«ARCHE» ў апошнім нумары друкуе ўспаміны дэпутатаў Вярхоўнага Савета ХІІ склікання пра перадгісторыю, разгон і вынікі галадоўкі пратэсту 11 красавіка 1995 г. Знакавая падзея найноўшай гісторыі Беларусі з розных ракурсаў.

Мікалай Аксаміт: Усе дэпутаты Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня добра ведалі дэпутата А. Лукашэнку і ягоныя здольнасьці. Таму прэзыдэнт А. Лукашэнка пачуваўся дыскамфортна ў залі паседжаньняў. Мяркую, гэта і было адной з прычынаў абвяшчэньня рэфэрэндуму 1995 г.

Лявон Баршчэўскі: За 2 дні да прызначанага на 11 красавіка абмеркавання прапановы прэзідэнта ў ВС дэпутатам раздалі спіс з 4 пытанняў на рэферэндум. Самае меншае па двух з іх правядзенне плебісцыту было антыканстытуцыйным: згодна з Канстытуцыяй, рэферэндумы па канстытуцыйных пытаннях не могуць праводзіцца ў апошнія 6 месяцаў паўнамоцтваў дзейнага Вярхоўнага Савета. Пытанні змены статусу дзяржаўнай мовы і вызначэння, хто мае права распускаць парламент, адназначна патрабавалі зменаў у Канстытуцыі. Выбары ж у новы Вярхоўны Савет былі прызначаныя на 14 мая таго ж года – г. зн. менш як праз два месяцы пасля першых вусных выказванняў прэзідэнта пра неабходнасць рэферэндуму. Вынясенне першага з названых вышэй пытанняў на рэферэндум, апроч таго, выразна супярэчыла артыкулу 3 дзейнага тады Закона аб усенародным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь. Аднак ужо тады было зразумела, што парушэнне Канстытуцыі не магло спыніць тых, хто праектаваў рэферэндум.

Вось тады апазіцыйныя дэпутаты ад БНФ і Грамады і аб’явілі галадоўку. Я якраз хварэў і абсалютна нічога не ведаў пра іх планы. У самы дзень 11 красавіка я выправіўся у ВС. Я ўвайшоў у залу пасяджэнняў якраз тады, калі сябры ад апазіцыі БНФ на чале з Пазьняком пачыналі акцыю. Адразу ад уваходу, не сядаючы на сваё месца, я пайшоў да трыбуны і далучыўся да іх.

Юрась Беленькі: Аднойчы – не памятаю, з якой прычыны – некаторы час сярод апазіцыі ВС адсутнічаў яе прызнаны лідэр Зянон Пазьняк. Да нас прыйшоў А. Лукашэнка і сказаў: «Ребята, может, вам лидер нужен? Берите меня». Калі мы яму адмовілі, ён пайшоў у фракцыю камуністаў, але, атрымаўшы адмову, ён узначаліў фракцыю «Камуністы за дэмакратыю». Але і там не прыжыўся.

Ігар Гермянчук: Кінуліся і пачалі цягнуць. Я сядзеў у сярэдзіне. Я спрабаваў адцягнуць руку, і адцягнулі дэпутата Маркевіча. Калі тры бандыты круцілі галаву Пазняку, я спрабаваў адцягнуць іх рукі і пачаў здымаць гэтыя іх капюшоны. І сарваў па меншай меры, пакуль яны да мяне дацягнуліся, чатыры капюшоны. У адзін з момантаў мяне перагрэлі гумавай палкай. Да мяне дабраліся, мяне схапілі, я вырываўся. Яны перакінулі мяне ў нейкія іншыя рукі, і потым, калі я зноў вырваўся, мяне падхапілі шэсць чалавек і нейкі сёмы бандыт… ішоў зверху, неслі мяне сем чалавек, а ён зверху кулаком мне разбіваў нос, раскрывавіў нос. І занеслі ў машыну пятым чалавекам, ва «ўазік» укінулі ўперад нагамі.

Валянцін Голубеў: Але было трывожна. Я прыслухаўся і тут у нейкі момант проста фізічна адчуў, як закалыхалася паветра – гэтак бывае, калі недзе побач у памяшканні ідзе вялікая маса людзей. Падобнае адчуванне ведае кожны, хто служыў у войску. А потым я пачуў гук удару аб дула аўтамата АКМ ці карабіна: «бзынь». Як і шмат хто з вайскоўцаў, гэты гук я не зблытаю ні з якім іншым. Зрабілася страшнавата.

Мечыслаў Грыб: Акцыя сталася нечаканасцю не толькі для мяне, але і для астатніх дэпутатаў. Кіраўніцтву ВС, г. зн. ні мне, ні маім намеснікам, папярэдне ніхто з апазіцыі пра яе не паведаміў. Мне думаецца, што прапанова аб’явіць галадоўку не абмяркоўвалася нават на пасяджэнні ўсёй фракцыі БНФ у ВС. Я ўпэўнены: гэтае спантаннае рашэнне прыняў З. Пазьняк перад самым пачаткам сесіі. Словам, тады я разгубіўся, бо ў такіх абставінах праводзіць пасяджэнні было нечакана складана. Разгубіліся і астатнія дэпутаты: яны мусілі, ідучы да трыбуны, пераступаць цераз ногі сваіх калегаў-галадоўнікаў. Тады кожны меў права выказваць свае думкі і меркаванні, кожны меў права таксама і на галадоўку.

Лявонцій Зданевіч: Памятаю жахлівую атмасферу ў асяроддзі г. зв. большасці. Быццам наздзекаваліся не з нас, а з іх…

Мікалай Кржыжаноўскі: Са збіцця дэпутатаў у Беларусі пачала замацоўвацца дыктатура А. Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка: Ведаў ці не ведаў прэзідэнт пра тое, што адбывалася тут, у маёй рэзідэнцыі, у рэзідэнцыі ўрада? Паважаныя дэпутаты! Ну, канечне ж, ведаў. Ну, што вы тут... збіваеце, што вы тут генерал-палкоўніка Кастэнку ставіце на трыбуну і як хлопчыка... Ну, я не маю на ўвазе, што тыя, хто тут застаўся... Я найперш звяртаюся да тых галадоўнікаў. Ну, канечне, ведаў прэзідэнт. Прэзідэнт ня проста ведаў. Прэзідэнт кожныя 30 хвілін быў інфармаваны кіраўніком дзяржавы і міністрам абароны пра тое, што адбываецца тут, у Доме ўрада. Таму я проста, шчыра адказваю на вашае пытанне. Ведаў! Больш за тое, падымалася пытанне – якая роля прэзідэнта ў абароне жыцця людзей, што тут галадуюць? Праўда, вы не хвалюйцеся. Ніхто тут не галадаваў. Усё тут было: і паспаць, і закусіць... Усё было. І ірваліся сюды, падносілі пакрысе (гэта так папросту, па-мужыцку кажучы). Усё тут было. Ніхто тут з голаду б не памёр. І калі ласка. Няхай бы тут і галадавалі. Насмяшылі людзей, зганьбілі парламент, заплямілі гэты Вярхоўны Савет, якому (яшчэ раз паўтараю) засталося два дні працаваць. Але гэта была пазіцыя… Гэтым людзям трэба было… Таму непасрэдная мая роля была ў абароне жыцця гэтых людзей.

Пётра Садоўскі: Пачыналася раніца, ужо хадзілі тралейбусы. Я прыехаў дадому. Было не да сну. Толькі цяпер прыйшло разуменне: адбылося нешта страшнае. Мне згадаліся гістарычныя здымкі: у Браўншвейгу хлопцы ва уніформе СС выцягваюць дэпутатаў з гарадской ратушы. Гэта ўпершыню адбылося ў Германіі на пачатку 30-х гг. мінулага стагоддзя. Але не верылася, што гэта можа быць у нас – усур’ёз і надоўга.

Алег Трусаў: Я сядзеў у цэнтры, і таму мяне цягнулі адным з апошніх. Тут нехта – мабыць, Пазьняк ці Гермянчук, – прапанаваў зрываць маскі з нападнікаў. І мы сарвалі маскі з двух ці трох чалавек. Яны тут жа закрылі твары рукамі і паваліліся на падлогу.

Адзін з нападнікаў схапіў мяне за вушы і стаў біць галавой аб стол. Але я папярэдне паклаў на яго перад сабой падушку. Мяне разабраў дурны смех, бо хлапец пачаў малаціць мяне галавой аб гэту падушку. Смех смехам, але мне дасталося ззаду дубінкай. Білі, куды патрапяць. Мне найбольш перапала па левай руцэ – потым амаль паўгода яна з цяжкасцю падымалася.

Міхаіл Цесавец: Падчас агляду залы дэпутаты працягвалі хадзіць. На ўсе прапановы мае, просьбы, угаворванні ў гэтай зале неаднаразовыя пакінуць залу не рэагавалі. У тым ліку пагражалі праліццём крыві ў гэтай зале, і што яна заліецца крывёю.

Цалкам успаміны дэпутатаў чытайце ў часопісе «ARCHE»

Фота zianonpazniak.de.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0