21.09.2006 / 20:28

Мы нарадзілі тут! 10

Прэзэнтаваныя сайты nastaunik.info і dzietki.org. А таксама беларускамоўныя друкаваныя дапаможнікі забаўляльнага і краязнаўчага характару.

21 верасьня былі прэзэнтаваныя інтэрнэт-сайты nastaunik.info і dzietki.org, а таксама друкаваныя беларускамоўныя дапаможнікі, адрасаваныя пэдагогам і бацькам. Да іх стварэньня спрычыніўся шэраг грамадзкіх арганізацыяў адукацыйнага кірунку, сярод якiх «Цэнтар Супольнасьць», «Таварыства беларускай школы», «Таварыства беларускай мовы», «Новая касталiя», «Зваротная сувязь», «Чазенiя» ды iнш.

Па словах стваральнікаў сайту nastaunik.info – гэты праект для тых, хто хоча зрабіць беларускую школу сучаснай, прэстыжнай і канкурэнтназдольнай. Партал мае наступныя разьдзелы: мэтадычны дапаможнік, грамадзянская адукацыя, пэдагагічная адукацыя, нацыянальная адукацыя і выхаваньне, бацькі і дзеці, адукацыйныя ініцыятывы.

Сайт паўстаў на базе праграмы мэтадычнай і грамадзянскай адукацыі «Настаўнік. Школа. Грамадзтва», што дзейнічае ад 1999 г. і зьмяшчае

матэрыялы ўдзельнікаў праграмы – беларускіх навукоўцаў і пэдагогаў. За 6 год існаваньня ўдзельнікамі праграмы сталі каля 2000 настаўнікаў. За час кароткага існаваньня сайту яго наведала амаль тая ж колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту. Па словах каардынатаркі сайту Алены Кулаевай вялікую дапамогу аказалі валантэры, што рабілі пераклады тэкстаў з замежных моваў, стварылі прывабны і вельмі зручны дызайн сайту.

Сайт мае падпіску на рассылку адукацыйных навінаў.

Лёзунг парталу dzietki.org – «Расьцём беларусамі!» Яго прэзэнтавала Крысьціна Вітушка. Па яе словах стварэньне сайту ня ёсьць сыходам беларускамоўных бацькоў у віртуальную прастору. Наадварот, гэта спосаб камунікацыі між сабой, наладжваньня новых сувязяў і абмен карыснай інфармацыяй, новая магчымасьць пераадоленьня сацыяльнай ізаляванасьці цяжарнай, кормячай, ці шматдзетнацй маці. На сайце можна знайсьці арыгінальныя і адаптаваныя артыкулы пра ўсе пытаньні ад цяжарнасьці да школы, гульні ды забаўкі, даведкавую інфармацыю пра ўстановы адукацыі, кансультацыі адмыслоўцаў – мэдыкаў, праўнікаў, мовазнаўцаў ды інш. Ёсьць тут і форум, на якім адкрыта і па-беларуску абмяркоўваюцца як дзіцячыя, так і дарослыя тэмы (напрыклад, сэкс падчас цяжарнасьці). Адметнасьцю сайту ёсьць яго беларускасьць, сучаснасьць і рэальнасьць. «Гэта значыць, што мы не разважаем, ад няма чаго рабіць, пра даўно мінулыя падзеі – а проста й нязмушана ствараем уласнае жыцьцё. Пачуваемся гаспадарамі на сваёй зямлі: мы нарадзілі тут! І калі гэты сьвет не такі дасканалы, як мы хочам – будзем зьмяняць яго» – тлумачаць саму ідэю стварэньня парталу dzietki.org. Партал, ня гледзячы на адсутнасьць рэклямы, досыць папулярны – штодзень на ім рэгіструецца 2500 наведнікаў.

На сайце ёсьць свая фотагалерэя, да стварэньня якой прыклалі руку менскія фотамайстры. Мадэратар сайту Аліна Стэфановіч паабяцала ў панядзелак сюрпрыз на сайце –прэзэнтацыю беларускамоўнай кампутарнай анімацыі.

Друкаваныя выданьні на прэзэнтацыі былі прадстаўленыя дапаможнікам «Скарбонка гульняў» ды сэрыяй мэтадычных дапаможнікаў на краязнаўчую тэматыку. «Скарбонка гульняў» – гэта кніга, адрасаваная настаўнікам, сацыяльным і пазашкольным пэдагогам, трэнерам, якія працуюць у галіне нефармальнай адукацыі, бацькам ды ўсім тым, хто любіць забавы. Гэта другое дапоўненае выданьне, якое распаўсюджваецца бясплатна. Застаецца толькі шкадаваць, што выдадзена гэтая безумоўна карысная кніга самвыдатаўскім накладакм. Сытуацыю выратуе хіба тое, што спампаваць электронны варыянт кнігі можна на сайце nastaunik.info.

Алесь Лозка, старшыня ГА «Таварыства беларускай школы», прэзэнтаваў мэтадычныя дапаможнікі на краязнаўчую тэматыку зь цяжкавымаўляльнымі назвамі – «Заслаўезнаўства», «Лельчышчыназнаўства»ды інш. Выдаўцы гэтых дапаможнікаў маюць на мэце спрыяць працэсам станаўленьня нацыянальнай адукацыі, дэмакратызацыі навучальнага працэсу, далучэньня нашай краіны да агульнаэўрапэйскай адукацыйнай і культурнай прасторы.

Сямён Печанко

0
pan Brudas / Адказаць
21.09.2006 / 21:29
Дзякуй Богу, хоць нехта працуе на вынік! Малайцы! Абавязкова буду наведваць нашы сайты.
0
Філюк галіна / Адказаць
22.09.2006 / 00:17
Так трымаць! Усе беларускае и зауседы и цяпер и было и есць лепшае! У канцы 19 стагоддзя у час перапісу нссельніцтва у Расіі Пауночна - заходні край (беларускія землі) нават ужо знаходзячыся 100 гадоу у складзе імпэрыі вельмі значна адрозніваліся у лепшы бок ад уласна рускіх губерніяу. Працягласць жыцця тады у беларусау была у сярэднім на 20 гадоу большай, вышэй узровень адукацыі, большай колькасць дзяцей у семьях, лепшым дабрабыт і г.д. І пазней і за савецкім часам у Беларусі зауседы было лепш Таму і мова і культура нашы лепшыя. І за іх вяртанне ва усе сферы жыцця нам трэба змагацца штодня усім разам.
0
Ягор / Адказаць
22.09.2006 / 01:24
Добрыя сайты. дзетак у мяне пакуль няма але ж напэўна будуць =). Малайцы.
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру