З года ў год колькасць беларусаў, якія хочуць паехаць на адпачынак у Крым, не змяншаецца. А таму мясцовыя жыхары заўсёды будуць фінансава забяспечаныя, а кошт нерухомасці і зямлі непадалёк ад мора будзе толькі павялічвацца.

І хоць узровень сэрвісу тут застаецца звыкла невысокім, плынь кліентаў не вычэрпваецца. Распешчаныя замежным сэрвісам госці, адзін раз прыехаўшы сюды, рэдка вяртаюцца, але прыток свежых наіўных турыстаў заўсёды быў і будзе. Турыстычных пастак пры вандраванні па Крыме знойдзецца нямала, але іх ці некаторых з іх можна пазбегнуць, калі маеш пра іх дакладную інфармацыю. Такім чынам:

Не спадзявайцеся зэканоміць

Так, вядома, у Крым (і на расійскае ўзбярэжжа Чорнага мора) едуць па выдатную прыроду і мяккі клімат. Але падспудная думка пра эканомію, хай і дзякуючы адмове ад камфорту, усё ж прыемна грэе душу.

Насамрэч жа адпачынак тут напэўна можа абысціся даражэй, чым аналагічны ў Балгарыі.

Знайсці прыстойнае месца (гатэль, санаторый, камфартабельная кватэра) для пражывання ў ліпені‑жніўні менш чым за 20—40 даляраў у суткі, наўрад ці атрымаецца, а ўжо ў жніўні, у самы сезон, цэннік і зусім узлятае да нябачаных вышыняў. Праўда, пакоі‑скрыначкі ў прыватным сектары абыдуцца вам у даволі невялікую суму — ад 5—7 даляраў на чалавека, але тут будуць і ўсе адпаведныя «перавагі»: чэргі ў душ і на пліту, прыбіральня на вуліцы, перабоі з вадой, натоўп народу ў адным двары і г.д. Але ў рэшце рэшт кожны выбірае сам, як яму спадручней.

Не спрабуйце купіць квіткі ў апошні момант

Квіткі на недарагія і адносна камфортныя цягнікі звычайна бываюць распрададзеныя яшчэ за месяц‑паўтара да старту вандравання. Застаюцца звычайна толькі самыя дарагія, «фірмовыя», саставы, кошт на квіткі ў якіх ужо набліжаецца да кошту авіяпералёту.

Як ні дзіўна, паляцець у Крым часта прасцей і танней,

ды і купіць квіткі ў апошні момант застаецца больш шанцаў.

Не купляйце па дарозе чорную і чырвоную «ікру»

Чым бліжэй цягнік падыходзіць да Крыма, тым часцей на станцыях можна ўбачыць людзей са слоікамі чорнай і чырвонай «ікры» па даволі гуманных цэнах. Прадаўцы, не саромеючыся, распавядаюць, што здабылі ікру браканьерскім спосабам на крымскім узбярэжжы.

Купляць яе катэгарычна не трэба, паколькі ікрой яна ў прынцыпе не з’яўляецца.

Насамрэч вырабляюць гэты прадукт з рэшткаў рыбы, алею, солі і фарбавальнікаў, спосабам, прыдуманым яшчэ ў савецкія часы,

калі нейкі вынаходнік нават прадаваў спецыяльныя бытавыя машынкі для хатняй вытворчасці такой «ікры».

Не мяняйце грошы ў цягніку і на вакзале

Пра тое, што тут курс можа быць вельмі нявыгадны, ведаюць практычна ўсё. Але пры абмене грошай у цягніках асноўная праблема складваецца не ў ім. Нават калі чалавек, які падышоў, прапануе вам добры абменны курс, хутчэй за ўсё,

ён або падсуне вам фальшывыя купюры, або аблічыць і недадасць грошай.

У прынцыпе, у прыватным сектары, у таксі і на рынку можна заплаціць і далярамі, але майце на ўвазе, што курс будзе зусім не на вашу карысць.

Не згаджайцеся на цэны таксістаў

Лавіць таксі прама на вакзале — не самы танны варыянт. Але калі ўжо чамадан настолькі цяжкі, што адысці з ім на пару кварталаў — непасільная задача, збівайце першы прапанаваны вам кошт. Як і ўсюды ў свеце, таксісты, карыстаючыся недасведчанасцю прыезджых пра мясцовыя рэаліі, задзіраюць яго да нябёсаў.

Не давярайце свае чамаданы падлеткам

Вядома ж, цягнуць цяжкі чамадан па не занадта прыстасаваных для гэтага прыступках вакзала не вельмі прыемна. А ўсюдыісных падлеткаў, гатовых за пару грыўняў дапамагчы з цяжкім багажом, вакол уецца звышдастаткова. Але, давяраючы ім свой чамадан, будзьце гатовыя, у выпадку неабходнасці, хутка бегчы, спрабуючы дагнаць уласную маёмасць, якая аддаляецца.

Не разлічвайце, што мора будзе цёплым

Калі паглядзець на рэльеф дна Чорнага мора, то можна высветліць, што яго глыбіня ў раёне расійскага і ўкраінскага ўзбярэжжа ў некалькі разоў большая, чым, напрыклад, у Балгарыі.

А таму вада праграваецца тут павольней і разлічваць менавіта ў чэрвені на камфортнае купанне не даводзіцца.

Акрамя таго, часам цячэнне выносіць да берага зусім ужо ледзяныя масы вады з глыбіні мора, і тэмпература вады становіцца такой, што пачынае зводзіць ногі. Таму, калі вы прыйшлі на пляж у гарачы сонечны дзень, не варта дзівіцца таму, што ўсе ляжаць на пясочку, а ў хвалях ніхто не плёскаецца.

Не думайце, што атрымаецца назапасіцца вітамінамі

Здавалася б, чарэшня і клубніцы павінны каштаваць танней там, дзе яны растуць, паколькі выдаткі на дастаўку ў гэтым выпадку мінімальныя. Фактычна ж, цэннік на садавіну ў Мінску і на любым кірмашы Крыма практычна ідэнтычны. Мабыць, дастаўка да бліжэйшага рынку і да Мінска абыходзіцца прадаўцам прыкладна аднолькава. Праўда, калі прайсціся па мясцовых дварах і пашукаць аб’явы кшталту «прадаю клубніцу, чарэшню», дык, магчыма, атрымаецца купіць ягады крыху танней. І галоўнае, усё будзе свежае і вельмі смачнае.

Не ешце ў незнаёмых кавярнях

Заходзіць у першую кавярню, якая трапілася на шляху, і заказваць там усё, што душы заўгодна, відавочна не варта. Лепш спачатку пагаварыць з больш дасведчанымі таварышамі і ўдакладніць, наколькі частыя ва ўстанове выпадкі атручвання. На жаль, перабоі з вадой на ўзбярэжжы не спрыяюць ідэальным санітарным умовам.

Калі ж есці сапраўды вельмі хочацца, паспрабуйце выбіраць тыя стравы, якія падвяргаюцца тэрмічнай апрацоўцы і не з’яўляюцца хуткапсавальнымі. І яшчэ, пажадана аддаць перавагу аднаразоваму посуду.

Не купляйце мясцовае віно з рук

Папулярнасць і таннасць мясцовага алкаголю, вядома ж, даюць шмат спакусаў нячыстым на руку прадаўцам, ахвотнікам зарабіць на адвыклых ад таннага віна суайчынніках ды і любых іншых турыстах. Аднак Крыму далёка да Еўропы, дзе можна лёгка купіць бутэльку прыстойнага віна за 1,5—2 еўра. Купляючы на чарнаморскім узбярэжжы разліванае і нават бутляванае віно, варта быць асцярожнымі, паколькі шанц нарвацца на алкагольны напой, зафарбаваны цукрам і араматызатарамі, даволі вялікі. Правілы тут усе тыя ж: ідзіце да правераных прадаўцоў і ўважліва прыслухоўвайцеся да свайго арганізма.

***

І тым не менш, нягледзячы на ўсе «падводныя камяні», многія з года ў год выбіраюць для адпачынку менавіта Крым, таму што знайсці іншае месца з такой пышнай прыродай даволі складана. Ды і выкрутлівасць мясцовых жыхароў часам бывае карысная, хоць бы таму, што з імі заўсёды можна дамовіцца. І пра праход «са зніжкай» на моцна платны пляж, і пра купанне на ім у незапланаваны час. Калі ў Еўропе напісана «нельга» і спосабаў абысці забарону няма, то ў Крыме «нельга» за невялікія грошы, а то і за проста добрыя адносіны, лёгка ператвараецца ў «можна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?