Для аховы правапарадку на мерапрыемствах з нагоды Дня Незалежнасці па ўсёй краіне будзе задзейнічана каля 14 тысяч супрацоўнікаў міліцыі.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі 25 чэрвеня паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Барсукоў.

У Мінску забяспечваць правапарадак будуць прыкладна 4 тысячы міліцыянераў, большасць з якіх будуць у цывільнай вопратцы. Яны будуць працаваць на саміх мерапрыемствах, на пунктах пропуску і за знешнім перыметрам агароджы, забяспечваць кантроль за падзеямі.

У прыватнасці, як адзначыў Аляксандр Барсукоў, сёлета трапіць праз КПП за турнікет на якім‑небудзь мерапрыемстве, выпіўшы на падыходзе да яго алкаголь, наўрад ці атрымаецца. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў будуць адсочваць сітуацыю. Акрамя таго, усе мерапрыемствы плануецца фіксаваць на відэа.

Несці службу ва ўзмоцненым рэжыме супрацоўнікі міліцыі будуць з 8.00 2 ліпеня па 22.00 4 ліпеня. На час святкавання ў МУС ствараецца сітуацыйна‑аператыўны штаб. Такія ж структуры з’явяцца на ўзроўні абласцей і раёнаў. Ідзе праца па фарміраванні рэзерваў на выпадак неспадзяваных акалічнасцяў.

Паколькі допуск на мерапрыемствы будзе ажыццяўляцца праз металадэтэктары,

Аляксандр Барсукоў папрасіў гледачоў прыходзіць загадзя, не прыносіць з сабой калюча‑рэжучыя прадметы, буйнагабарытныя сумкі.

Ён нагадаў, што ў 2009 годзе ў святочных мерапрыемствах з нагоды Дня Незалежнасці ўдзельнічала каля 2,5 мільёна чалавек, у Мінску — каля мільёна. Традыцыйна самым масавым відовішчам стаў феерверк каля стэлы «Мінск — горад‑герой», дзе сабралася амаль 500 тысяч гледачоў. Паводле слоў Барсукова, каб убачыць феерверк, не абавязкова прыязджаць да стэлы.

Аналагічныя феерверкі будуць арганізаваны ў шасці кропках горада.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?