Дзмітрый Мядзведзеў разлічвае, што Беларусь будзе «дакладна выконваць свае абавязацельствы» ў газавай сферы. Пра гэта прэзідэнт Расіі, які знаходзіцца ў Канадзе, заявіў 25 чэрвеня падчас відэаканферэнцыі з удзелам старшыні праўлення «Газпрома» Аляксея Мілера. Фрагменты мерапрыемства паказаў канал «Вести 24».

«Добра, што канфлікт уладжаны, таму што заўсёды правільна завяршаць такога кшталту мерапрыемствы як мага хутчэй, — сказаў Мядзведзеў. — Беларускі бок расплаціўся. Гэта добра. Хаця дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што ім гэта трэба было зрабіць раней, а не ствараць праблемы, збіраць даўгі і ў канчатковым выніку не ствараць такіх сітуацый».

«Я спадзяюся, што яны будуць больш абачлівыя і будуць дакладна выконваць свае кантрактныя абавязацельствы», — заявіў расійскі кіраўнік.

25 чэрвеня на нарадзе з урадам, якая была прысвечана супрацоўніцтву з КНР, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дае Маскве суткі на пагашэнне ў поўным аб’ёме запазычанасці за транзіт газу.

«Яшчэ раз папярэджваю ўрад: нявыплата «Газпромам» у поўным аб’ёме паслуг у найбліжэйшыя суткі павінна прывесці да спынення ўсялякіх паслуг для Расійскай Федэрацыі па транспарціроўцы вуглевадароднай сыравіны — нафты і газу», — сказаў Лукашэнка.

Аляксей Мілер у ходзе канферэнцыі сказаў Мядзведзеву, што дапаўненні да кантракта па ўмовах транзыту расейскага газу праз Беларусь на 2010 год ужо ўзгодненыя, але не падпісаныя: «Мы падпішам гэты дакумэнт у бліжэйшы час. Аплата за транзіт да цяперашняга часу расейскім бокам, «Газпромам», ажыццяўлялася па базавай стаўцы, якая адлюстраваная ў кантракце, падпісаным у снежні 2006 года. У адпаведнасці з гэтым кантрактам, калі няма дапаўнення, як у нашым выпадку, на бягучы год, то дзейнічае базавая стаўка 1 даляр 45 цэнтаў за тысячу кубаметраў на 100 кіламетраў».

Дзмітрый Мядзведзеў адрэагаваў на гэта: «Гэта відавочна для любога чалавека, які валодае элемэнтарнымі юрыдычнымі ведамі, а не займаецца палітыканствам. Таму плаціць павінны па гэтай стаўцы. Як толькі яны дамовяцца з намі пра нейкую іншую стаўку, натуральна, мы будзем плаціць па іншай стаўцы. Усё астатняе — гэта эмоцыі, якія, як правіла, ствараюць дадатковыя праблемы. Таму, я спадзяюся, яны трошкі ахалодзяцца, нашы партнэры, і будуць працаваць так, як прынята ў гэтых адносінах, будуць працаваць сумленна, па-партнёрску. Яшчэ раз паўтараю, не займаючыся палітыканствам, а добрасумленна выконваючы свае кантрактныя абавязацельствы».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?