Трохі паразважаў пра надыходзячыя прэзідэнцкія выбары на «Новай Эўропе».

Аптымізм і энтузіязм на іхны конт у мяне мінімальныя: інтрыгі, якая была нават у 2006 годзе, цяпер не прадбачыцца.

Годныя кандыдаты ад апазіцыі ёсць, у першую чаргу, на мой погляд, вартым пасады прэзідэнта быў бы Яраслаў Раманчук. Адно толькі, што зараз няма нават ілюзіі надзеі на тое, што будзе магчымы нейкі сцэнар, які б прывёў да перамогі апазіцыі — напрыклад, блізкі да каляровай рэвалюцыі. У 2006 годзе такая надзея была, цяпер — няма.

Пакуль усё складаецца так, што будуць нудныя выбары з прадказальным несправядлівым вынікам і з дэманстрацыяй увечары, пасля якой усе разыйдуцца. Выбарцам такія выбары лепей ігнараваць.

Куды цікавей у гэтым дачыненні тое, як будзе развівацца канфлікт паміж беларускім рэжымам і Крамлём.


«Кажуць, што самая непраглядная цемра — гэта прыкмета хуткага золку. У выпадку хуткіх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі наконт хуткага золку казаць можна хіба са звычайным умоўным аптымістычным дапушчэннем, маўляў, любы чорны перыяд гісторыі калісьці сканчаецца. Але што да канкрэтыкі і ўдзелу дэмакратычнай апазіцыі ў выбарах-2011 — тут цяпер пануе цемра татальнай безнадзейнасці.

[…]

Тое, што дэмакратыя не мае шансаў на перамогу па выніках хуткай выбарчай кампаніі, перад гэтымі выбарамі відавочна як ніколі дагэтуль.
Цяпер размова ідзе толькі пра тактычныя выгоды, пра пашырэнне ў грамадстве прагрэсіўных ідэй, але не пра скідванне рэжыму. Адсюль і колькасць кандыдатаў, асабліва за кім не стаіць сфармаваная палітычная сіла і чыя мэта — запісаць сабе ў палітычную біяграфію сціплы радок «кандыдат на прэзідэнта Беларусі».

Становішча мае, канечне, і некаторыя пазітыўныя рысы:

адсутнасць адзінства і маналітнасці ў апазіцыі, яе фрагментацыя па ідэалагічных прынцыпах бачыцца як перадумова для натуральнага адбору і з’яўлення новых асобаў на чале дэмакратычнага руху
, пра што стала гаворыцца цягам апошніх дзесяці гадоў. На фоне адсутнасці шансаў на дэмакратычныя пераўтварэнні варта радавацца хоць бы і гэтаму.

На жаль, з-за такой празмернай колькасці кандыдатаў-«штрайкбрэхераў» a priori немагчымы паслядоўна арганізаваны байкот беларускіх прэзідэнцкіх выбараў.

Цікавая акалічнасць: да байкота цяпер заклікае не толькі Зянон Пазняк, але і вядомыя пракрамлёўскія палітолагі.

Урэшце, з кожнымі выбарамі іхны характар робіцца для беларускага грамадства ўсё болей відавочным: усё большая колькасць людзей на ўласныя вочы пераконваецца, што прэзідэнт Лукашэнка не ёсць абраным у выніку прапісанага ў Канстытуцыі галасавання. Пра гэта ведае апазіцыйна настроеная траціна электарату, пра гэта ведаюць тыя, каго заганяюць па разнарадцы галасаваць за каго трэба, гэтаксама як і тыя, хто сядзіць у выбарчых камісіях і падрабляе пратаколы.

Гэты факт, плюс суцэльная адсутнасць інтрыгі, ствараюць умовы для цалкам натуральнага ігнаравання людзьмі гэтага фарсавага мерапрыемства.»

Цалкам

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?