Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў лічыць газавы канфлікт вычарпаным. Пра гэта ён заявіў журналістам 25 чэрвеня ў Мінску перад адкрыццём 37‑й сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

«Бакі разлічыліся. Ёсць толькі некаторыя даўзгадненні, але апошнімі днямі ўсе праявілі мудрасць, знялі ўсе абмежаванні, а далей няхай працуюць у межах кантракта», — заявіў Сурыкаў.

На яго думку, калі ў будучыні ўзнікнуць такія спрэчкі, пажадана, каб яны «заканчваліся судамі». «Калі суддзямі выступаюць вышэйшыя службовыя асобы, непрыемны асадак у народа застаецца», — заўважыў дыпламат.

Адказваючы на пытанне аб прычыне газавага канфлікту, Сурыкаў заявіў:

«Трэба ў тэрмін і ў дакладнасці выконваць умовы кантракта — у ім усё прапісана.

Мяркую, гэта недапрацоўкі і недачытанасць дакументаў чыноўнікамі».

Пры гэтым пасол падкрэсліў, што «нідзе на паперы не зафіксаваны дамоўленасці аб адначасовым пераходзе на роўнадаходныя цэны на газ і нафту».

***

21 чэрвеня першы віцэ‑прэм’ер урада Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што Беларусь не мае намеру выходзіць з перамоўнага працэсу з «Газпромам» па кошце газу на наступны год і паспрабуе атрымаць цэны, блізкія да расійскіх.

Сямашка падкрэсліў, што Беларусь не настойвае на роўнадаходнай цане на газ у Расіі і Беларусі. «Мы гатовы рухацца па сінхроннай траекторыі да роўнадаходных цэн на газ. Няхай яна [цана] у нас будзе крыху вышэйшай за расійскую», — сказаў ён.

Першы віцэ‑прэм’ер нагадаў, што ў канцы 2006 года Беларусь праводзіла перамовы з «Газпромам» і тады «Газпром» запэўніў, што да 2011 года ў Расіі будуць роўнадаходныя з сусветнымі цэны на газ.

«Як мы бачым, «Газпром» адстае ў сваім графіку, і гэта зразумела ў сувязі з крызісам і іншымі фактарамі», — зазначыў Сямашка. Выхад унутраных цэн на газ у Расіі на роўнадаходнасць з экспартнымі пастаўкамі (за вылікам пошлін і транспартных расходаў) быў адкладзены да 2014 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?