«Газпром» аплаціў транзіт газу па беларускай тэрыторыі ў адпаведнасці з дзейным кантрактам і не мае доўгу перад Беларуссю.

Пра гэта заявіў 25 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік расійскага канцэрна Сяргей Купрыянаў, каментуючы словы прэзідэнта Беларусі, паведамляе РІА Новости.

Сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з урадам па супрацоўніцтве з КНР запатрабаваў ад Масквы на працягу сутак поўнасцю пагасіць запазычанасць за транзіт газу па тэрыторыі Беларусі. «Яшчэ раз папярэджваю ўрад: нявыплата «Газпромам» у поўным аб’ёме паслуг у найбліжэйшыя суткі павінна прывесці да прыпынення ўсякіх паслуг для Расійскай Федэрацыі па транспарціроўцы вуглевадароднай сыравіны — нафты і газу», — заявіў ён.

«Газпром» 24 чэрвеня пералічыў Мінску 228 млн. долараў за транзіт газу, але Мінск патрабаваў 260 млн. і працягвае настойваць на гэтай лічбе. Разбежка ўзнікла ў сувязі з рознымі поглядамі бакоў на стаўку транзіту: у Беларусі гавораць пра 1,88 даляра за тысячу кубаметраў газу на 100 км, у Расіі — пра 1,45 даляра.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?