01.07.2010 / 12:59

Памёр археолаг Уладзімір Ісаенка

(15.12.1928 — 30.06.2010).

30 чэрвеня 2010 года памёр адзін са старэйшых і найвыдатнейшых беларускіх археолагаў Уладзімір Фёдаравіч Ісаенка, актыўная навуковая дзейнасць якога прыйшлася на 1960 — 1980‑ыя гады. Ён з той плеяды пасляваенных айчынных археолагаў, якія адраджалі беларускую археалагічную навуку і стваралі навуковую школу. Археалогія каменнага веку Палесся — асноўны накірунак яго навуковых даследаванняў. Адкрыўшы сотні новых паселішчаў, яму ўдалося бліскуча даказаць, што забагненыя нізіны Палесся былі адным з найбольш заселеных рэгіёнаў старажытнай Беларусі. Уладзімір Ісаенка распрацаваў адну з першых версій гісторыі насельніцтва Беларускага Палесся ў эпоху каменнага веку. Менавіта ён яшчэ ў канцы 1960‑ых гадоў засведчыў, што ў межах Беларусі першыя земляробы і жывёлагадоўцы з’явіліся ў часы неаліту на берагах палескіх рэк і азёр.

Уладзімір Ісаенка нарадзіўся ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. Яго бацькі вучыліся ў той час у мясцовай Сельскагаспадарчай Акадэміі. У 1932 годзе сям’я пераехала ў Мінск. Фёдар Ісаенка, яго бацька, які працаваў у Наркамземе, у 30‑ыя трапіў пад рэпрэсіі, але ацалеў, пазней, у ваенныя часы, пайшоў працаваць аграномам у Мінскую гарадскую управу, а затым стаў удзельнікам Беларускай Народнай Самапомачы.

Падлеткам У.Ісаенка перажыў фашысцкую акупацыю Мінска. Не па‑дзіцячы назіральны і памятлівы, ён лёгка ўспамінаў многія падзеі жыцця акупаванага горада, якія ўражвалі сваёй рэалістычнасцю

(гл., напрыклад, У.Ісаенка. Жыцьцё з галавой ў пятлі // Arche. — 1999. — № 2. — С. 171‑184). У горадзе пры немцах працавалі беларускія народныя школы, у адной з якой працягваў вучобу У.Ісаенка, атрымаўшы пазней там атэстат і паступіўшы ў Мінскую прагімназію. Вясной 1944 г. ён разам з маці і бабуляй быў вывезены ў паўднёвую Германію, дзе, як остарбайтар па 12 гадзін працаваў на ваенным заводзе, час ад часу трапляючы пад бомбы саюзнікаў, якія перыядычна пляжылі нямецкую ваенную вытворчасць. Затым быў Берлін зімой і вясной 1945 г. з жудасцямі татальнага знішчэння горада і людзей. Тым больш, што хлопцу прыйшлося жыць і хавацца, паводле яго ўспамінаў, « у самым цэнтры, за два кварталы ад Ангальтэрбангоф, за тры — ад дому Гімлера, за чатыры — ад Райхсканцылярыі». Вызваленне з палону прынесла новыя клопаты і страхі за сваё жыццё. Нагодаю для пераследу маглі быць не толькі гады, пражытыя ў акупаваным Мінску ды вываз у Германію. «Малочны завод, дзе працавала маці, ‑‑ піша ў сваіх успамінах У.Ф.Ісаенка, ‑‑ яўна мог пацягнуць на калабарацыю, а пра Мінскую гарадскую ўправу я й не кажу. Бо ў вайну мой бацька спачатку працаваў аграномам у Мінскай гарадской управе, пасля ўдзельнічаў у Беларускай Народнай Самапомачы. Выехаў у Нямеччыну, апынуўся ў Штатах». Нечаканае выратаванне прыйшло ад стрыечнага брата маці, які да вайны служыў у НКУС. Ён накіраваў хлопца і яго маці ў Гомель, дзе той змог закончыць школу і паступіць у 1947 годзе ў Гомельскі педінстытут на фізіка‑матэматычны факультэт. Па заканчэнні, як адзін з лепшых студэнтаў, ён атрымаў рэкамендацыю на выкладанне ў ВНУ, але не скарыстаўся ёю, бо ведаў, якую праверку біяграфіі праходзяць інстытуцкія выкладчыкі. З 1951 года, атрымаўшы дыплом настаўніка матэматыкі, ён працаваў спачатку ў Шыіцкай, а пазней у Юравіцкай школах Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.

