Прыехаў з Францыі, дзе за пляшкай віна меў цікавую размову наконт гімнаў.

Пачалося з таго, што адзін з суразмоўнікаў – армянская праваабаронца Ізабэла распавядала як люта ненавідзіць левых.

У дачыненьні да яе радзімы – значыць актывістаў легендарнай партыі дашнакаў (тыя самыя якія захапілі будынак нацыянальнага банку Асманскай імпэрыі на знак пратэсту супраць перасьледу армян. Вось такія былі тады акцыі «неабыякавых людзей»).

Дашнакі ўжо закалябалі Ізабэлу сваімі прэтэнзіямі на вядучую ролю ў нацыянальным палітычным жыцьці.

Акрамя таго банальнымі анахранічнымі рытуаламі.

— Гэта сапраўдная сэкта. Ты ведаеш напрыклад, што кожны новы сябра павінен прынесьці клятву на сапраўдным старым маўзэры. Ніхто пры гэтым не ведае дзе і як яго хаваюць.

Клятва на маўзэры, відавочна, з’яўляецца таксама моцным дысцыплінарным фактарам. Па словах Ізабэллы ніхто ніколі не бачыў жывым дашнака, які пакінуў партыю.

Аднак потым Ізабэла пагадзілася, што па аднаму пункту згодна пайсьці на каапэрацыю зь левымі.

Мова ідзе пра нацыянальны гімн.

Пасьля таго як у Расеі зрабілі гімнам новы варыянт «Саюза непарушнага», у прамаскоўскага ўраду Армэніі ўзьнікла ідэя – перайсьці з сучаснага гімну (гімн дашнакаў, якія былі вядучай партыяй у першай рэспубліцы 1918-1921 гг.) на гімн Армянскай ССР.

Аргумэнты рэфарматараў наступныя: па-першае, аўтар савецкай вэрсіі – славуты Арам Хачатуран, той самы чувак, які напісаў гітовы танец з шаблямі, па другое, у саўковым варыянце пяць, а не тры ноты як ў гімне дашнака.

Нарэшце – дашнаскі гімн не арыгінал. У свой час, каб не парыцца, дашнакі сьпіянэрылі словы і мэлёдыю песьні ў гарыбальдзійцаў. Арыгінальная назва гімну – «Песьня італьянскай дзяўчыны». Па сюжэту песьні тая вышывае нацыянальны сьцяг і нешта мурчыць.

— Я гатовая пайсьці на саюз з д’яблам каб абараніць ідэалы дэмакратычнай рэспублікі – заявіла Ізабэла.

— А я за тое каб наш гімн нафіг зьмяніць, – хмура сказаў іншы удзельнік дыскусіі француз Алівэр, – Марсэльеза – гэта ж прапаганда нейкага гвалту. Вы толькі паслухайце: L’etendard sanglant est leve! ( нешта кшталту – прыйшоў час усё запэцкаць у крыві). Ня дзіўна, што «Марсэльезу» вызнае праварадыкал Ле Пен.

— Цікава, – сказаў нехта з удзельнікаў, – а які гімн у францускіх манархістаў з арганізацыі кшталту Акцьён Франсез?

Усе пачалі ўзгадваць, што сьпявалі мушкетэры, гвардзейцы кардынала, шуаны з і іншыя прадстаўнікі старога рэжыму падчас нейкіх ўрачыстасьцяў. Нічога не прыдумалі.

Тут госьць з Расеі Андрэй прыгадаў, што цяпер сярод антыпуцінцаў папулярна сьпяваць гімн не на словы аўтара дзядзі Сьцёпы, а на словы з някрасаўскага вершу: «Однажды в студенную зимнюю пору». Галоўная, па яго словах, фішка тут у тым, што верш Някрасава цудоўна адлюстроўвае асаблівасьці расейскага сьветапогляду, асабіста наступныя словы..

Андрэй прапеў:

«А что у отца то большая семья?

семья то большая,

да всего мужиков то

отец мой и

... я!»

Гэта значыць, што ўсе іншыя мужыкі або на зоне, або сышлі ў запой, – разгадаў загадку расейскай душы Андрэй.

Іншаземцы аж афігелі ад такой інтэрпрэтацыі.

Мараль: калі някрасаўская вэрсія гімну набудзе шалёную папулярнасьць сярод расейскай апазыцыі, то пытаньне гімну дэмакратычнай Расеі будзе вырашана аўтаматычна, аднак ў вельмі прыкольным фармаце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0