Хочацца пагадзіцца і не пагадзіцца з нядаўнім артыкулам Сяргея Богдана пра прыватызацыю ў Беларусі, а галоўнае — адрэагаваць на апісаныя ў ім факты, да чаго заклікае сам аўтар.

У фінансавым планаванні ёсць такі панятак, як sunk costs (даслоўна, «патанулыя кошты») — рэлевантныя для будучыні затраты, якія ці ўжо здзейсненыя, альбо пра якія дакладна вядома, што яны будуць. Можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што такім «патанулым коштам» кіравання А. Лукашэнкі для Беларусі ёсць

неэфектыўная прыватызацыя многіх ключавых прадпрыемстваў нацыянальнай эканомікі. Гэта ўжо тая відавочная страта, якую Беларусь панясе па выніках кіравання сённяшняга рэжыма.
Які супраціў можа працэсу продажы беларускае грамадства? Бадай што ніякага. Грамадства сцярпела куды больш відавочныя дзеянні ўладаў, страту базавых дэмакратычных свабодаў, страту нацыянальнай сімволікі і дзяржаўнай беларускай мовы, усё больш відавочнае адставанне ў сацыяльна-эканамічным развіцці ад суседзяў. Тое, што перад дэмакратычнымі пераўтварэннямі прадпрыемствы кшталту Беларуськалія ў выніку непразрыстага і несумленнага продажу апынуцца ў руках неідэальных прыватных уласнікаў варта было б успрымаць як здзейснены факт. Улічваючы прыярытэты апазіцыі і, галоўнае, яе сілу — нам, на жаль, застаецца толькі сядзець і моўчкі назіраць за гэтым і планаваць будучыню з улікам гэтага, ацэньваючы плюсы і мінусы гэтага становішча.

Калі мы хочам, каб Беларуськалі, Белшына, беларуская нафтаперапрацоўка былі і надалей канкурэнтаздольнымі на міжнародным узроўне, яны ўсё роўна павінны быць па максімуме прыватызаваныя.

Дзяржава не здольная эфектыўна кіраваць рынкавымі прадпрыемствамі — гэта факт, які вядомы і студэнтам першага курса эканамічнага ўніверсітэта.
Да чаго вядзе перапляценне чынавецтва і топ-мэнэджмента ў краіне з недаразвітымі дэмакратычнымі інстытутамі яскрава відно па расійскіх «Газпроме», «Роснефті», банку «ВТБ» — верхавіну айсберга зірніце хаця б у ЖЖ вядомага змагара з дзяржкарпарацыямі Аляксея Навальнага.

Іншая рэч, што ў ідэале:

1) Прыватызацыя павінна быць крыштальна празрыстай: прадаваць трэба па частках на адкрытым аўкцыёне ці, яшчэ лепей, шырокаму колу інвестараў праз біржу (чаму па правілах любое біржы мусіць папярэнднічаць адпавядальнасць кампаніі шэрагу крытэраў што да празрыстасці і карпаратыўнага кіравання);

2) Продаж павінен адбывацца за максімальна вялікую цану і/альбо мець у якасці формы аплаты абавязальніцтвы па інвеставанню ў кампанію;

3) Грошы ад продажу павінны быць сумленна выкарыстаныя на развіццё эканомікі, а не апасці ў кішэнях чыноўнікаў ці пайсці на папулісцкія мерапрыемствы напярэдадні чыёйсьці перадвыбарчай кампаніі.

Нічога з пералічанага ў Беларусі не будзе, трэба з гэтым жыць. Можна сабе ўявіць, што беларуская кіраўнічая эліта здольная разняволіць умовы для новага прыватнага прадпрымальніцтва (што нібыта адбываецца) і нават дапусціць адносную свабоду слова ці адносна дэмакратычныя выбары, але з крыніцай грошай гэтыя людзі «за так» расстануцца ў самую апошнюю чаргу.

Выкажу крамольную думку:

прыватны ўласнік з шэрагаў былой наменклатуры ці прыбліжаны да яе быў бы лепш, чым ніякага прыватнага ўласніка.
Расійская прыватызацыя была праведзеная вельмі дрэнна, але пераглядаць яе вынікі было б яшчэ большаю памылкай, якая б прынесла вялізныя страты эканоміцы. Чым адкатваць нібы несправядлівую прыватызацыю назад і пачынаць усё з пачатку,
куды працей расціць з «алігархаў» якасных уласнікаў, ствараць адэкватнае эканамічнае законадаўства, перадухіляць карупцыю і прымушаць прадпрымальнікаў, незалежна ад памеру і ўплывовасці, дзейнічаць у адпаведнасці з законамі — што, відавочна, рабіць давядзецца ў любым выпадку.
У Расіі найяскравым прыкладам таго, як «алігарх» пераўтварыўся ў эфектыўнага ўласніка, быў «ЮКОС», які перад сваёй гвалтоўнай ліквідацыяй быў адным з сусветных (!) лідараў што да эфектыўнасці і якасці кіравання. Палітычна матываваная ліквідацыя «ЮКОСа» была вялікім ударам па расійскай эканоміцы — куды большым, чым непразрыстае стварэнне першаснага капітала людзьмі кшталту Хадаркоўскага ва ўмовах безуладдзя 1990-х.
Сярод цэнтральных праблемаў беларускай эканомікі — менавіта адсутнасць больш-менш шырокага класа нацыянальных прадпрымальнікаў.
Згубленасць апошніх пятнаццаці гадоў для беларускай эканомікі ў самую першую чаргу выражаецца ў тым, што таленавітыя і ініцыятыўныя людзі, якія маглі б пераўтварыцца ў буйны беларускі бізнэс, былі збольшага выціснутыя з краіны і цяпер плоцяць заробкі і падаткі ў Расіі, Польшчы і Чэхіі альбо ўвогуле сядзяць па турмах.

Гэта азначае, што беларускага пакупніка на згаданыя актывы, проста няма, хаця грошы ад іх продажу патрэбныя беларускай дзяржаве на чарговае пераабранне прэзідэнта ў 2011 г., а, на жаль, не на ліквідацыю дзяржаўнай пазыкі пазней. А значыць ёсць важкія падставы меркаваць, што

Беларуськалі і нафтаперапрацоўка рыхтуюцца да продажу расійскаму бізнэсу, які адзіны гатовы прымаць звязаныя з гэтым рызыкі.
Продаж «Трайплу» ці схема абмена палітычнай улады на эканамічную — пакуль што гэтыя рэчы для рэжыма, здаецца, не актуальныя.

Выглядае, што атрыманне кантролю над ключавымі прадпремствамі за мінімальную цану — гэта тое, што расійцы хацелі б выціснуць з Лукашэнкі перад тым, як перайсці да больш актыўнай фазы па адхіленні яго ад улады. Паміж імі і беларускімі прадпрыемствамі стаіць, на жаль, толькі дыпламатычны талент беларускага прэзідэнта.

Пры гэтым у продажы прадпрыемстваў расійцам таксама не было б чагось дрэннага, калі б Расія не была недэмакратычнай краінай з постімперскім сіндромам, а расійскі алігархічны бізнэс не быў правадніком геапалітычных інтарэсаў Крамля. Хаця з эканамічнага пункту гледжання трагедыяй і гэта не будзе — прадпрыемствы застануцца ў Беларусі, будуць плаціць тут падаткі дзяржаве, заробкі рабочым і грошы пастаўшчыкам, пры гэтым атрымаўшы капіталаўкладанні і развіццё.

З эканамічнага пункту гледжання прыватны ўласнік з Расіі — таксама лепш, чым ніякага прыватнага ўласніка. З палітычнага пункту гледжання гэта можа быць і інакш.

Гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі прывялі да адставання Беларусі ад яе суседзяў у тэхналагічным, інстытуцыянальным і светапоглядным планах. Мы згубілі паўтара дзесяцігоддзя рынкавых рэформаў, еўрапейскай інтэграцыі, нацыянальнага адраджэння, пабудовы дэмакратычнай дзяржавы і здаровай грамадзянскай супольнасці. Але гэты перыяд беларускай гісторыі яшчэ не скончыўся, і таму яшчэ вельмі рана акрэсліваць яго выніковы кошт для краіны. Незразумела, што яшчэ давядзецца згубіць, але відавочна, што шанец на эфектыўную і празрыстую прыватызацыю мы ўжо страцілі.

// Блог Алеся Чайчыца

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?