Менавіта тут, у Юравічах, у старадаўнім палескім мястэчку, у маладога настаўніка, а пазней дырэктара школы, абудзілася цікавасць да краязнаўства і гісторыі.

Юравічы набылі шырокую вядомасць дзякуючы адкрыццю ў 1929 годзе палеалітычнай стаянкі. Акрамя таго, у ваколіцах мястэчка археолагі знаходзілі вялікую колькасць іншых помнікаў эпох каменя і бронзы. На ўскраіне Юравічаў захаваліся валы гарадзішча — рэшткі невядомага сярэдневечнага горада Х — ХІІІ стст. (меркаванне археолага Алега Іова, якія цяпер вывучае Юравіцкае гарадзішча), а пасярод мястэчка велічна ўзвышаліся сцены трохнефнай базілікі — касцёла Раства Прасвятой Багародзіцы (ХVІІІ ст.). Сабраныя У.Ф.Ісаенкам у 1958 —1973 гг. матэрыялы па гісторыі мястэчка і яго ваколіцаў, пазней складуць вялікую рукапісную кнігу «Летопись Юрович», частка якой была надрукаваная ў 2000 г.

У канцы 1950‑ых гадоў У.Ф.Ісаенка пачаў арганізоўваць школьныя археалагічныя групы, з якімі праводзіў абследаванне помнікаў археалогіі ўздоўж Прыпяці. У Юравічах ён стварыў школьны археалагічны музей, у экспазіцыі і фондах якога пераважалі матэрыялы каменнага і бронзавага вякоў. Актывізацыі пошукавай археалагічнай дзейнасці каля Юравічаў спрыяла тая абставіна, што ў 1958 годзе археолаг У.Дз.Будзько і геолаг Л.М.Вазнянчук пачынаюць новы этап даследчых прац на Юравіцкай палеалітычнай стаянцы. Вялікая цікавасць да мінуўшчыны перарасла ў жаданне заняцца археалогіяй прафесійна. У 1961 годзе У.Ф.Ісаенка паступіў у аспірантуру Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі і пачаў працу над кандыдацкай дысертацыяй «Неаліт Прыпяцкага Палесся». І гэта яшчэ тады, калі многія навукоўцы па‑ранейшаму прытрымліваліся думкі пра параўнальна малую заселенасць Палесся ў глыбокай старажытнасці, спасылаючыся на забагненасць нізін у басейне Прыпяці. Перад маладым навукоўцам паўставалі надзвычай складаныя задачы. У першую чаргу неабходна было правесці шырокамаштабныя палявыя даследаванні. У фондах інстытута захоўваліся толькі рэшткі вернутых з Германіі даваенных калекцый. Нельга было, безумоўна, спадзявацца на музейныя зборы, аснову якіх складалі адзінкавыя выпадковыя знаходкі. Дысертацыю ён паспяхова абараніў у 1973 годзе. У 1960 — 1980‑ых гадах вучоны стварае свае асноўныя працы, праводзіць археалагічныя раскопкі на многіх старажытных паселішчах. У спісе Уладзіміра Ісаенкі больш за 500 навуковых і навукова‑папулярных прац.

Уражвае аб’ём сабранага за тыя дзесягоддзі археалагічнага матэрыялу — гэта сотні тысяч артэфактаў!

Калекцыйны фонд Ісаенкі мае каштоўнасць яшчэ і ў тым, што многія абследаваныя ім помнікі, а гэта найчасцей пясчаныя палескія дзюны, не захаваліся да нашага часу. Частка месцазнаходжанняў знішчалася падчас меліярацыі Палесся, засаджвалася лесам, аралася, забудоўвалася, ператваралася ў кар’еры. Вялікая колькасць палескіх помнікаў сталася недаступнай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пры ліквідацыі наступстваў радыяактыўнага забруджвання шмат помнікаў выкарыстоўвалася пад кар’еры і могільнікі. У сувязі з гэтым палескія калекцыі У.Ф.Ісаенкі можна па праву называць фондам выратаваных археалагічных каштоўнасцяў, якія для некаторых рэгіёнаў Палесся застаюцца на сёння бадай ці не адзінымі археалагічнымі крыніцамі.

