Адной з найбольшых сенсацый пачатку чэмпіянату свету па футболе сталася нічыя амерыканцаў з англічанамі.

Родапачынальнікі футбола ўжо на чацвёртай хвіліне намаганнямі Джэрарда лік адкрылі.

Амерыканцы адыграліся напрыканцы першага тайма. Клінт Дэмпсі нанёс удар на ўдачу, ён быў не такім моцным і складаным, але ў брамніка еўрапейцаў Грына мяч выскачыў з рук і закаціўся ў вароты. Не трэба лічыць, што амерыканцам проста пашанцавала. Пры канцы матча яны былі бліжэйшыя да перамогі, чым супернікі.

Дык ці выпадковы такі вынік? Калі паглядзець у мінулае і сучаснасць амерыканскага футбола, то зусім не.

Футбол за акіян, натуральна, прывезлі англійскія перасяленцы яшчэ ў другой палове ХІХ ст. Цяжка паверыць, але першы футбольны клуб у ЗША быў заснаваны ў далёкім 1862 годзе, за год да паўстання Кастуся Каліноўскага. Гэта ўсяго толькі на пяць гадоў пазней за першы клуб у Англіі «Шэфілд».

У 1885 годзе ў Ньюарку амерыканцы правялі першы таварыскі матч. Супернікамі былі суседзі па кантыненце з Канады. Амерыканцы саступілі 0:1, але яны не любяць узгадваць той эпізод са сваёй гісторыі.

Амерыканцы выводзяць сваю гісторыю з 1916 года, калі ў Стакгольме мінімальна перамаглі шведаў — 3:2.

Пачынаць радавод з перамогі ўсё ж значна больш прыемна.

На першым чэмпіянаце свету, што праходзіў у далёкім 1930 годзе ва Уругваі, амерыканцы былі аднымі з заканадаўцаў футбольных модаў. На групавым этапе «зорна‑паласатыя» без асаблівых цяжкасцяў разграмілі Парагвай і Бельгію. У матчы з лацінаамерыканцамі тры галы забіў Берт Пейтэнаўд — гэта быў першы хет‑трык мундыяляў.

Амерыканцы выйшлі ў паўфінал, але там аргенцінцы не пакінулі ім ніякіх шанцаў.

Дарэчы, у Амерыцы футбол называюць не на еўрапейскі капыл, а на свой — сокер. Справа ў тым, што ў свой час гэтая гульня афіцыйна называлася association football, каб адрозніць ад рэгбі (rugby football). У амерыканскай жа традыцыі ў вымаўленне ўвайшло скарачэнне association football. Такую самую назву ўжываюць у Канадзе, Паўднёва‑Афрыканскай Рэспубліцы, Японіі.

У выпадку Амерыкі гэта было неабходна яшчэ з той прычыны, што шырокую папулярнасць у краіне атрымаў футбол амерыканскі — гэта гібрыд футбола і рэгбі.

Паступова футбол у ЗША пачаў значна саступаць у глядацкіх прыярытэтах хакею, баскетболу, бейсболу, амерыканскаму футболу. Калі амерыканскі хлопец мае спартовы целасклад, то ён найперш пойдзе ў баскетбольную ці бейсбольную секцыю, і толькі пасля ў футбольную.

Цікавы факт, што на афіцыйным сайце амерыканскай федэрацыі змешчаныя правілы гульні ў футбол. Такога вы не знойдзеце амаль нідзе. А вось жаночы футбол у Амерыцы папулярны. Іх зборная адна з наймацнейшых на планеце.

Новы віток развіцця гульня №1 атрымала ў Штатах пасля чэмпіянату свету 1994 года, які праходзіў на іх стадыёнах. Там амерыканцы прайгралі ў 1/8 фіналу толькі будучым чэмпіёнам з Бразіліі.

У 2002 поспех ЗША быў яшчэ большым. Каманда змагла трапіць у васьмёрку наймацнейшых.

Сённяшняя каманда ЗША — гэта не хлопчык для біцця. Большасць гульцоў гэтай зборнай выступае ў моцных еўрапейскіх клубах. Той жа брамнік Цім Говард абараняе колеры ліверпульскага «Эвертана», які прыязджаў летась у Мінск для змагання з БАТЭ.

Яшчэ адзін крок, на які ідуць амерыканцы, каб прыцягнуць заўзятараў на футбольныя матчы, — прыцягненне ў свае каманды зорных гульцоў.

Ці не першапраходцам у гэтым плане быў славуты Пеле, які тры сезоны на схіле кар’еры пыліў за «Нью‑Ёрк Космас». З апошніх прыкладаў — гэта Дэвід Бэкхэм, які пагуляў за «Лос‑Анжэлес Гэлаксі». Гулялі ў ЗША таксама балгарын Хрыста Стоічкаў, немец Лотар Матэус, француз Юры Джаркаеф. Такія ўкладанні таксама даюць вынік.

Між іншым, у невялікім гарадку Сэнт‑Пол, што ў штаце Мінесота, дзяцей у футбол вучыць гуляць чэмпіён СССР у складзе мінскага «Дынама» Сяргей Гоцманаў.

У сваім Паўночнаамерыканскім дывізіёне годнае суперніцтва Штатам могуць прапанаваць толькі мексіканцы. Магчыма, сюрпрыз першай гульні не быў апошнім.

Дарэчы, момант з удзелам Дэмпсі і Грына, які мы ўзгадвалі ў пачатку артыкула, ужо меў месца ў гісторыі. У 1950 годзе, на першы пасляваенны мундыяль, упершыню вырашылі прыехаць англічане. Раней яны лічылі ніжэй за сваю годнасць удзельнічаць у падобных спаборніцтвах, бо лепш за іх гуляць у футбол усё адно ніхто не мог.

Амерыканец Уолтэр Бар, не знайшоўшы лепшага выйсця, проста стукнуў мячом, што ёсць моцы, у бок англійскіх варот. І галкіпер быў гатовы прыняць мяч, каб ён не сутыкнуўся з галавой ураджэнца Гаіці Джо Гецьенса. Амерыканцы выйгралі той матч. А англічане ўпершыню задумаліся, ці гуляюць яны лепш за астатніх.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?