24.06.2010 / 09:25

«Газпром» аплаціў $228 млн. за транзіт газу

«Газпрому» быў дадзены час да 13 гадзін, каб пагасіць доўг. У адваротным выпадку транзіт расійскага газу ў Еўропу меўся быць абмежаваны прапарцыянальна недаплачанай суме.

Міністэрства энергетыкі Беларусі пацвердзіла аплату «Газпромам» $228 млн. за транзіт газу. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Мінэнерга Людміла Зяньковіч.

***

«Газпрому» быў дадзены час да 13 гадзін (па мінскім часе), каб пагасіць доўг. У адваротным выпадку транзіт расійскага газу ў Еўропу будзе абмежаваны прапарцыянальна недаплачанай суме.

Такую заяву зрабіў сёння першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка на пасяджэнні аператыўнага штаба па забеспячэнні ўстойлівай працы сістэм газа- і энергазабеспячэння ў Міністэрстве энергетыкі. На пасяджэнне было запрошана вузкае кола журналістаў.

«Мы ведаем са СМІ, што «Газпром» нібыта аплаціў 228 млн. даляраў — гэта 87% ад доўгу. Мы гэта можам разглядаць як аванс», — цытуе Сямашка РІА Новости.

Нагадаем, Беларусь патрабуе ад «Газпрома» пагасіць запазычанасць за транзіт газу ў памеры 260 млн. даляраў. «Газпром» пералічыў Беларусі 228 млн. даляраў.

Як патлумачыў сёння раніцай афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў, «у адпаведнасці з кантрактам, які дзейнічае паміж «Газпромом» і «Белтрансгазам», базавая стаўка транзіту ўстаноўлена на ўзроўні 1,45 даляра за 1.000 куб. м на 100 км».

Пры стварэнні СП з «Белтрансгазам» быў падпісаны пратакол, які прадугледжвае магчымасць павелічэння стаўкі ў 2009 годзе да 1,74 даляра, у 2010 годзе да 1,88 даляра, — сказаў ён. — Але гэтае рашэнне ўвязана з увядзеннем аптовай надбаўкі «Белтрансгаза», якая дазваляе гэтай кампаніі, якая належыць на гэты момант на 50% «Газпрому», атрымліваць даход ад працы на ўнутраным рынку Беларусі».

Купрыянаў падкрэсліў, што такая надбаўка не была ўведзена. «Улічваючы, што гэтыя пытанні звязаны, дапаўненне да кантракта, якім была ўстаноўлена новая стаўка транзіту на 2010 год, не было падпісана», — сказаў ён.

Газпром», паводле яго слоў, быў гатовы аплаціць па старой стаўцы, але беларускія калегі адмаўляліся прымаць такі плацеж. «На гэты момант няма падпісанага дапаўнення, і адзіная лічба, на якую мы можам арыентавацца, — гэта 1,45 даляра», — падкрэсліў Купрыянаў. Зыходзячы з гэтай стаўкі «Газпром» зрабіў плацеж за лістапад—снежань 2009 года і за пяць месяцаў гэтага года, дадаў ён.

Беларускі бок трактуе сітуацыю па-свойму. Як паведаміў 23 чэрвеня журналістам Уладзімір Сямашка, на працягу дзесяці месяцаў 2009 года «Газпром» спраўна плаціў за транзіт газу ў Еўропу,

але ў лістападзе чамусьці спыніў прымаць акты зверкі з боку «Белтрансгаза», дзе былі прапісаны аб’ёмы паставак і тарыф.

Сямашка падкрэсліў, што тарыф на прапампоўванне 1 тыс. куб. м газу на 100 км складае 1,74 даляра. Аднак «Газпром» ажыццяўляў аплату за транзіт па тарыфе 1,45 даляра. «Газпром» прыдумаў сабе легенду: нібыта «Белтрансгаз» не вытрымлівае нацэнку пры продажы газу ўнутры Беларусі», — сказаў першы віцэ-прэм’ер. Пры гэтым ён адзначыў, што гэтая нацэнка летась у Беларусі была вытрымана.

У выніку аплаты «Газпромам» транзіту газу па тарыфе меншым за прадугледжаны ўжо за лістапад—снежань 2009 года ўтварылася запазычанасць, паведаміў Сямашка.

Ён падкрэсліў, што «Газпром» на працягу пяці месяцаў 2010 года «не заплаціў ніводнага цэнта за транзіт газу». Такім чынам, утварылася запазычанасць у памеры 260 млн. даляраў. І гэта пры тым, што транзіт газу праз Беларусь ажыццяўляецца па самых нізкіх тарыфах, заявіў першы віцэ-прэм’ер.

Гэта дае «Газпрому» магчымасць атрымліваць да 500 млн. даляраў прыбытку, зазначыў Сямашка. Разам з тым «Белтрансгаз», паводле яго слоў, выканаў свае абавязацельствы па транзіце газу.

***

«Газпром» пацвердзіў пагашэнне Мінскам запазычанасці за газ і заявіў аб аднаўленні паставак у Беларусь у поўным аб’ёме. Пра гэта раніцай 24 чэрвеня паведаміла журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Наталля Цімакова.

Паводле яе слоў, адбылася тэлефонная размова Дзмітрыя Мядзведзева, які зараз знаходзіцца з візітам у Вашынгтоне, з кіраўніком праўлення ААТ «Газпром» Аляксеем Мілерам. «Мілер праінфармаваў прэзідэнта аб тым, што беларускі бок поўнасцю аплаціў пастаўкі газу згодна з кантрактам і «Газпром» прыняў рашэнне аднавіць пастаўкі газу ў Беларусь у поўным аб’ёме», — цытуе прэс-сакратара РІА Новости.

Пра тое, што Мінск аплаціў запазычанасць за пастаўлены ў 2010 годзе газ, паведаміў вечарам 23 чэрвеня першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка.

Паводле яго слоў, Беларусь пазычыла 200 млн. даляраў, з якіх 187 млн. пайшлі на пакрыццё доўгу «Газпрому».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру