Адзін з пэрсанажаў у рамане турэцкай пісьменьніцы Эліф Шафак намякае на генацыд армянаў у Турцыі ў гады Першай сусьветнай вайны. За гэта генэральная пракуратура запатрабавала адправіць аўтарку ў турму.

Турэцкі суд апраўдаў пісьменьніцу Эліф Шафак па абвінавачваньні ў «абразе нацыянальнай годнасьці». Абвінавачваньні да яе былі выстаўленыя ў сувязі з рэплікамі аднаго з герояў ейнага раману «Пазашлюбны сын Стамбулу», у якіх пазоўнікі ўгледзелі алюзію на генацыд армянаў у Асманскай імпэрыі.

Турцыя адмаўляецца прызнаваць масавую расправу над армянамі 1915 году генацыдам. Працэс быў спынены дзеля недастатковасьці доказаў. Эліф Шафак нарадзіла дзіцё ў мінулыя выходныя і таму не прысутнічала на судовым паседжаньні ў чацьвер у Стамбуле.

За рэпліку пэрсанажа

Згадваньне генацыду абражае нацыянальныя пачуцьці турэцкага народу, а гэта ў Турцыі караецца судом. Справа супраць 35-гадовай пісьменьніцы была ўзбуджаная на тых падставах, што і судовы перасьлед пісьменьніка Архана Памука, журналіста армянскага паходжаньня. Хранта Дынк ды шматлікіх іншых прадстаўнікоў турэцкай інтэлігенцыі.

Хаця выпадак Эліф Шафак – асаблівы. Калі яе калегам ставілі ў віну выказаныя імі самімі меркаваньні, то Элфі Шафак судзілі ха тое, што кажуць у ейным рамане фіктыўныя пэрсанажы наконт генацыду армянаў.

Страх перад уласнымі грамадзянамі

Уведзены летась у крымінальны кодэкс Турцыі артыкул 301 прадугледжвае турэмнае зьняволеньне да трох гадоў за «зьнявагу нацыянальных пачуцьцяў турэцкага народу». Артыкул выклікаў рэзкую крытыку ў Эўрапейскім Зьвязе, які вядзе з Анкарой перамовы пра далучэньне Турцыі да ЭЗ.

Перасьлед іншадумства выклікае і ў Турцыі непакой і абурэньне спаміж прыхільнікаў эўрапейскай арыентацыі. «Не падманваймася, артыкул 301 увагнаў Турцыю ў стан дыктатуры, якая церпіць страх перад іншадумствам. Турцыя паўстае як дзяржава, якая баіцца сваіх уласных грамадзянаў», - падкрэсьлівае прадстаўнік спраўных колаў Турцыі Базадзір Калеагасі.

У іншых колах увядзеньне артыкула і яго інтэрпрэтацыю судовымі органамі толькі вітаюць. Правыя нацыяналісты, якія падалі позву супраць Эліф Шафак, любымі сродкамі хочуць не дапусьціць уступленьня Турцыі ў Эўразьвяз. Але без адзінадумства спаміж службітаў юстыцыі нацыяналісты былі б бясьсільныя, нават пры існаваньні артыкула 301.

Супрацоўнік Фонду Турцыя-Эўропа Джан Байдароль тлумачыць: «Разумець і інтэрпрэтаваць артыкул 301 можна па-рознаму, але, на жаль, дагэтуль інтэрпрэтацыя была вельмі бязрадаснай. Прыцягненьне да адказнасьці пісьменьніцы Эліф Шафак за рэпліку выдуманага пэрсанажа ейнага раману – гэта пік тэндэнцыі. Інцыдэнт паказвае, што рэфарматарскі дух у законатворчасьці яшчэ не перакінуўся на сфэру вытлумачэньня законаў».

Пракурор знойдзецца заўсёды

Штораз, калі паўстае пытаньне, ці зьневажае тое ці іншае выказваньне нацыянальныя пачуцьці турэцкага народу, знаходзіцца пракурор, які лічыць, што падставаў для ўсчынаньня судовага расьсьледаваньня дастаткова.

Так было і ў выпадку Эліф Шафак. Першая позва правых нацыяналістаў была адхіленая. Але яны зьвярнуліся ў іншую інстанцыю і дамагліся свайго. Суд адмовіўся нават пераносіць судовае разьбіральніцтва, хаця Эліф Шафак на момант усчынаньня крымінальнае справы супраць яе была на апошнім месяцы цяжарнасьці.

Нямецкі досьвед

Эўрапейскі Зьвяз патрабуе ад Анкары адмяніць 301-ы артыкул. Але нацыяналісты ў Турцыі набіраюць моц, а ўрад за год да парлямэнцкіх выбараў ня хоча рабіць нічога такога, што магло б зьменшыць яго падтрымку электаратам. Пра карэктаваньне спрэчнага артыкулу разважаюць уголас іншыя палітычныя дзеячы, напрыклад, Бурхан Кузу, старшыня ўрадавай канстытуцыйнай камісіі. Ён спасылаецца на нямецкі досьвед: «У крымінальным кодэксе Нямеччыны ёсьць падобны артыкул, прынамсі, па сэнсе. У ім гаворыцца, што пэўныя меркаваньні караюцца, калі яны парушаюць мір у грамадзтве. Мо, і нам варта дадаць такі сказ у артыкул 301, каб абмежаваць кола меркаваньняў, якія караюцца».

Урад Турцыі да гэтага не гатовы. Артыкул 301 ня ёсьць на сёньня прадметам абмеркаваньня, заявілі прадстаўнікі ўладаў на гэтым тыдні.

Турцыя рызыкуе застацца бяз кніг

Толькі аднойчы ў васьмідзесяці судовых працэсах супраць пісьменьнікаў і журналістаў у Турцыі быў вынесены абвінаваўчы прысуд у дачыненьні да журналіста Хранта Дынка. Справа пісьменьніка Архана Памука была закрытая пад ціскам Эўропы. Завершыўся апраўдаўчым прысудам працэс і па справе Эліф Шафак. Але ён быў. Часта дастаткова адно ўсчынаньня крымінальнае справы для таго, каб прымусіць іншадумцаў замаўчаць. Эліф Шафак баіцца, што калі турэцкая юстыцыя і надалей гэтак абмежавана будзе тлумачыць артыкул 301. у Турцыі ўжо ніхто не насьмеліцца пісаць кнігі з-за пагрозы апынуцца за кратамі.

Рэакцыя афіцыйнай Эўропы

Дэпутат Эўрапарлямэнту, нідэрляндзкі палітык Ёаст Лагендайк, які назіраў за працэсам у Стамбуле, ухвальна адгукнуўся на рашэньне суду. Праўда, ён выказаў надзею, што неўзабаве турэцкі ўрад такі адменіць артыкул 301 крымінальнага кодэксу краіны. У гэткім жа рэчышчы выказаўся й прэсавы сакратар камісара Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня ЭЗ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?