Запрашаем усіх ахвотных у суботу 26 чэрвеня ўзяць удзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі фальварка Жлобаўцы, дзе ў 1910 годзе нарадзілася паэтка Ларыса Геніюш.

Менавіта адсюль у 1937 годзе Пані Ларыса пераехала разам з мужам Янкам Геніюшам у Прагу. Праз некалькі год хата была перавезена сваякамі ў Ваўкавыск, і сёння ад былога фальварка засталіся толькі падмуркі. Нагадаем, што ў жніўні Беларусь будзе адзначаць 100‑годдзе з дня нараджэння Ларысы Геніюш.

Паэтка часта наведвала родныя Жлобаўцы: «Благаславенны родны дом, гдзе бацькі і ўся дарагая сям’я. Благаславенны маленькі кусочак роднай, бацькавай зямлі на вялізнай планеце, які называўся Жлобаўцы. Называўся, бо сяньня яго няма, таго нашага фальварачка, і нават яго назовы. Там калгас з нейкай ультрасавецкай назовай, дом перавезены ў Ваўкавыск, разам з гумном, а там, гдзе была наша сяліба, стаіць толькі даўгі мураваны хлеў і некалькі дрэў, якіх яшчэ не пасьпелі выкарчаваць на апал сяляне. Калі бываю там, дык прашу: «Пакіньце яшчэ хоць гэтыя дрэвы…», — узгадвала яна гэтыя мясціны ў сваёй «Споведзі».

Працу пачынаем у суботу 26 чэрвеня ад 10‑й гадзіны.

Прыязджайце, бярыце з сабой сяброў, знаёмых, дзяцей, будзем радыя вітаць усіх. Прылады працы, рыштунак і пачастунак забяспечваем. Калі хто мае свае, то таксама бярыце.

Як даехаць: траса Гародня — Менск, у Скідзелі павярнуць на Ваўкавыск (калі ехаць з Ваўкавыска то, натуральна, у бок Скідзеля), далей паварот на вёску Рэпля, прыблізна праз 2 кіламетры па левым баку дарогі ўбачыце будынкі фермы. На жаль сёння гэта арыентыр месца, дзе колісь быў фальварак Міклашэвічаў, дзе нарадзілася Пані Ларыса.

Тэлефон для кантактаў (+375) 296 60 72 99

Мапа даезду

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?