У. Ісаенка заўсёды ўражваў сваёй начытаннасцю і эрудыцыяй, уменнем валодаць каласальным аб’ёмам ведаў. Сваю дасведчанасць у сістэматызацыі навуковай інфармацыі вучоны паспяхова праявіў у працы над многімі энцыклапедычнымі выданнямі. Ён уваходзіў у рэдакцыйныя калегіі многіх беларускіх энцыклапедый, быў кансультантам, рэдактарам і аўтарам вялікай колькасці энцыклапедычных артыкулаў (ім напісана больш за 400 артыкулаў для энцыклапедый!). У.Ф.Ісаенка — аўтар многіх гісторыка‑дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі «Памяць» (гл. бібліяграфію навуковых прац У.Ф.Ісаенкі). Акрамя ўласна археалагічных артыкулаў ён змяшчаў на старонках кніг «Памяці» напрацаваны ім матэрыял па розных перыядах мясцовай гісторыі, найперш на тэму Другой сусветнай вайны.

Захапленне вучонага ваеннай тэматыкай, бадай, нельга называць хобі. Вайна, якая пакінула ў памяці падлетка страшны след, не магла не прымусіць думаць усё жыццё пра яе і цікавіцца праўдзівай ваеннай гісторыяй. Я не памылюся, калі напішу, што Уладзіміра Ісаенку можна было па праву лічыць адным з самых дасведчаных у Беларусі храністаў Вялікай Айчыннай вайны. Варта таксама нагадаць, што ён захаваў пра вайну, у першую чаргу пра Мінск часоў фашысцкай акупацыі, яркія і рэалістычныя ўспаміны, якія, я спадзяюся, будуць запатрабаваныя айчыннай гістарычнай навукай. Сабраныя і сістэматызаваныя веды пра вайну дазволілі Уладзіміру Ісаенку прапанаваць цікавыя і грунтоўныя па свайму зместу артыкулы, рэцэнзіі, карты баявых дзеянняў для навуковых і навукова‑папулярных выданняў Беларусі. Уладзімір Ісаенка — першы ў Беларусі археолаг, які паспрабаваў спалучыць прафесійны археалагічны досвед і грунтоўныя ваенныя веды з дзейнасцю, якая была скіраваная на пошук невядомых пахаванняў часоў вайны. У другой палове1990‑ых — пачатку 2000‑ых ён паспяхова і плённа працаваў на пасадзе археолага‑кансультанта ў спецыялізаваным пошукавым батальёне, падрыхтаваў для камандзіраў падраздзялення дапаможнік па методыцы правядзення палявых прац, закладаючы тым самым тэарытычную і практычную аснову беларускай ваеннай археалогіі.

Крытыцызм і абачлівасць — адны з найбольш характэрных рысаў У.Ф.Ісаенкі як вучонага. Напэўна, гэтыя асаблівасці не дазволілі яму ў свой час завяршыць многія з распачатых даследчых праектаў, маўляў, для іх рэалізацыі толькі аднаго жадання мала. Ён імкнуўся рэалістычна глядзець на свет, па свойму ацэньваў жыццё. У свой час, дзякуючы менавіта яму і маючы за плячыма толькі адпаведны досвет студэнта‑гісторыка савецкага ВНУ, я пачаў адкрываць для сябе праўду пра вайну, Катынь, сталінскія рэпрэсіі, народную «партызанку» і многае іншае, што хавалася за шыльдамі савецкай прапагандысцкай гісторыі. А археалогія пачалася для мяне са студэнцкай археалагічнай практыкі на Піншчыне ў экспедыцыі Уладзіміра Ісаенкі на раскопках паселішча Камень. Пазней, амаль штогод я працаваў з ім. Палессе, у тым ліку дзякуючы Уладзіміру Ісаенку, стала для мяне той загадкавай археалагічнай краінай, якой я прысвячаю сваю навуковую дзейнасць да сёняшняга дня. Дзякуй яму за тыя дарагія мне сэрцу часы сумесных раскопак і вандровак па Палессю, а таксама за шчырыя і карысныя для мяне вячэрнія гутаркі на беразе Пагосцкага возера ды ў прасторных пакоях колішняй старасвецкай школы мястэчка Пагост‑Загародскі. Мой светлы ўспамін…

Мікола Крывальцэвіч

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру