Канадзец Махер Арар на працягу года быў у зьняволеньні і цярпеў катаваньні ў сырыйскай турме, бо яго прынялі за тэрарыста з аль Каіды. Сьледчая камісія канадзкага ўраду якраз абвесьціла пра яго невінаватасьць і прызнала, што ён стаўся ахвярай памылкі спэцслужбаў Канады і ЗША.

Гісторыя трагічнай памылкі пачынаецца пэўным сьнежаньскім днём 1997 г. у Атаве, хаця 25-гадовы Махер Арар пра гэта нават не здагадваўся. Хто ж будзе лічыць арэнду кватэры злачынствам? Сырыец па паходжаньні, Махер зь 17 гадоў жыў у Канадзе, якраз скончыў унівэрсытэт і меў перад сабой неблагую кар’еру ў тэлекамунікацыйнай фірме ў Атаве.

– Мне трэба зьняць кватэру, падпішыся пад дамовай як мой сьведак - папрасіў ён тады па тэлефоне свайго знаёмага Назіха Алмалкі. Іх бацькі добра ведалі адно аднаго, бо ў 1989 г. разам прыехалі з Сырыі ў Канаду.

– Я заняты, адпраўлю да цябе брата - адказаў Назіх.

Абдула Алмалкі прыехаў, падпісаў што трэба, і больш яго Махер з таго часу і ў вочы ня бачыў. Ня думаў, што праз пяць гадоў ледзь не паплаціцца за гэты подпіс жыцьцём.

Вяртаньне ў Сырыю

26 верасьня 2002 г. Махер і яго жонка Монія Мазігх (Monia Mazigh) вярталіся з вакацыяў у Тунісе. У аэрапорце JFK у Нью-Ёрку ім давялося чакаць на перасадку ў Манрэаль, дзе яны жылі з двума малымі дзецьмі. Падчас пашпартнага кантролю, аднак, нешта было ня так.

«Калі ласка, за мной» чуе Махер, i яго вядуць у пусты пакой. Пасьля дзьвюхгадзіннага чаканьня прыходзяць служачыя, бяруць ягоныя адбіткі пальцаў і робяць здымкі. - Гэта звычайная працэдура, мы вас зараз адпусьцім - кажуць яму на ягоныя пытаньні і патрабаваньні адваката.

Пазьней прыяжджаюць паліцыянт і агент ФБР, ад якіх на ўсе свае патрабаваньні ён чуе толькі пытаньні пра працу, падарожжа, знаёмых.

Празь некалькі гадзінаў, ля апоўначы, ён чуе прозьвішча Абдула Алмалкі. Махер адказвае, што бачыў яго, можа, пару разоў у жыцьці. Тады агент ФБР паказвае яму дамову пра арэнду кватэры ў 1997 г. Канадцу апранаюць кайданы і адвозяць у камэру. Невядома, дзе ён, чаму і што зь ім будзе.

Тое ж самае паўтараецца назаўтра. З раніцы да вечару доўжацца допыты, пры тым што апошні раз Махер нешта еў толькі ў самалёце. Зьмяняюцца толькі пытаньні - што ён думае пра бэн Ладэна, пра Палестыну, пра габрэяў. Просьбы патлумачыць, што адбываецца, ці прывесьці адваката зноўку ігнаруюцца. Толькі на трэці дзень Арар атрымлівае дакумэнт, адкуль вынікае, што ЗША лічаць яго сябрам тэрарыстычнай арганізацыі, зьвязанай з аль Каідай. Яго вяртаюць назад у камэру.

Адтуль ён выходзіць толькі 8 кастрычніка, а трэцяй уначы, калі яму, паўпрытомнаму, кажуць пра ягоную дэпартацыю ў Сырыю. Яго садзяць на прыватны самалёт, дзе ён быў адзіным пасажырам.

– Усю дарогу я думаў толькі пра адно: што рабіць, каб мяне там не катавалі - распавядаў пазьней канадзец.

Пасьля 30-гадзіннага падарожжа яго садзяць у грузавік і вязуць у пануры гмах недзе ў Дамаску. Толькі пазьней ён даведваецца пра тое, што гэта сядзіба сырыйскай разведкі, што мае зусім нядобрую славу. Ягоная новая камэра мае 2 кв. мэтры плошчы і 2 мэтры ўвышыню. Пасярод столі - дзірка з кратамі, празь якую часьцей за бледныя сонечныя прамяні ў камэру трапляла мача катоў, што жылі на гарышчы. Замест ложка была коўдра, замест прыбіральні - кардонная скрынка. Тут Махер правядзе бліжэйшыя дзесяць месяцаў і дзесяць дзён.

Год катаваньняў

– Камэра нагадвала магілу - казаў Махер 4 лістапада 2003 г. на прэс-канфэрэнцыі ў Канадзе. Заля, дзе ён на працягу больш як гадзіны зачытваў сваю заяву, была бітком набітая журналістамі, тэлекамэрамі і фотарэпартэрамі. Ён падрабязна апісаў усё тое, праз што яму давялося прайсьці з часу затрыманьня ў аэрапорце JFK да першага за год душу, які ён прыняў у рэзыдэнцыі канадзкага амбасадара ў Дамаску.

