25.06.2010 / 10:22

Латушка: У Катыні ляжаць і беларусы

Выстава «Памятаю. Катынь 1940» адкрылася 24 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Выстава «Памятаю. Катынь 1940» адкрылася 24 чэрвеня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Экспазіцыя арганізавана Нацыянальным цэнтрам культуры (Варшава) і Польскім інстытутам у Мінску сумесна з музеем. Прадстаўлены копіі пісьмовых і выяўленчых дакументаў пра катынскае злачынства — арганізаваную савецкімі ўладамі тайную ліквідацыю каля 22 тыс. польскіх грамадзян, якія былі ўзяты ў палон або арыштаваны пасля захопу Чырвонай Арміяй тэрыторыі Польшчы ў 1939 годзе.

У адпаведнасці з сакрэтным рашэннем палітбюро ЦК ВКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года выстраламі ў патыліцу былі забіты прыкладна 15 тыс. палонных у спецлагерах НКУС у Казельску каля Катыні пад Смаленскам, Асташкаве недалёка ад Калініна і Старабельску пад Харкавам. З месцаў пахавання астатніх 7 тыс. чалавек, якія загінулі ў турмах заходніх рэгіёнаў БССР і УССР, вядомыя толькі два — Курапаты пад Мінскам і Быкоўня пад Кіевам.

Як зазначыў дырэктар Польскага інстытута Пётр Казакевіч, адкрыццё выставы планавалася раней, але было перанесена праз катастрофу самалёта прэзідэнта Леха Качыньскага пад Смаленскам, якая забрала жыцці амаль 100 чалавек. Дэлегацыя накіроўвалася ў Катынь для ўвекавечання памяці ахвяраў сталінізму. Паводле слоў Казакевіча, Катынь для палякаў — сімвал злачыннай палітыкі савецкага рэжыму супраць абаронцаў Польшчы ад нацысцкіх агрэсараў, сімвал страты лепшых сыноў польскага народа: афіцэраў арміі і паліцыі, чыноўнікаў, а таксама мабілізаваных у армію ўрачоў, юрыстаў, інжынераў і настаўнікаў. Нягледзячы на тое што на працягу амаль паўстагоддзя слова «Катынь» было забаронена і выкраслена з усіх падручнікаў гісторыі, яно стала сімвалам памяці палякаў пра герояў 1940 года, сказаў дырэктар Польскага інстытута.

Трагедыю Катыні нельга не адчуць і нельга не зразумець, лічыць міністр культуры Беларусі Павел Латушка. Паводле яго слоў, эмацыйныя ўражанні ад прэм’еры фільма Анджэя Вайды «Катынь» былі настолькі моцнымі, што адправіў шафёра і пайшоў дахаты пешкі, каб прагуляцца на свежым паветры. «Я ніколі не быў у Катыні, але зразумеў гэты боль», — сказаў міністр.

Ён адзначыў, што ў Катыні ляжаць і беларусы — праваслаўныя і каталікі, якія на 1939 год жылі ў Заходняй Беларусі.

Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Вітольд Юраш мяркуе, што Катынь сімвалізуе паважлівыя адносіны да гісторыі, без поўнага і праўдзівага ведання якой немагчыма ісці наперад. Паводле яго слоў, трагедыя Катыні не павінна азмрочваць польска‑беларускія адносіны. «Мы глядзім на Беларусь як на суседа і сябра», — сказаў ён.

Выстава працуе да 25 ліпеня.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру