Супрацоўнік Чэскага тэлебачаньня ў Маскве Ян Молачак пазбаўлены з акрэдытацыі Міністэрствам замежных спраў Расейскай Фэдэрацыі, у адказ на адмову ў акрэдытацыі карэспандэнта расейскага агенцтва Леаніда Сьвірыдава.
У сёньняшнім нумары газэты «DNES» чэскі журналіст называецца ахвярай «вялікай шпіёнскай гульні». Добра інфармаваны чэскі дыплямат заявіў газэце, што Леанід Сьвірыдаў «быў чэскімі службамі выведкі выкрыты як агент, які працаваў у Чэхіі пад дахам журналіста».
У пачатку 90-ых гадоў Леанід Сьвірыдаў працаваў карэспандэнтам менскага бюро Усерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Россия» . З 2001 году ён працаваў у Празе карэспандэнтам агенцтва «РИА-Новости», з 2003 году працуе ў Варшаве.
Як піша газэта «DNES» са спасылкай на чэскага дыплямата, Ян Молачак мог бы застацца ў Маскве, але пры ўмове, што Прага «адкліча выдварэньне» Леаніла Сьвірыдава.