27.06.2010 / 12:14

«Гайдамакі», Вольскі і Будзьма together! 11

З Нарвілішкаў, з Be2Gether піша Ліза Кавальчык.

На літоўска-беларускім памежжы ў чарговы раз прайшоў музычны фэст Be2Gether. Сярод іншых, яго разам наведалі паслы паслы Беларусі ў Літве Дражын і Літвы ў Беларусі Багдонас. З Нарвілішкаў піша Ліза Кавальчык.

Намётавае мястэчка пад Нарвілішкамі.

Паслы Дражын (у цэнтры) і Багдонас (справа) таксама наведалі фестываль.

Чысты лёд быў папулярным ласункам.

Дарога на Нарвілішкі.

Цэнтр беларускае праграмы, канцэрт Вольскага, сабраў 200 чалавек.

Калі ў мінулыя разы падчас правядзення фэсту Be2Gether на беларускай мытні складалі аператыўныя спісы з імёнамі наведнікамі паўпадпольнага фэсту, дык сёлета дайшло да поўнай яго поўнай легалізацыі. Пры перасячэнні мяжы маладыя беларусы высвятлялі, што абшукваць і занасіць хоць у якія спісы іх ніхто не збіраецца. На разгубленыя позіркі маладзёнаў памежнікі весела рэагавалі: «Штосьці вы нейкія мутныя. Ці вы хочаце трапіць на фестываль, ці вы не? Едзьце ўжо, едзьце, а то сапраўды правяраць будзем».

Беларускіх буданоў на Be2Gether ажно тры.
Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» выставіла ў сваёй павеці ды-джэяў і маечкі «За, Беларусь!». На імправізаваным подыуме з драўляных скрыняў выступалі Віталь Рыжкоў, Марыя Мартысевіч і Алеся Башарымава. Разумеючы праз паўслова, літоўская публіка разгарачылася, і думаючы, што тут ідзе імправізаванае спаборніцтва рэчытатываў, распіхваючы паэтаў, пачалі лезці на сцэну з рэп-іправізацыямі ўласнага сачынення.

Грамадская кампанія за прышчапленне беларушчыны масам «Будзьма беларусамі!» ў сваім будане частавала ды-джэямі і роспісам па целе. Тамсама адбылася літоўская прэзентацыя бела-чырвоных саколак з надпісам «Я ёсць» і маечак з нацыянальна арыентаваным сабакам Валетам (аўтарства Лявона Вольскага). Літоўцаў тут таўклося найбольш. «Бульба» і «Лукашэнка» — гэтыя словы тут гучалі найчасцей.

«Вас тут на фэстывалі стала больш, — кажа літоўская дзяўчына Аніта, якой беларускі мастак Алесь Таболіч наносіць бодзі-арт на грудку. — Ну што сказаць пра беларусаў? Ніякіх прэтэнзіяў да людзей, толькі станоўчыя эмоцыі, але, паміж намі, як можна спакойна трываць Лукашэнку?»

Ля намётавага лагера, бліжэй да народу, стаяў невялікі намёт грамадскага руху «Гавары праўду». Праўда жыцця — у любую хвілю можа пайсці дождж, і таму праўдагаварыльцы раздавалі дажджавікі з сімволікай кампаніі.

Фактычна чацвёртым беларускім павільёнам зрабілася сельпо ў блізкай вёсцы Нарвілішкі. У вёсцы, населенай беларусамі, магазін заклічна гарэў дадатковай ілюмінацыяй і прадаваў піва ў два разы танней, чым на фэсце.

Калі аўстралійская фрык-дыскатэка Empire of the Sun сабрала блізу тысячы літоўцаў і беларусаў, дык айчынныя гурты збіраюць адно сваіх. Але не бяды: выйшла вельмі ўтульна. На заходзе сонца блізу 200 чалавек у атмасферы лучнасці душаў праслухалі новую праграму Лявона Вольскага «Белая яблыня грому»
на словы айчынных паэтаў і новыя з кампазіцыі «Крамбамбулі». Пасля канцэрту Лявон нейкі час быў даступны ў рэале для сумесных фотаздыманняў.

Калі беларускай прысутнасці на памежным фэсце паболела, дык беларусаў да жалю, не. За 185 тысячаў можна было не толькі набыць квіток, але і аўтаматычна атрымаць літоўскую візу, і шмат хто выкарыстаў свой праязны дакумент у Літву, каб праехацца на Балтыйскае мора або ў Вільню. Але хто прыбыў на Be2Gether, не шкадавалі: «Тут так свабодна, — кажа Віктар з Мінску, у адной руцэ кубак з півам, у другой малы сын. — Але ў нас такога вялікага фэсту ўявіць немажліва — не тое што магчымасці не дазваляюць, але пачаліся б бясконцыя праверкі арганізатараў, перашкоды. Неяк так складана нам даюцца падобныя мерапрыемствы».

Акрамя музыкі на Be2Gether быў звыклы ўжо набор атракцыёнаў.

Спярша можна было размаляваць цела бодзі-артам, потым выкачацца ў гразюцы і наастачу памедытаваць у павільёне з індыйскай музыкай.

Футбол не глядзеў ніхто — заўсёды можна было набраць сяброў у Беларусі і спытаць лік (балазе зона пакрыцця там беларуская).

Нават памежнікі спрыялі святочнаму настрою. У НАТОпадобнай форме літоўскія памежнікі вельмі маляўніча глядзеліся з палявымі біноклямі, якімі яны аглядалі ўцешаную моладзь, а іх беларускія калегі асвятлялі перыметр мяжы зыркімі пражэктарамі.

З найбольш чаканых гуртоў былі ўкраінскія «Гайдамакі» — у шараварах, з асяледцамі і электрагітарамі, а таксама з касой наперавес,
завялі публіку з паўабарота і давялі, што нездарма ужо столькі гадоў прафесійна працуюць жывой іконай украіншчыны. Зусім з іншай, ужо з электра-хіпхопавай, оперы быў выступ Roots Manuva. І на галоўную страву — вечна паголеная салістка Скін хоць не выканалі ўсе свае хіты, але яе гурт Scunk Anansie давёў публіку да экстазу, калі ўжо на другой песні яны парвалі барабан, і колькі кампазіцыяў выканаў у акустычнай версіі.

* * *

НН пра Нарвілішкі 100 гадоў таму

Нарвелішкі. За лесам — рэшткі аграмністых муроў старадаўняга манастыра. Цяпер яшчэ стаіць вялізная званіца, але на месцы самога манастыра стаіць ужо толькі… крыж. Ніжэй жа збудаваны новы вялікі на два этажы дом. Тут вучаць цяпер маладых дзяўчатак розных гаспадарскіх работ.

Ядвігін Ш. «Лісты з дарогі»

«НН». №26. 1910

Ліза Кавальчык

0
ololo / Адказаць
27.06.2010 / 15:30
у які раз прайшоў фэст? папраўце, бо першы фест адбыўся ў 2007, вы яшчэ пра гэта пісалі. http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=11035&p=1&c2=&combo_calmonth=3&combo_calyear=2007
0
Глядач / Адказаць
27.06.2010 / 15:52
Пра складанне спiсау на мяжы i паупадпольны фэст - лухта поуная!
0
Глядач / Адказаць
27.06.2010 / 19:26
Выступы беларускiх гуртоу Akute, Cherryvata, Open Space зацiкавiлi аутарку менш, чым таннае пiва у сельпо.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру