Раніцай 22 верасьня ў Менску быў складзены пратакол на 78-гадовага каталіцкага сьвятара а. Антонія Кочку. А. Антоній Кочка, грамадзянін Польшчы, нарадзіўся на Беларусі, тут дасёньня жывуць ягоныя сваякі, і апошнія 15 гадоў служыў у вёсцы Замосьце Слуцкага раёну Меншчыны.

Ён праездам наведаў Менск і адслужыў мэсу ў царкве сьвятых Сымона і Алены а 9-й гадзіне.

Калі ён вярнуўся ў рызьніцу, да яго падышлі два чалавекі ў цывільным (мужчына і жанчына) і сказалі, што ён парушыў закон Рэспублікі Беларусі пра рэлігійную дзейнасьць, бо адслужыў без дазволу адпаведнай сьвецкай улады. Паводле сёньняшняга беларускага закону, перавод з прыходу ў прыход сьвятара –іншаземца ажыцьцяўляецца Курыяй толькі з дазволу Камітэту па справах рэлігій.

Пасьля складаньня пратаколу на а. Антонія Кочку, яго адвезьлі ў суд і забралі пашпарт. Судовае паседжаньне прызначылі на 11-ю гадзіну 28 верасьня, пасьля чаго сьвятара адпусьцілі.

Паводле слоў менскага сьвятара а. Ігара Лашука, а. Антоній Кочка хворы на цукровы дыябэт і пачуваецца дужа блага. Верагодна, ён будзе дэпартаваны.

Беларускі партал "ЦАРКВА" з спасылкай на http://hithlin.livejournal.com/

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0