Беларускі дзяржаўны тэатр лялек атрымаў прыз за лепшую рэжысуру на XXII Міжнародным тэатральным фестывалі Walizka, які прайшоў 8—11 чэрвеня ў горадзе Ломжа (Польшча).

Як паведаміла загадчыца літаратурнай часткі тэатра Дар’я Візнер, беларускі тэатр прэзентаваў сваю апошнюю прэм’еру — спектакль «Чаму старэюць людзі?». Прыз за лепшую рэжысуру быў уручаны галоўнаму рэжысёру тэатра Аляксею Ляляўскаму. У фестывалі ўзялі ўдзел 17 тэатральных калектываў з Бельгіі, Босніі і Герцагавіны, Германіі, Іспаніі, Польшчы, Расіі і Славеніі.

Зараз Аляксей Ляляўскі разам з мастачкай Таццянай Нерсісян працуе над спектаклем для дарослых «Драй швэстэрн» паводле драмы Чэхава «Тры сястры». Плануецца, што прэм’ерай гэтага спектакля тэатр лялек адкрые новы сезон у верасні.

Да пачатку новага сезона таксама рыхтуецца пастаноўка для дзяцей, над якой працуе рэжысёр Аляксандр Янушкевіч разам з мастаком Валерыем Рачкоўскім. Яны рыхтуюць казку «Марынка‑крапiўніца» паводле п’есы Артура Вольскага і Пятра Макаля.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?