іван Жахлівы зруйнаваў мячэт пасярод Казані і паставіў на яго месцы царкву. Практыка знаёмая, як і тое, што цэрквы будаваліся з выкарыстаньнем мусульманскіх магільных плітаў. Дойлідзтва пераважна вытрыманае ў шчыра расейскім стылі, Казань была збудаваная менавіта як расейскае места.

Доўгі час пасьля заваяваньня расейскія ўлады забаранялі татарам сяліцца ў Казані і за 15 міляў навокал. Падпарадкаваньне татараў было гвалтоўным – і сёньня на беразе Волгі стаіць помнік маскоўцам, загінулым пры штурме Казані. Спробы паставіць помнік татарскім абаронцам места скончыліся пакуль толькі сьціплым каменем на іх памяць.

Пасьля распаду СССР кіраўніцтва Татарстану патрапіла-такі аднавіць да 2005 году у Казанскім крамлі – поўным сымбаляў заваёвы – мячэт Кул Шарыф.

Іншы татарскі знак у крамлі – помнік татарскаму паэту Мусу Джалілю. Той, апынуўшыся падчас апошняй вайны ў нямецкім палоне, быў удаў, нібыта згодны ўступіць у татарскі антысавецкі легіён, але стварыў там камуністычнае падпольле і быў павешаны немцамі. Савецкая ўлада апявала Джаліля, зрабіўшы зь яго нацыянальнага героя для татараў, такую сабе сумесь Янкі Купалы і Канстанціна Заслонава.

У Казанскім крамлі разьмешчаныя і ўрадавыя ўстановы рэспублікі. Выглядаюць яны досыць адкрыта і зь мінімумам аховы.

Мой таварыш Раіс спыняецца ля мэталічнае агороджы і пачынае зьедліва ганіць палітыку татарстанскага кіраўніцтва. Сапраўды, людзі ў Татарстане часьцяком адкрыта крытыкуюць рэжым Шайміева за аўтарытарнасьць, але зазвычай ухіляюцца ад закідаў на адрас кіраўніцтва Расеі.

Пуцін, Мядзьведзеў і Мініханаў

У кабінэтах вісіць іканастас з трох партрэтаў – прэм'ера Пуціна, прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева і прэзыдэнта Татарстана Рустама Мініханава. Жыхары Татарстану нагадваюць: у нас, у адрозьненьне ад Башкартастану, апазыцыю не забіваюць.

У зьвязку з сыходам Шайміева з пасады кіраўніка Татарстану і нязьменнасьцю башкірскага прэзыдэнта Рахімава яны дадаюць, «Шайміеў выбраў маёмасьць, Рахімаў выбраў уладу».
Сапраўды, Шайміеў вырашыў захаваць багацьце, сабранае за часы свайго прэзыдэнцтва, своечасова сышоўшы зараз з палітыкі, а стары башкірскі кіраўнік трымаецца за прэзыдэнцкі фатэль да канца. Татарская эліта інтэграваная ў расейскую дзяржаву і, у адрозьненьне ад каўказцаў, не стварае сваёй дзяржавы ў дзяржаве. Міністры татарскага паходжаньня ў расейскім урадзе – зусім ня дзіва.

Метады асіміляцыі

Расейская Імпэрыя і Саветы моцна індустрыялізавалі Паволжа і яго татарскія раёны, ператварыўшы яго ў адзін з асноўных прамысловых рэгіёнаў вялікай дзяржавы. Пры канцы савецкага часу індыстрыйны патэнцыял Татарстану быў роўны супольнаму прамысловаму патэнцыялу ўсёй Прыбалтыкі, аднак толькі 2 % прадпрыемстваў падпарадкоўваліся мясцовым казанскім ўладам. За мадэрнізацыю татарам давялося дорага заплаціць самастойнасьцю, прывязкай да Масквы. Татарстан прывязваўся да Расеі і праз стварэньне Масквой расейскамоўных навуковых ды культурных інстытуцый. Вось і Казанскі ўнівэрсытэт (нават сёньня – імя Леніна) быў заснаваны трэцім у Імпэрыі, у 1804 годзе, аднак супрацоўніцы ўнівэрсытэцкага музэю зьбянтэжана кажуць, што, маўляў, вядома ж, татары трапілі ў сьцены ўнівэрсытэта шмат пазьней.

Казанскі ўнівэрсытэт застаецца вельмі зрусіфікаваным і сёньня. Як і ўвесь Татарстан.

Тыповая зьява, якая сьведчыць пра тое, – зьмяшаныя шлюбы безь пераходу ў іслам. Пасьля заключэньня шлюбу ў мячэце маладыя могуць павянчацца ў царкве. У мусульманскім краі свабодна прадаецца алькаголь, у тым ліку з гульлівымі «этнічнымі» назвамі кшталту «Шайтан-вада».

Відаць, ці ня

самай вялікай этнічнай адметнасьцю Казані староньняму падарожніку здасца татарская кухня – усе гэтыя варыянты булак з начынкамі.
Ці не застанецца гэта апошняй адметнасьцю татарскага народу?

Алсу і Земфіра

Пачуць татарскую мову ў Казані цяжка.

