Еўропа павінная быць гатовай да таго факту, што Лукашэнка будзе пераможаны. Піша Павал Дэмеш, дырэктар аддзялення Цэнтральнай і Усходняй Еўропы German Marshall Fund (ЗША).

З прычыны працягу сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека рэжымам Лукашэнкі ў красавіку 2010 году Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы вырашыла спыніць кантакты высокага ўзроўню з уладамі Беларусі. Гэтае рашэнне ўмацавала разуменне таго, што

палітыка ЕС па ўцягванні Лукашэнкі правалілася і не прывяла да лібералізацыі яго аўтакратычнага рэжыму ці да рэальнага супрацоўніцтва з супольнасцю дэмакратый.

Гэтая палітыка была запушчаная амаль два гады таму — у 2008, калі лідэры Еўрапейскага Саюза ў адказ на вызваленне палітычных зняволеных, прызнаных міжнароднай супольнасцю, знялі раней накладзеныя санкцыі з ключавых фігур Мінска. Лідэры краін — чальцоў ЕС сумесна з новым, постлісабонскім кіраўніцтвам перагледзяць сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі ўвосень 2010, але большасць назіральнікаў сумняюцца, што будзе адноўленая палітыка строгага выканання ўмоваў у абмен на сустрэчныя крокі ў дачыненні да беларускага рэжыму.

У выніку Лукашэнка працягне блефаваць і стрыгчы купоны, карыстаючыся адсутнасцю зладжанай, эфектыўнай палітыкі ЕС. Тым часам 10 мільёнаў чалавек, якія жывуць у гэтай постсавецкай краіне, будуць несці цяжар апошняй дыктатуры Еўропы і страчваць веру ў салідарнасць і падтрымку сям’і заходніх дэмакратый.

Устойлівасць ўлады Аляксандра Лукашэнкі

Канец ўлады 55-гадовага беларускага лідэра неаднаразова прадказвалі на працягу ўсяго тэрміну яго 16-гадовага кіравання. Нягледзячы на моцную ўнутраную апазіцыю, санкцыі Захаду і ціск з боку былога апекуна і спонсара — Расіі, Лукашэнка ўсё яшчэ здольны кантраляваць свой эксцэнтрычны рэжым, пабудаваны вакол яго персоны.

Каб кіраваць, яму не патрэбная палітычная партыя; замест гэтага ён наняў паліцыю, урад і «парламент», якія з’яўляюцца толькі прыладамі ў яго руках. Спытайце сярэдняга беларуса, хто з’яўляецца прэм’ер-міністрам краіны або спікерам «парламента», і ў адказ вы хутчэй за ўсё атрымаеце здзіўлены погляд.

Абуральныя змены заканадаўства дазваляюць Лукашэнку заставацца на вяршыні ўладнай структуры цягам неакрэслена доўгага тэрміну і кіраваць сацыяльным, эканамічным і палітычным жыццём краіны з дапамогай гіганцкай ідэалагічнай машыны і заснаванай на страху сістэмы кантролю.

Любыя спробы кінуць выклік яго сістэме бязлітасна спыняюцца: апанентаў выганяюць з працы, збіваюць, саджаюць у турмы, руйнуюць іх рэпутацыю, а некаторыя «знікаюць», як гэта было дзесяць гадоў таму.

Гэты самаўпэўнены «праваслаўны атэіст» не баіцца парушаць нават традыцыйныя маральныя правілы,

прызначыўшы дваіх сваіх дарослых сыноў на важныя пасады і дазваляючы шасцігадоваму незаконнаму сыну (дзіцяці, маці якога старанна хаваюць ад публікі), суправаджаць яго пры выкананні дзяржаўных функцый, уключаючы ваенныя парады, дзе ён апрануты ў ваенную форму, як і яго горды бацька, і падчас міжнародных афіцыйных візітаў (уключаючы сустрэчу з Папам Рымскім у мінулым годзе ў Ватыкане).
Адна з самых неверагодныя рысаў рэжыму Лукашэнкі — гэта выбары, што праводзяцца ў краіне,
няважна — мясцовыя, парламенцкія ці прэзідэнцкія. Выбары хаця і праводзяцца, але знаходзяцца пад поўным кантролем і кіраўніцтвам прэзідэнта, які стварыў міф і дзяржаўную ідэалогію, паводле якіх толькі ён здольны гарантаваць стабільнасць, парадак, незалежнасць і дабрабыт беларусаў.

Яму проста напляваць на міжнародныя стандарты ў галіне выбараў і на крытыку міжнародных органаў. Мудрагелістая, практычна рытуалізаваная выбарчая сістэма, якая характарызуецца шырокамаштабнымі маніпуляцыямі і махлярствам, дасягнула таго пункту, што застаецца толькі здзіўляцца, чаму яго ўвогуле турбуюць выбары, хай нават і прэзідэнцкія.

Яны падобныя да шарадаў, але трымаюць дзяржаўную машыну Лукашэнкі ў пастаянным напружанні, дазваляюць яму захоўваць кантроль і абараняць выбраныя органы ад крытыкі. І з прычыны, што народ чуў аб выбарах у суседніх краінах, Лукашэнка, магчыма, адчувае неабходнасць залагодзіць народ, імітуючы свабодныя выбары.

Мясцовыя выбары, праведзеныя ў красавіку 2010, былі фарсам, які яшчэ раз пацвердзіў беззаконне ў Беларусі. Блізкія прэзідэнцкія выбары, якія павінныя адбыцца ў канцы гэтага года ці ў пачатку 2011 (у залежнасці ад настрою Лукашэнкі), ужо дэманструюць вядомыя рысы — запалохванне і арышты журналістаў і лідэраў грамадзянскай супольнасці, жорсткія разгоны мірных дэманстрацый, судовы пераслед і г.д. Кожны кандыдат, які вырашае кінуць выклік «бацьку нацыі» ў яго гульні ў пераабранне, павінен быць гатовы заплаціць сур’ёзную цану — запалохванне, фізічны напад і нават турэмнае зняволенне.

На дадзены момант каля дзесяці беларусаў абвясцілі, што будуць кандыдатамі ў небяспечнай выбарнай рулетцы, у той час як Лукашэнка гатовы «служыць народу» на працягу пятага тэрміну і песціць сына Колю да таго дня, калі той зможа стаць яго пераемнікам.

Складаная гульня Лукашэнкі на міжнароднай арэне

Цяжка не прызнаць, што Лукашэнка — майстар маніпуляцыяў не толькі ўнутры краіны, але і на міжнароднай арэне. Нядзіва, што асноўнай мэтай яго міжнароднай палітыкі з’яўляецца падтрымка і падаўжэнне яго ўлады над краінай.

Логіка беларускай замежнай палітыкі простая: тыя, хто дапамагаюць Лукашэнку заставацца ля ўлады, атрымліваюць ад гэтага прыбытак; тыя, хто не дапамагае, ігнаруюцца або плацяць за гэта, няважна, беларусы яны або замежнікі.

Лукашэнка памяняў свае погляды і з жорсткага крытыка распаду Савецкага Саюза і прапагандыста канцэпцыі аб’яднання з Расіяй ператварыўся ў рашучага змагара за беларускую незалежнасць, асабліва ад таго часу, калі зразумеў, што «вялікі брат» можа і не гарантаваць яго доўгачасовую будучыню.

Хоць Беларусь была адзінай краінай, выключанай з Рады Еўропы (у 1997) праз яе аўтарытарную палітычную сістэму, у эканамічных і сацыяльных адносінах яна была больш развітая, чым іншыя постсавецкія краіны, што дазваляла Лукашэнку захоўваць папулярнасць сярод досыць вялікай часткі насельніцтва (хоць насамрэч немагчыма вызначыць, якой была падтрымка).

Да гонару Лукашэнкі, ён выдатна зразумеў, як прыстасавацца да сённяшняга шматпалярнага свету. Парадаксальна, але ён змог выкарыстаць цяперашнія геапалітычныя зрухі, уключаючы сусветны эканамічны крызіс, на сваю карысць, падкрэсліваючы стабільнасць і бяспеку ў Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі. Ён убачыў, што раней самаўпэўнены і магутны Захад сёння заняты многімі праблемамі, і справядліва заключыў, што дэмакратызацыя на ўсходзе Еўрапейскага кантынента сёння далёка не такі значны пункт парадку дня, як раней.

З пэўнай доляй справядлівасці ён заяўляе, што дэмакратычныя прарывы ў некаторых краінах постсавецкай прасторы не прывялі да росквіту ці большай яснасці ў перспектывах далучэння да еўрапейскіх структураў. Ён таксама бачыць, што зноў напорыстая Расія змянілася, сутыкнулася са сваімі ўласнымі праблемамі і больш не з’яўляецца такой «шчырай і братэрскай», як раней.

Як буйны феадал, здольны аднаасобна прапаноўваць выгадныя пагадненні, Лукашэнка па-майстэрску балансуе паміж дзвюма інтэграцыйнымі прасторамі — ЕС і праектам уз’яднання постсавецкай прасторы. У той жа час, ён практычна замарозіў дыпламатычныя і многія іншыя сувязі са Злучанымі Штатамі, якія, у адрозненне ад ЕС, захавалі большасць сваіх санкцый. (Фактычна, адміністрацыя Абамы 8 чэрвеня абвясціла аб падаўжэнні санкцый, уведзеных у 2006 годзе). Каб прадэманстраваць сваю незалежнасць і самаўпэўненасць, а таксама кампенсаваць некаторыя страты на еўрапейскім і расійскім рынках, у апошнія гады Лукашэнка пачаў усталёўваць кантакты з далёкімі, але блізкімі па духу аўтарытарнымі рэжымамі, асабліва з тымі, якія багатыя энергарэсурсамі. У пачатку гэтага спісу — Венесуэла і Іран. Ён таксама гатовы даследаваць магчымае эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі Блізкага Усходу і Кітаем. Нават калі гэтыя краіны далёкія геаграфічна і культурна, беларускаму кіраўніку падабаецца тое, што яны ніколі не звязваюць супрацоўніцтва з пытаньнямі правоў чалавека ці агульную гісторыю — з гандлёвымі пагадненнямі.

Беларусь як выклік Еўрапейскаму саюзу

Няма ніякага сумнення, што Беларусь з’яўляецца асаблівым выклікам для тых, хто вызначае палітыку ЕС, як на еўрапейскім, так і на нацыянальным узроўнях. Нават пры ўсім багатым досведзе Еўрапейскага саюза па дэмакратызацыі і інтэграцыі посткамуністычных нацый у ЕС, Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з’яўляецца унікальным выпадкам, які праяўляе доўгачасовы супраціў умовам Захаду і яго палітыцы бізуна і перніка.

Надзея на паляпшэнне ў пошуку больш эфектыўнай палітыкі дэмакратызацыі адносна Беларусі, у прыватнасці, у наданні большай ўвагі думцы новых краін — чальцоў ЕС, не спраўдзілася. Машына Лукашэнкі таксама змагла нейтралізаваць вонкавы ўплыў дэмакратычнага развіцця трох суседніх краін — Польшчы, Літвы і Латвіі — а таксама Украіны, з якой Беларусь мае агульную гісторыю і цесныя сувязі.

Доўгая стагнацыя прывяла творцаў еўрапейскай палітыкі да спрэчнага рашэння двухгадовай даўніны пачаць дыялог з «апошнім дыктатарам Еўропы» ў надзеі на тое, што неабаронены ад ціску Расіі і эканамічнага крызісу Лукашэнка вымушаны будзе даць старт працэсу лібералізацыі і адкрыць Беларусь для больш шчыльнага эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва з Захадам. У той жа час ЕС зведаў глыбокія змены ў сувязі з ратыфікацыяй Лісабонскай дамовы і ўнутраных фінансавых пертурбацыяў. Новы кіраўнік еўрапейскай міжнароднай палітыкі спрабуе кансалідаваць замежную палітыку і адкрыць для Еўропы магчымасць дзейнічаць у глабалізаваным свеце і, у прыватнасці, у сваім найбліжэйшым суседстве. У верасні-кастрычніку 2010 лідэры ЕС разгледзяць, які прагрэс быў зроблены Беларуссю, і вырашаць, якія крокі рабіць у дачыненні да гэтага своеасаблівага ўдзельніка праграмы «Усходняе Партнёрства», у той час як у перадвыбарчы перыяд рэпрэсіі будуць узмацняцца.

