Ужо некалькі гадоў запар у Мінску праводзіцца акцыя «Мінчане — супраць раку», накіраваная на прафілактыку анкалагічных захворванняў. Сёлета мерапрыемства адбудзецца пад дэвізам «Здаровая скура — таксама важна» і будзе прысвечана прафілактыцы раку скуры.

Акцыя пройдзе 5 ліпеня з 9.00 да 18.00 ва ўсіх дарослых лячэбна‑прафілактычных установах горада, паліклініках, прыёмных аддзяленнях клінічных бальніц, клінічных анкалагічным і скурна‑венералагічным дыспансэрах.

У гэты дзень любы ахвотны жыхар Мінска зможа трапіць на прыём да кваліфікаваных спецыялістаў, анколагаў і дэрматолагаў, першасны агляд таксама будуць праводзіць хірургі.

Пра тое, наколькі актуальнай анкалагічнай праблемай з’яўляецца рак скуры, расказаў галоўны пазаштатны анколаг камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкадыспансэра, кандыдат медыцынскіх навук Зігмунд Гедрэвіч.

— Скура з’яўляецца самым буйным органам у чалавека, бо займае большую частку цела. І, зразумела, на гэтую частку прыпадае значная колькасць захворванняў. Анкалагічныя — адны з іх. Пік захваральнасці на рак скуры прыпадае на ўзрост 70—74 гады. Такім чынам, кожны другі чалавек, які дасягнуў 70‑гадовага ўзросту, мае рызыку захварэць на злаякасную пухліну скуры.

Гэтыя пухліны могуць дастаткова хутка вывесці хворага са строю і нават прывесці да лятальнага канца. Найбольш часта сустракаецца такая форма раку скуры як базаліёма.

Гэта ўтварэнне, якое пашкоджвае адкрытыя ўчасткі скуры: твар, рукі і інш. Часцей за ўсё церпяць людзі, якія маюць светлы колер скуры і валасоў. Базаліёма працякае адносна спрыяльна, яна не дае аддаленых метастазаў, г. зн. не дае даччыных ачагоў у органы і тканкі.

Больш агрэсіўна працякае плоскаклетачны рак скуры. Ён мае прыкладна такія ж клінічныя характарыстыкі, як і базаліёма, і недасведчанаму чалавеку складана адрозніць гэтыя дзве формы анкалогіі. А між тым плоскаклетачны рак скуры ўжо на працягу года дае метастазы ў рэгіянарныя лімфатычныя вузлы, можа метастазіраваць у косткі, лёгкія, галаўны мозг. Калі гэтае захворванне своечасова не пачаць лячыць, то могуць развіцца вельмі сур’ёзныя наступствы.

Яшчэ больш небяспечнай з’яўляецца меланома. Гэтая злаякасная пухліна развіваецца часцей за ўсё з радзімых знакаў і ў некаторых асобаў працякае імгненна. Чалавек можа загінуць на працягу аднаго года. Гэта гаворыць пра вялікую агрэсію пухліны.

Пухліны, якія я назваў, вельмі часта размяшчаюцца на адкрытых, бачных участках цела. Аднак клініка іх такая, што чалавек, як правіла, не звяртае на гэтыя ўтварэнні ўвагу. Часам яны падобныя на звычайныя запаленыя прышчыкі, пакрытыя лупінай. Бывае, гэта радзімка, якую бачым шмат гадоў, але потым у ёй пачалі адбывацца змены. Напрыклад, у выніку траўмы ў аснове радзімкі з’явілася запаленне, яна пачала кроватачыць, змянілася яе форма. Як правіла, пацыентаў гэта зусім не насцярожвае, але выклікае трывогу ва ўрачоў. Таму мэта акцыі «Мінчане супраць раку» выявіць менавіта тых пацыентаў, якія нават не дапускаюць, што ў іх ёсць злаякасная пухліна на скуры. І мы хацелі б, каб усе мінчане, у якіх ёсць незразумелыя ўтварэнні на скуры, звярнуліся ў свае паліклінікі да кваліфікаваных спецыялістаў, што будуць працаваць у гэты дзень, каб вызначыць прыроду такіх утварэнняў. Да ўрача трэба звярнуцца, калі: у поласці рота, на вуснах, языку з’явілася небалючае зацвярдзенне, язвачка; радзімы знак павялічыўся ў памерах, памяняў форму ці афарбоўку, з’явіўся сверб, кроватачывасць; працягла не загойваюцца язвачкі і трэшчыны на скуры твару, тулава, канечнасцях, палавых органах.

— Якія могуць быць меры прафілактыкі раку скуры?

— Трэба пазбягаць працяглага ўздзеяння прамых сонечных прамянёў (ультрафіялету) на скуру. Таму ў сонечныя дні варта насіць шыракаполыя капелюшы, каб абараніць твар і шыю, таксама рэкамендуецца карыстацца сонцаахоўнымі крэмамі. Трэба пазбягаць паўдзённага сонца, асабліва на моры ў трапічных і субтрапічных краінах. Неабходна своечасова лячыць запаленчыя працэсы скуры, выдаляць бародаўкі, папіломы і іншыя дабраякасныя ўтварэнні на скуры. І абавязкова звяртайцеся да ўрача пры з’яўленні прыкметаў паталогіі з боку скураных покрываў.

— Пра якія сучасныя метады лячэння раку скуры можна гаварыць сёння?

— Вядучым метадам з’яўляецца хірургічны. Але яго можна прымяніць не заўсёды. Калі паталогія знаходзіцца на спіне, жываце, іншых закрытых участках цела, то аператыўнае ўмяшанне прымяняецца. Але ж калі пухліна лакалізуецца на твары, гэты метад не заўсёды пажаданы ў сувязі з тым, што могуць застацца касметычныя дэфекты. Таму ў такіх выпадках прымяняюцца іншыя метады, напрыклад, караткафокусная рэнтгенатэрапія. Яна дае добры касметычны эфект і пасля застаецца толькі белаваты рубчык.

Апошнія гады выкарыстоўваецца электрадыструкцыя і лазерная тэрапія ў лячэнні базаліём.

Што датычыцца плоскаклетачнага раку, то ён бывае ў вялікіх памерах, і гэта патрабуе часцей за ўсё камбінаванага лячэння, спалучэння прамянёвага метаду і хірургічнага.

Хворыя з раннімі стадыямі раку скуры (1—2) вылечваюцца ў 80—100% выпадкаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?