Размаўляюць па-свойску перадусім людзі, што прыехалі зь менш урбанізаваных раёнаў краю, і нават сьвядомыя сваёй татарскасьці знаёмыя казанскія інтэлектуалы міжсобку і ў сям'і гавораць па-расейску.
Разам з тым, ня ўсё так адназначна, бо нават такія, здавалася б, інтэграваныя ў расейскую культурніцкую эліту і касмапалітычныя асобы, як сьпявачкі татарскага паходжаньня Алсу ды Зэмфіра, пасьля колькігадовай творчасьці па-расейску запісалі татарамоўныя альбомы.

Стан татарскага школьніцтва

У 90-я гады існавалі нават школы з выкладаньнем усіх прадметаў па-татарску, але на пачатку 2000-х іх пазачынялі, хаця і зараз пасьля базавай школы татарскія школьнікі мусяць здаваць пятым іспыт па роднай мове ў дадатак да чатырох агульнарасейскіх іспытаў.

У суседняй Удмуртыі гэтага іспыту няма, як няма і выкладаньня роднай мовы – як вынік, па-ўдмурцку гавораць толькі старыя дзяды.

Тафсіры ў кіёсках

Сёньня ў Татарстане існуе ФМ-радыё і тэлеканалы, дзе частка праграмаў трансьлюецца па-татарску. Аднак газэтаў і часапісаў па-татарску ў шапіках не відаць, а з кніг відаць толькі тафсіры Кур'ана ды іншая рэлігійна-фальклёрная літаратура.

У 1990-я гады шыльдаў па-татарску было шмат больш, чым цяпер, а

татары пачалі пераводзіць сваю мову на лацінку. У прыватнасьці, на мяжы тысячагоддзяў шыльды ў гарадах былі аформленыя ўжо на лацінцы. Масква гэтага не пацярпела, і Дзярждума забараніла тады народам Расейскай Фэдэрацыі выкарыстоўваць некірылічную пісьмовасьць.
Адначасова фэдэральны ўрад абмежаваў палітычныя, адміністрацыйныя ды гаспадарчыя паўнамоцтвы Казані. Зь цягам часу былі лівідаваныя і многія нацыянальныя кампанэнты ў сыстэме адукацыі. Карацей, адшукаць у Татарстане сьляды незалежніцкага руху цяжка.

Праўда,

доля татараў у насельніцтве Татарстану за пасьлясавецкі час павялічылася з 48 да 53%.
Па-першае, зьвязана гэта было з тым, што рэспубліка ўжо не лічылася працапразьмернай і людзей з 1991 году ўжо, у адрозьненьне ад савецкага часу не падштурхоўвалі да выезду ў іншыя рэгіёны Саюзу. Па-другое, у Татарстан вярнулася шмат татараў з краінаў Сярэдняй Азіі. Нараджальнасьць жа ў татарскага насельніцтва не нашмат вышэйшая за расейскія паказьнікі.

Падзелы і ўладараньне

Часам падаецца, што татарскую эліту больш турбуе амбітны башкірскі нацыянальны рух і палітыка Башкартастану, чым русіфікацыя ці стан уласнай квазі-дзяржаўнасьці. Рэч у тым, што татары складаюць вельмі значную частку насельніцтва Башкартастану. Часьцяком ад казанскай інтэлігенцыі можна пачуць нараканьні, што башкірскія ўлады гвалтам запісваюць усіх у башкіры, каб хоць неяк узьняць долю карэннага насельніцтва ў сваёй аўтаномнай рэспубліцы.

Башкірам і татарам цяжка падзяліць даўнюю супольную спадчыну, праз тое развальваліся і ўсе пляны стварэньня фэдэрацыі паволжскіх цюрскіх народаў.

Наагул,

антытатарскія настроі сярод паволжскіх народаў даволі пашыраныя. У прыватнасьці, татарам закідаюць фанабэрыю.

Татары, дарма што самі знаходзіліся пад уладай вялікай імпэрыі, патрапілі распрацаваць уласны гегеманісцкі праект. Стварыць міт пра вялікую татарскую нацыю было нескладана, бо да пачатку ХХ стагоддзя «татарамі» называлі ў Расейскай Імпэрыі амаль усе этнічныя групы цюркскага паходжаньня. Гэтак, і цяпер казанцы схільныя прысабечваць і мусульманскую супольнасьць Беларусі, залічыўшы яе ў «агульнататарскую» дыяспару толькі на падставе саманазвы беларускіх мусульманаў.

Правансальская форма

У адрозьненьне ад каўкаскіх народаў, татарскі нацыянальны рух за дасягненьне самастойнасьці ўсё больш набывае «правансальскую» форму, г.зн. сыходзіць з палітыкі ды эканомікі ў культуру, а большасьць дасягнутага за 1990-я гады у галіне нацыянальнага будаўніцтва страчваецца.

Татарскія нацыяналісты зьвязваюць надзеі з прыходам у грамадзкае жыцьцё новага пакаленьня, якое патрапіла атрымаць частку сваёй адукацыі на роднай мове. Але ці кожны зь іх выбера хай сабе і ўпарадкаваны ды ўтульны свой невялікі край перад імпэрскай веліччу бяскрайняй Расеі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?