Мінская творчая суполка «Вежа міру» дазваляе кожнаму таленту даказаць сваё майстэрства, што б гэта ні было: музыка, паэзія ці фатаграфія. «Вежа міру» не такая знакамітая, як Эйфелева, больш устойлівая за Пізанскую і не выклікае столькі спрэчак, як Вавілонская. Але яна варта ня меншай увагі!

Усе вечарыны ў рамках праекта праходзяць пад дахам Літаратурнага музея М. Багдановіча. Невялікая зала забяспечвае кантакт паміж артыстамі і гледачамі, якія апынаюцца ў сапраўды прыемнай і ўтульнай атмасферы — у перапынку паміж выступленнямі можна нават пачаставацца гарбатай. Тут збіраюцца як прафесіяналы, так і аматары мастацтва, таму і праграма заўсёды здзіўляе разнастайнасцю і арыгінальнасцю. Падрабязней расказвае аўтар праекта і яго актыўны ўдзельнік Міхаіл Бараноўскі.

‑ На што больш арыентавана дзейнасць «Вежы міру»: на тое, каб уразіць публіку, ці на тое, каб даць творцам магчымасць выступіць?

‑ Напэўна, гэта неразрыўныя кампаненты ўдалай вечарыны. «Вежа міру» дазваляе аўтару ў даволі вольнай атмасферы прэзентаваць свае творы і пазбегнуць акадэмізму, які пануе на многіх сустрэчах такога фармату. Чалавек можа не баяцца быць крыху эпатажным і свабодным у творчасці, проста быць самім сабой. Разам з тым і публіка не павінна сумаваць. Таму я з вялікім задавальненнем запрашаю людзей, схільных да пэўнай тэатралізацыі сваіх выступленняў. Напрыклад, паэтаў Віктара Лупасіна, Веру Бурлак ці Віктара Жыбуля.

‑ Якія патрабаванні маеце да ўдзельнікаў вечарын?

‑ Магчымасць выступіць мае любы жадаючы. Вялікую колькасць выступоўцаў запрашаю непасрэдна я: знаёмлюся на розных імпрэзах і, калі лічу, што гэта можа быць цікавым, клічу да нас. Зразумела, што тут я кіруюся сваімі густамі. Але калі чалавек прапануе нешта прадставіць, ніколі не адмаўляю. Часам перад чарговай вечарынай людзі звязваюцца са мной, знаёмяць са сваімі творамі (калі я іх ніколі не чуў) — і наперад!

‑ Кожная імпрэза мае нейкую тэму. Адкуль жа яны з’яўляюцца?

‑ Гэта інтуітыўны пошук… Слова ці словазлучэнне, якое, на мой погляд, адпавядае мерапрыемству і перыяду, калі яно праводзіцца. Увогуле на нашых вечарынах шмат інтуіцыі і імправізацыі. Раз‑пораз гэта, можа, выглядае крыху наіўна. Але ў гэтым ёсць нешта ад сапраўднай свабоды і творчасці…

‑ На ваш погляд, у чым унікальнасць «Вежы міру»?

‑ Як мне здаецца, лепшае, чаго я з сябрамі здолеў дабіцца, — гэта стварэнне творчай атмасферы, якая штурхае да напісання чагосьці новага, больш якаснага, якая дазваляе творча расці. У «Вежы міру» ёсць адметны стыль. І многім ён прыйшоўся даспадобы.

‑ А чаго праекту не хапае?

‑ Машынальна хочацца адказаць — грошаў, але гэта не так. Хоць «Вежа міру» ніякай падтрымкі, акрамя музейнай, не мае, пакуль гэтае пытанне не было прынцыповым. Магчыма, нехта з наведвальнікаў называе нашыя сустрэчы самадзейнымі — і гэта сапраўды так. Але, мне здаецца, рост павінен адбывацца паступовы. На пустым месцы зрабіць нешта вартае цяжка. І ў сваім фармаце ў нас атрымліваецца даволі не блага.

Але пакуль няшмат людзей ведае пра нас. Рэклама — вось адзін з перспектыўных накірункаў. А таксама супрацоўніцтва з іншымі культурнымі арганізацыямі і фондамі: было б цікава папрацаваць над супольным праектам. Але пэўная ізаляванасць, пры ўсёй яе адкрытасці, характэрна не толькі для нашага праекту, але і для многіх іншых.

‑ Ці ёсць у вас нейкія планы развіцця «Вежы міру»?

‑ Так. Невядома толькі, наколькі атрымаецца іх ажыццявіць.

Для правядзення музычных мерапрыемстваў будзе набыта абсталяванне, і з’явіцца магчымасць прадстаўляць пляцоўку для гуртоў з электраінструментамі. Адсутнасць якаснага гука не раз адчувалася падчас імпрэз. Магчыма, будзем выкарыстоўваць іншыя пляцоўкі, хоць асноўнай і застанецца музей М. Багдановіча. Ёсць жаданне правесці некалькі фестываляў і паэтычных слэмаў. Было б хораша задзейнічаць новых аўтараў. У Беларусі шмат таленавітых маладых людзей…

‑ Вы сутыкаецеся з даволі значнай колькасцю творцаў. Ці заўважылі, куды рухаецца сучаснае беларускае мастацтва?

‑ У пэўнай ступені, сапраўдная беларуская культура зараз — гэта праца энтузіястаў. Хобі, андэграунд… Зарабляюць на мастацтве слова і музыкі адзінкі. Таму і адносіны да творчасці крыху несур’ёзныя, нават нібы сарамлівыя. «Ну, я трохі пішу» ці «Я спрабую спяваць»… Гэта перашкаджае аддавацца творчасці цалкам. І мала хто можа пазбавіцца ад комплекса непаўнавартасці. Сітуацыя нагадвае бег на месцы — здаецца, ужо і стаміліся, а выніку не відаць. І гэта пры велізарнай колькасці таленавітых музыкаў і літаратараў.

‑ Як вы лічыце, чаму так адбываецца, што таленты, тыя ж паэты, вядомыя толькі ў даволі вузкім коле зацікаўленых?

‑ Колькі ўвогуле людзей зараз захапляюцца паэзіяй, наведваюць адпаведныя імпрэзы? Не думаю, што іх набярэцца больш за некалькі тысяч, і гэта ў двухмільённым горадзе. Кнігі тыражом у 200‑300 экземпляраў прадаюцца па некалькі гадоў. Але нельга ўсё спісваць на аудыторыю.

Калі на вечарыну прыходзіць некалькі чалавек, то вінаватыя не яны, а арганізатары. Каб людзі наведвалі мерапрыемствы, ім павінна быць цікава. На вечарыне мусяць прысутнічаць элементы шоу, інтэрактыву і многія іншыя рэчы. Старых сродкаў не будзе хапаць. Трэба нешта выдумляць і адчуваць час…

Першая імпрэза ў рамках «Вежы міру» адбылася ў лістападзе 2008 г. Наступнае мерапрыемства — фестываль хэнд‑мэйда «…Поруч…» — можна наведаць 30 чэрвеня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?