Гэтую дзяржаву павінны ведаць усе на сьвеце. Найперш таму, што менавіта тут узыходзіць Сонца й зачынаецца кожны наш новы дзень. Гэтая акалічнасьць паспрыяла таму, што сустрэць Міленіюм сюды панаехала рэкордная колькасьць цікаўных з усяго сьвету. Балазе, візаў сюды ня трэба нікому.

Але й начальства ў гэтай краіне не абы якое. Жыхары Тонга шчыра смуткавалі й аддаліся журбе з прычыны сьмерці свайго славутага караля Таўфаахаў Тупоу IV, які лічыўся самым важкім манархам у сьвеце, важыўшы больш за 200 кг. Пры тым, што й дзіўна, ён жа лічыўся адным з найбольш хцівых балельшчыкаў і заўзятых спартоўцаў у сьвеце!

Аэрапорт сталіцы каралеўства часьцяком закрывалі, каб Таўфаахаў Тупу IV, мог спакойна пагойсаць на ровары ці на роліках па роўнядзі ўзьлётнае паласы.

Гэтая дзяржава, што рассыпала ў акіяне болей на 700 км выспаў і рыфаў у Ціхім акіяне, ніколі не была калянізаваная. У 1878 г. тут была прынятая ўласная Канстытуцыя, што дзеіць да сёньня! Тутсама распаўсюдзілася й хрысьціянства. Але талеранцыя для тубыльцаў вышэй за ўсё. Яны належаць да паўтузіна розных (найперш мэтадысцкай і каталіцкай) цэркваў, але пануючай між іх няма!

Аднак Брытанія ўсё ж распаўсюдзіла й на яе свой пратэктарат, што скончыўся акурат з узыходам на пасад Таўфаахаў Тупу IV, які кіраваў сваёй Бацькаўшчынай болей за сорак гадоў. Пры ім зьявілася першая тангаанская газэта й першы нацыянальны тэлеканал. Лішне казаць, што гэты рахманы й мажны кароль быў вялікі жартаўнік.

Напрыклад, ён неяк паведаміў у Маскву, што вельмі любіць... балалайкі. Пасьля гэтага ўсе савецкія караблі заходзілі менавіта ў парты Тонга, прывозячы балалайкі ў каралеўскую калекцыю й... нямала даляраў ды тавараў. Гэтак, краіна, што ляжыць літаральна на краю сьвету, умудрылася зарабляць болей за сваіх ня гэткіх прыкольных суседзяў.

Лішне казаць, што Таўфаахаў Тупоу IV ня быў абазнаны ў дэмакратыі. Аднак выславіў такі адзін пэрл паліталёгіі: «Рашэньні, што прымае большасьць, усё адно не прымальныя для меншасьці, што можа быць значнай часткаю насельніцтва...». Таму, прымаючы ўсе рашэньні аднаасобна, ён вывеў сваю любімую нацыю ў шэрагі найбольш заможных у сьвеце. І тангаанцы аддзячылі яму той самай шчырай любоўю. Лішне таксама казаць, што кароль і ягоны народ гаварылі на адной мове.

Месца Таўфаахаў Тупу IV, аднаго з самых адметных палітыкаў сьвету, які памёр ва ўзросьце 88 гадоў, заняў ягоны сын прынц Тупута. Ён стаў новым каролём Тупу V, якому ўжо 58, таксама вялікі арыгінал: хвацкі бізнэсовец, ніколі ня быў жанатым, страшэнна любіць вайсковыя мундуры й катаецца па выспах на ...лёнданскай таксоўцы. Як ён будзе кіраваць 150.000 тысячамі сваіх падданых на 170 выспах, яшчэ пакажа час.

Пахаваньне Таўфаахаў Тупу IV, адбылося ўчора, у сераду, але жалоба працягнецца яшчэ месяц. Вечная памяць!

А сонца там па ранейшаму будзе ўзыходзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?