– Біць мяне пачалі на другі дзень, - расказваў ён пра зьняволеньне ў Сырыі. - Чорным электрычным кабэлем, што меў таўшчыню ў дзьве цалі. Ім білі па ўсім целе, а найбольш па пальцах. Крыві не было, толькі зьяўляліся апухлыя, чырвона-блакітныя раны.

Сырыйцы спэцыялізаваліся таксама і на псыхічных катаваньнях. Махер сьцьвярджае, што допыты цягнуліся 18 гадзінаў і часам яго пакідалі сам на сам, каб слухаў крыкі іншых зьняволеных, якіх катавалі ў суседніх пакоях. Прызнаваўся ўва ўсім - што тэрарыст, што быў у лягерах аль Каіды ў Аўганістане, што плянаваў замахі і г.д.

Махер Арар мог ніколі і ня выйсьці з сырыйскай турмы, калі б не ягоная жонка. Монія Мазігх адразу ж пасьля вяртаньня ў Канаду праінфармавала ўлады пра ўсё, што адбылося, і зьвярнулася па дапамогу ў «Міжнародную Амністыю». У газэтах і на тэлевізіі зьявілася інфармацыя пра канадца, якога праз памылку палічылі тэрарыстам і які быў незаконна вывезены амэрыканцамі.

– Урад ЗША адмовіўся ад перадачы хоць якой-небудзь інфармацыі пра лёс Арара, адзінае, што мы маглі зрабіць - данесьці гэтую справу да як мага большай колькасьці людзей, - кажа Алекс Мезэ (Meze), кіраўнік канадзкага адзьдзелу Amnesty. Гэта падзейнічала, і кандзкія ўлады пачалі націскаць на сырыйцаў, каб тыя вызвалілі іх грамадзяніна. Атрымалася гэта толькі ў верасьні 2003 г.

Пад націскам мэдыяў у студзені 2004 г. урад у Атаве стварыў сьледчую камісію, якая правяла расьсьледваньне і дапытала між іншым дзясяткі функцыянэраў канадзкай разьведкі і паліцыі.

«Магу катэгарычна заявіць, што няма ніякіх доказаў таго, што спадар Арар парушыў закон альбо што яго дзеяньні пагражалі бясьпецы Канады,» - напісаў у апублікаваным на гэтым тыдні рапарце кіраўнік камісіі Дэніс О’Конар. Рапарт сьведчыць пра тое, што Махер Арар ня меў ніякіх сувязяў з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Проста стаўся ахвярай звышстараннасьці канадзкіх службаў пасьля замахаў 11 верасьня.

Ахвяра вайны з тэрарызмам

Восеньню 2001 г. канадзская паліцыя пачала адшукваць падазроныя асобы, якія маглі быць тэрарыстамі, што плянуюць замах. Нагледзелі між іншым Абдулу Алмалкі. Ягонага спатканьня з Арарам у 1997 г. было дастаткова, каб Арар гэтак жа быў уключаны ў сьпіс падазроных асобаў, а амэрыканскім службам была перададзена інфармацыя, што гаворка ідзе пра «ісламскага экстрэміста, які падазраецца ў сувязях з аль Каідай». Ці гэтак было насамрэч, ніхто не праверыў.

Калі Арар зьявіўся на тэрыторыі ЗША, амэрыканцы, перакананыя ў тым, што маюць справу з тэрарыстам, вырашылі выкарыстаць мэтад т. зв. «extraordinary rendition» - затрыманьня асобы, якая падазраецца ў тэрарызьме, і перавозу яе ў краіну, дзе прымяняюцца катаваньні.

Адміністрацыя Буша ніколі ў гэтым не прызнавалася, аднак вядома, што яна лічыць апэрацыю «rendition» пасьпяховым сродкам барацьбы з тэрарыстамі. Мэтады допытаў, што выкарыстоўваюцца ў арабскіх краінах, недазволеныя ў ЗША, дазваляюць хутчэй выцягнуць зь іх бясцэнную інфармацыю. Але другім бокам мэдаля зьяўляецца трагедыя невіноўных людзей, такіх як Махер Арар, якія безразважна былі палічаныя тэрарыстамі. Колькі месяцаў таму ў Нямеччыне была гучная справа лібанца зь нямецкім пашпартам Халеда Масры, які ў 2003 г. быў затрыманы ЦРУ ў Македоніі, і толькі пасьля шасьці месяцаў зьняволеньня ў Аўганістане палічылі, што ён ня мае нічога агульнага з аль Каідай.

– Як ацэньвае Amnesty, нават некалькі тысячаў асобаў маглі трапіць у выніку апэрацыі «rendition» у зьняволеньне ў краінах, што прымяняюць катаваньні - кажа Алекс Мезэ з канадзкай «Міжнароднай амністыі».

Махер Арар увесь час вядзе ў судах барацьбу з урадамі Канады і ЗША , хоць і не патрабуе ад іх кампэнсацыі. - Я толькі прашу пра тое, каб урады публічна папрасілі ў мяне прабачэньня і гэтым самым апраўдалі маё добрае імя, - сказаў Арар пасьля публікацыі рапарту камісіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?