25 чэрвеня 2010 г. а 11-й гадзіне ў Авальнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (прасп. Незалежнасці, 116, ІІ паверх) адбудзецца Першае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

Савет створаны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь у мэтах паляпшэння каардынацыі сувязей і аказання дапамогі з боку дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь грамадскім арганізацыям беларусаў замежжа. У склад Кансультатыўнага савета ўвайшлі прадстаўнікі шэрагу органаў дзяржаўнага кіравання, кіраўнікі беларускіх аб’яднанняў Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і Эстоніі, грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.

На першым паседжанні будуць абмеркаваныя палажэнне аб Кансультатыўным савеце і план працы, пытанні выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі крытычных заўваг і прапаноў, выказаных удзельнікамі V з’езда беларусаў свету, падрыхтоўка праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб суайчынніках» і правядзенне ў 2011 годзе Фестывалю беларусаў замежжа.

У пасяджэнні прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства адукацыі, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, мясцовых уладаў Беларусі.

Праграма Першага пасяджэння Кансультатыўнага савета прадугледжвае наведванне Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і спектакля «Чорная панна Нясвіжа» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы.

26 чэрвеня ўдзельнікі савета прымуць удзел у мерапрыемствах, прысвечаных 600-годдзю Грунвальдскай бітвы ў г. Навагрудку, наведаюць Мірскі замак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?