У прыватным архіве аднаго беларускага эмігранта захоўваецца рукапісная копія дакумэнту, які пралівае сьвятло на прычыны арышту немцамі летам 1942 г. экзарха Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Антона Неманцэвіча. Арыгінал спачатку перахоўваў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, пасьля – Усевалад Родзька. У лістападзе 1944 г. у Нямеччыне ён, разам зь іншымі матэрыяламі, перадаў рукапіс Міхалу Вітушку. Надалей яго перахоўваў удзельнік беларускага супраціву, які жыў у Заходняй Нямеччыне. Апошні раз арыгінал дакумэнту бачылі ў 1962 г., менавіта тады зь яго была зробленая рукапісная копія.

Вінцэнт Гадлеўскі хацеў дамовіцца з украінцамі пра змаганьне і супраць немцаў, і супраць бальшавікоў.

Вясной 1942 г. ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі пачаў наладжваць сталую сувязь з украінскім нацыянальным рухам і найперш з Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў на чале з Бандэрам. Ён хацеў дамагчыся вываду ўкраінскіх вайсковых аддзелаў зь беларускай тэрыторыі, а таксама спыненьня «беларуска-ўкраінскіх непаразуменьняў» на Палесьсі. Акрамя гэтага, Гадлеўскі як адзін зь лідэраў беларускага руху супраціву плянаваў дамовіцца з бандэраўцамі аб змаганьні «на два франты»: і супраць немцаў, і супраць саветаў. Дзеля гэтага ён спадзяваўся выкарыстаць свае старыя сувязі зь мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Аднак паўстала пытаньне з выбарам асобы, якая адправілася б з гэткай далікатнай місіяй у Львоў.

У сярэдзіне траўня 1942 г. адбылася сустрэча ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага зь сябрам Беларускай незалежніцкай партыі па мянушцы «Язафат». Апошні быў беларускім уніяцкім сьвятаром і сябрам Экзархальнай рады Беларускага грэка-каталіцкага экзархату. Гаворка ішла аб магчымасьці выкарыстаньня сувязяў айца-экзарха Антона Неманцэвіча для перадачы мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму лістоў Гадлеўскага, а таксама атрыманьня ад яго дапамогі ў справе ўсталяваньня сувязі з кіраўніцтвам АУН(б). Неўзабаве адбылася другая сустрэча Гадлеўскага і «Язафата», на якой прысутнічаў і А.Неманцэвіч. Апошні пагадзіўся дапамагчы «Язафату» выканаць заданьне Гадлеўскага ў Львове. А нагодай для паездкі стаў III Сабор экзархаў, які мусіў адбыцца з 9 па 15 чэрвеня 1942 г.

Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі маліўся за мір між беларускім і ўкраінскім народамі.

«Па прыбыцьці ў Львоў, а.Антоні перадаў мне, што сустрэча зь мірапалітам А[ндрэем] Ш[аптыцкім] адбудзецца позна ўвечары 11 чысла, – піша «Язафат» у справаздачы Гадлеўскаму ад 29 чэрвеня 1942 г. – Напраўду, вечарам каля 11.30 нас правадзілі да мітрапаліта. Там я, у прысутнасьці а.А[нтонія], перадаў мітрапаліту ліст. Прачытаўшы яго, ён сказаў мне, што сам ён нічога вырашыць ня можа. Але моліцца за мір паміж нашымі народамі і разумее ўсё гора вайны. Таксама ён нагаласіў, што «немцы не прынесьлі таго вызваленьня, на якое мы спадзяваліся». Ліст ён спаліў, але мне сказаў аб спрыяньні сустрэчы з кіраўнікамі АУН.

Паколькі ў Львове гэта рабіць небясьпечна, мітрапаліт запрапанаваў нам выехаць ва Ўніўскі манастыр, куды прыйдуць упаўнаважаныя АУН. Падарожжа адбылося вечарам 12 чэрвеня».Далей «Язафат» распавядае пра тое, як уначы да іх прыйшоў прадстаўнік АУН(б), які назваўся ўпаўнаважаным на перамовы «Цьвякам». Пасьля гутаркі ўкраінец прапанаваў сьвятарам пайсьці ў лясны лягер і выкласьці прапановы іншым АУНаўскім кіраўнікам. Неманцэвіч адмовіўся, а «Язафат» пайшоў.

«У лягеры мы сустрэлі яшчэ траіх украінцаў, і я пераказаў ім Вашыя прапазыцыі, – піша «Язафат». – Мне адказалі, што таксама рыхтуюцца да агульнага паўстаньня, але крыху пазьней. А нашы просьбы аб вывадзе ўкраінскіх аддзелаў перададуць палітычнаму кіраўніцтву…»

Пасьля гэтага яго правялі да манастыра, адкуль ён разам зь Неманцэвічам выехаў у Львоў. Там «Язафат» зноў сустрэўся з Шаптыцкім, распавёў аб падарожжы, атрымаў ліст да Гадлеўскага.

Аб тым, што летам 1942 г. уначы ў манастыр прыяжджалі «два беларускія сьвятары», аднаму з аўтараў гэтых радкоў у ліпені 2003-га распавядаў найстарэйшы гераманах-студыт а.Гедыён.

Вацлаў Аношка. Магчыма, ён быў таямнічым «Язафатам».

Празь некалькі тыдняў пасьля вяртаньня беларускіх сьвятароў у Беларусь, у менскае гестапа і СД з райхскамісарыяту «Ўкраіна» паступіла інфармацыя, што падчас працы Львоўскага сабору экзархаў А.Неманцэвіч вёў, пры пасярэдніцтве мітрапаліта Шаптыцкага, перамовы з АУН(б) аб супольнай антынямецкай барацьбе. Паведамлялася, што Неманцэвіч пагадзіўся выконваць ролю сувязнога паміж групай Гадлеўскага і АУН і што ён займае высокае становішча ў беларускім нацыянальным руху супраціву. Апошняе не адпавядала сапраўднасьці. Нямецкія спэцслужбы сачылі за Неманцэвічам у Альбярціне, але гэта не дало плёну. Тады з Бэрліна прыйшла санкцыя на допыт, а калі спатрэбіцца – і арышт Неманцэвіча. Яго арыштавалі і даставілі ў Менск. Экзарх Антон Неманцэвіч ня выдаў ані Гадлеўскага, ані сябра Рады Экзархату і адначасова сябра БНП па мянушцы «Язафат». Ён памёр у зьняволеньні 6 студзеня 1943 г. у Менску.

Можна меркаваць, што пад мянушкай «Язафат» схаваўся айцец Вацлаў Аношка. Летам 1944 г. ён выехаў у Польшчу. Памёр уніяцкі сьвятар 2 лютага 1966 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?