Распаўсюджаныя аргументы скептыкаў, якія адмаўляюць магчымую змену «лукашызму», наступныя:

1) Становішча Беларусі ў еўрапейскай структуры. У думках тых, хто выступае за працяг цяперашняй палітыкі, гэта маладая постсавецкая дзяржава сярэдняга памеру, якая хай і кіруецца жалезным кулаком і пакутуе ад істотнай міжнароднай ізаляцыі, дэманструе адносныя росквіт і стабільнасць і не ўяўляе асаблівых пагроз для ЕС або рэгіёну. Беларусь важная для ЕС як транзітны маршрут для расійскіх энэрганосьбітаў, а таксама праз дзяржаўныя кампаній, якія могуць быць у той ці іншай форме прыватызаваныя з прычыны неплацежаздольнасці беларускай цэнтралізаванай эканамічнай мадэлі. Калі параўнаць ступень інтэграцыі Беларусі з Захадам і са структурамі, у якіх дамінуе Расія праз дваццаць гадоў пасля падзення Берлінскай сцяны і наступнага распаду Савецкага Саюза, то карціна будзе дастаткова ясная: Беларусь мае вельмі мала сувязяў з еўрапейскімі і трансатлантычнымі інстытутамі, але з’яўляецца сябрам Садружнасці незалежных дзяржаваў, Арганізацыі Дамовы калектыўнай бяспекі і ЕўрАзЭС, у якіх дамінуе Расія, а таксама становіцца часткай стваранай зоны свабоднага гандлю. Расія, безумоўна, мае больш магчымасцяў і жадання ўплываць на будучыню Беларусі, чым Захад, як у найбліжэйшай, так і ў аддаленай будучыні.

2) Трансатлантычныя рознагалоссі і недахоп адзінства ў палітыцы. На працягу многіх гадоў ЕС і ЗША мелі адзіную пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму — санкцыі і ізаляцыя, выкліканыя парушэннем правоў чалавека і недахопам палітычных свабодаў. Тым не менш, у апошнія два гады гэтая трансатлантычная згода была разбураная. Хаця санкцыі і нізкі ўзровень дыпламатычных кантактаў захоўваецца пасля змены амерыканскай адміністрацыі, палітыка перазагрузкі Злучаных Штатаў у адносінах з Расіяй мяркуе вельмі асцярожныя дзеянні ў яе найбліжэйшым асяроддзі. Тыя, хто выступае за дэмакратыю і правы чалавека і кажуць пра неабходнасць звяртаць больш увагі на гэтую ізаляваную ўсходнееўрапейскую краіну, адчуваюць цяжкасці ў перакананні ў гэтым новага кіраўніцтва ЗША.

З аднаго боку, ЕЗС знізіў свае стандарты, калі адмовіўся ад палітыкі санкцыяў і пачаў больш інтэнсіўны дыялог з Лукашэнкам на палітычным і эканамічным узроўнях, заяўляючы, што ізаляцыя аўтарытарнага рэжыму не прывяла да дэмакратычных зменаў, і нават стварае рызыку страты Беларуссю суверэнітэту. Адпаведна, ЕС падагнаў сваю палітыку да сітуацыі ў Беларусі і не бачыць перспектываў для зменаў гэтай палітыкі ў найбліжэйшай будучыні. Рэалісты ў калідорах Брусэля сцвярджаюць, што вяртанне да палітыкі ізаляцыі менш верагоднае, чым далейшае ўцягванне, нягледзячы на сённяшні ўзровень рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. У святле рашэння ЗША працягнуць санкцыі пазіцыя ЕС істотна зніжае верагоднасць адзінага трансатлантычнага падыходу да дэмакратычных рэформаў у Беларусі.

Рызыкі і надзеі

Здаецца, што прагматызм і realpolitik на дадзены момант перамагаюць каштоўнасны падыход у палітыцы ЕС у дачыненні да Беларусі, у той час як сілавая гульня Лукашэнкі працягвае падрываць самапавагу Еўрасаюза. Ён дасведчаны ў бюракратычнай прыродзе і ўнутраных праблемах ЕС і не асабліва быў напалоханы постлісабонскімі заявамі аб тым, што ЕС стане «больш дзеяздольным, больш адзіным і ператворыцца ў сусветнага стратэгічнага гульца». Нягледзячы на змены ў палітыцы на яго карысць і на поціск рукі з еўрапейскімі дзеячамі высокага ўзроўню, Лукашэнка адкрыта крытыкуе ЕС, уключаючы праграму «Усходняе партнёрства», за тое, што не робіцца яшчэ больш; у той жа час, ён ігнаруе дыпламатычныя пасланні адносна яго паводзінаў і новай хвалі рэпрэсіяў супраць СМІ і групаў грамадзянскай супольнасці.

Калі ЕС, найбуйнейшы ў свеце саюз, сур’ёзна верыць у свае прынцыпы і ў сваю палітычную і эканамічную вагу, ён павінен спыніць гэтую асіметрычную гульню пад кантролем аднаго чалавека. Ён павінен зрабіць гэта ў цесным супрацоўніцтве са Злучанымі Штатамі. Ён павінен спыніць заявы аб тым, што ў ЕС няма іншай альтэрнатывы, акрамя як дазволіць Лукашэнку катацца на еўрапейскіх лыжных курортах, забяспечваць яго легітымнасьць перад запалоханым народам і прадстаўляць яму фінансавую і іншую падтрымку для падаўжэння яго аўтарытарнага рэжыму. Калі гэтай восенню лідэры ЕС змірацца з усё большай жорсткасцю Лукашэнкі ў абмен на магчымасць рабіць бізнэс, гэта стане нечым большым, чым маральная пагроза. Калі лідэры ЕС змогуць сканцэнтравацца на эфектыўным выкарыстанні сваёй сілы замест таго, каб дэманстраваць уласную слабасць, з’явіцца выдатная магчымасць для найбуйнейшага саюза ў свеце адрэгуляваць сваю палітыку і выкарыстаць больш эфектыўныя падыходы да свайго невялікага еўрапейскага суседа.

Перыяд, папярэдні прэзідэнцкім выбарам у Беларусі, у спалучэнні з пераацэнкай палітыкі уцягвання ЕС адкрывае шматлікія магчымасці і прапануе інструменты для таго, каб усталяваць строгую залежнасць умоваў і іх выканання ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Ці выкарыстае ЕС гэтую магчымасць?

Мы мусім нагадаць сабе, што дапамагло спыніць падобных аўтарытарных кіраўнікоў у апошнія два дзесяцігоддзі, уключаючы нібыта усёмагутнага Слабадана Мілошавіча, дзесяцігоддзе паразы якога будуць святкаваць гэтай восенню.
Ва ўсіх выпадках мужныя людзі, якіх дастала бясконцая хлусня і фальсіфікацыі, атрымлівалі дыпламатычную, палітычную, маральную, матэрыяльную і фінансавую падтрымку, каб пазбавіцца ад сваіх несумленных кіраўнікоў. Ва ўсіх дэмакратычных прарывах у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе за апошнія 20 гадоў паразы аўтакратаў былі нечаканасцю для Захаду. Мы мусім быць гатовыя да таго факту, што Лукашэнка таксама будзе пераможаны. Беларусь і беларусы мяняюцца. Беларусь ужо 20 гадоў з’яўляецца незалежнай краінай. Яе незалежнасць усё больш відавочная, і цяпер беларусы задаюць сабе пытанне аб тым, у якой Беларусі яны хочуць жыць. Лукашэнку будзе ўсё цяжэй утрымліваць народ спакойным і прымусіць змірыцца з тым фактам, што ён імі кіруе.

Апазіцыя далёка не такая слабая, як здаецца з першага погляду. Лукашэнка, якога да нядаўняга часу падтрымлівала Расія, проста больш жорстка ставіўся да свайго асяродку, чым іншыя дыктатары ў гэтай частцы свету. Адвагу і супраціў незлічоных беларусаў павінныя даць нам надзею і патрабуюць ад нас натхнення і падтрымкі тых, хто працуе над тым, каб дамагчыся лібералізацыі Беларусі і прарваць яе самаізаляцыю.

Наўрад ці адхіленне Лукашэнкі ад улады адбудзецца праз стандартны выбарчы працэс.

Ён занадта гэтага баіцца, каб дазволіць гэтаму адбыцца і прайграць. І ў яго ёсць на гэта прычыны.

Незадаволенасць яго кіраваннем унутры краіны расце, а Расія страчвае цярпенне ад яго пагардлівых паводзінаў. Назвы агульнанацыянальных беларускіх рухаў утрымліваюць такія словы, як «свабода», «Еўропа» і «праўда» (сярод іх — Рух «За свабоду», апазіцыйная група «Еўрапейская Беларусь» і кампанія «Гавары праўду!»). Можна толькі меркаваць, але лёс кыргызскага таварыша Лукашэнкі Курманбека Бакіева, якому ён даў прытулак, наводзіць на цікавыя думкі адносна будучага лёсу тых, хто злоўжывае ўладай.

* * *

Доктар Павал Дэмеш, дырэктар аддзялення Цэнтральнай і Усходняй Еўропы German Marshall Fund (ЗША)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?