25.06.2010 / 23:05

Лукашэнка — Еўропе: «На Расію спадзявацца абсалютна нельга» 21

Ягонае інтэрв’ю «Еўраньюс» каментуе ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Аналітыкі ламаюць дзіды, хто перамог у газавай вайне. Ва ўсякім разе, на «Еўраньюс» дуэль з «Газпрамам» Лукашэнка выйграў адназначна.

Канал «Еўраньюс» паказаў увечары 25 чэрвеня ўстык дзве гутаркі — з газпрамаўскім споўксмэнам Купрыянавым і Лукашэнкам. На фоне анемічнага Купрыянава, што прамаўляў драўляныя фразы ў духу «спрэчкі гаспадарчых суб’ектаў», беларускі афіцыйны кіраўнік выглядаў згусткам эмоцый, і найперш — праведнага гневу.

Гэты быў той выпадак, калі дастаткова было назваць рэчы сваімі імёнамі.

«У іх вока гарыць на дзяржаўную ўласнасць у Беларусі», — патлумачыў Лукашэнка першую сапраўдную прычыну газавай атакі. Маўляў, «хочуць прыхапіць яе за бесцань».

Другая ж прычына — «ім не падабаецца тут Лукашэнка».

Ну і трэцяе — «асабістыя матывы, пра якія вы таксама добра ведаеце».

Увогуле атрымалася не столькі пра газ, колькі пра выбары.

«Усё абсалютна зразумела. Ідзе ціск напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. І наша апазіцыя, і яны [расійцы] мяркуюць, што Лукашэнка дзеля захавання ўлады перад выбарамі, каб Лукашэнку Крэмль падтрымаў і прызнаў, здасць усё», — патлумачыў ён карэспандэнту «Еўраньюс», якога па-свойску называў Аляксеем.

Пра абарону незалежнасці, імперскае мысленне Крамля ды жаданне ўтрымаць Беларусь у сферы свайго ўплыву гаспадар кабінета казаў у такіх выразах і так палымяна, нібы ягонымі вуснамі прамаўляў сам Зянон Пазняк.

Сутнасць крамлёўскага падыходу да Беларусі была сфармулявана пяццю інфінітывамі запар: «Узяць, скруціць, нахіліць, прыціснуць, задушыць».

Усё было горача і пераканаўча. Еўропа ўбачыла змагара-незалежніка.

Заадно ён падкрэсліў, што еўрапейцам варта болей інтэнсіўна шукаць альтэрнатыўныя шляхі пастаўкі вуглевадароднай сыравіны: «На Расію спадзявацца абсалютна нельга».

Аднак Еўропа не пачула ні слова пра тое, чаму з гэнакай брыдкай, невылечнай, драпежнай імперыяй мудрае кіраўніцтва сінявокай рэспублікі 15 гадоў гуляе ў «раўнапраўную інтэграцыю». І не выключана, што яшчэ глыбей засуне суверэнітэт у імперскую пашчу, падпісаўшы пасля выбрыкаў Мытны звяз.

Аляксандр Класкоўскі

0
Кот / Адказаць
26.06.2010 / 00:32
Аднак Еўропа не пачула ні слова пра тое, чаму з гэнакай брыдкай, невылечнай, драпежнай імперыяй мудрае кіраўніцтва сінявокай рэспублікі 15 гадоў гуляе ў «раўнапраўную інтэграцыю». І не выключана, што яшчэ глыбей засуне суверэнітэт у імперскую пашчу, падпісаўшы пасля выбрыкаў Мытны звяз. --- Так вось гэта i незразумела. Чаму, калi цэны на энерганосьбiты ўжо незваротна амаль выведзеныя на сусьветныя, працягвае й надалей iснаваць "схема", з дапамогай якой, Масква робiць свае iмперскiя справы? У чыiх яна iнтарэсах цяпер та? Адказ вiдавочны- выключна ў лубянскiх.
0
wint / Адказаць
26.06.2010 / 01:19
Аднак Еўропа не пачула ні слова пра тое, чаму з гэнакай брыдкай, невылечнай, драпежнай імперыяй мудрае кіраўніцтва сінявокай рэспублікі 15 гадоў гуляе ў «раўнапраўную інтэграцыю». ------------------------------------------ Ну, напрыклад, вам таксама могуць не падабацца брыдкі, невылечны, драпежны ЖЭС увогуле, ды ягоны кіраўнік, са сваімі сантэхнікам ды электрыкам у прыватнасьці. Але вы карыстаецеся іхнымі паслугамі, бо няма ў вас іньшага ЖЭСу. :) Што ў сваю чаргу не замінае вам назваць іх під*расамі. :)
0
Яўген / Адказаць
26.06.2010 / 02:22
ламаюць - гэта па-беларуску?
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру