Беларуска-расійскія канфлікты змяняюць погляды расійскіх інтэрнаўтаў на дачыненні з Беларуссю.

Артыкул «Братэрскі ўльтыматум», надрукаваны на Газета.ru, выклікаў жывое абмеркаванне на форуме. Некаторыя выказванні чытачоў гэтага папулярнага інтэрнэт-выдання наконт беларуска-расійскіх дачыненняў заслугоўваюць асобнага разгляду, бо ў пэўнай ступені дэманструюць паступовыя змены ў поглядах расійскіх чытачоў.

Частка аўдыторыі Газеты.ru спачувае беларускаму боку і абураецца паводзінам Крамля.

«Паставілі на лічыльнік і далі пяць дзён. Так робяць сапраўдныя браткі»,
— піша чытач пад нікам 123poehali. Карыстальнік trynext25 супакойвае, нібы намякаючы, што гэта не першы і не апошні канфлікт, ды нагадваючы пра надзейны рэцэпт Лукашэнкі па залагоджванні братэрскіх крыўдаў:
«Гэтае кітайскае папярэджанне роўнае братэрскаму ўльтыматуму. Але калі бацька ў чарговы раз прыкладзецца мяккімі вуснамі да засохлых струпоў імперскага комплексу — усё само сабой рассмокчацца».

Наведнік kasatschok мяркуе, што афіцыйны Мінск мусіць плаціць за вуглевадароды палітычнымі рашэннямі. Ён піша, што

«ўсё б уладзілася, каб бацька прызнаў Абхазію з Паўднёвай Асеціяй, Нагорны Карабах і Прыднястроўе».

Усё часцей чуюцца галасы пра неабходнасць пераходу ў адносінах паміж краінамі на выключна рынкавыя рэйкі. Пры гэтым беларусаў перасцерагаюць, што без рэфармавання эканомікі Беларусь доўга не працягне без расійскага пляча. Так, чытач Газеты.ru sky-rotor упэўнены, што

«каб выключыць такія спрэчкі, неабходна ўсе адносіны з Беларуссю пераводзіць на выключна рынкавыя ўмовы. Расіі не трэба ніякіх ільгот ад гэтай краіны, але і мы не павінны іх субсідыяваць ні ў якой форме. Больш чым упэўнены, што беларуская эканоміка ў доўгатэрміновым плане будзе знаходзіцца на мяжы выжывання без расійскага субсідыявання, а то і пяройдзе гэтую мяжу, калі не рэфармуецца. Бо ў ёй шмат штучнага, адміністрацыйнага, а не рынкавага, і такая канструкцыя заўсёды нетрывалая».

Ёсць і праціўнікі ў аўтараў падобных меркаванняў, якія, зрэшты, бачаць Беларусь выключна як буферную зону паміж Расіяй і драпежным Захадам. «А як наконт расійскіх вайсковых аб’ектаў у Беларусі, у прыватнасці сістэм СПА?» — пытае fal-con. — «Яны ўжо таксама не патрэбныя? У такім выпадку, куды войскі выводзіць будзем — зноў у голы стэп, як у 90-я? І потым — пляваць, што Масква фактычна застаецца без прыкрыцця на далёкіх рубяжах?» Чытач нагадвае прыклад Другой сусветнай вайны, калі Гітлер надзвычай хутка падабраўся да Масквы і Ленінграда. Каб не дапусціць падобнага цяпер, упэўнены ён,

«патрэбен буфер на Захадзе, дзе будуць у выпадку чаго разгортвацца баявыя дзеянні і куды будуць падаць ракеты».
І задаецца пытаннем, ці каштуе гэта 200 млн?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?