02.07.2010 / 09:52

Зачынілася газета «Наш спорт»

Рэспубліканская газета «Наш спорт» 1 ліпеня спыніла сваё існаванне. Гэты сродак масавай інфармацыі выпускала магілёўскае выдавецтва «Ніка». Газета не дажыла месяц да свайго шасцігоддзя.

Выданне з’явілася ў жніўні 2004 года, незадоўга да старту летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах. «Наш спорт», які меў трохтысячны наклад і распаўсюджваўся па ўсёй тэрыторыі Беларусі, пісаў пра падзеі ў айчынным і сусветным спорце. Профільнымі тэмамі газеты былі гульнёвыя віды спорту: футбол, гандбол, хакей. За шэсць гадоў свет пабачыла 308 нумароў газеты.

«Наш спорт» выходзіў раз на тыдзень па серадах на 32 палосах.

«Асноўная прычына закрыцця газеты эканамічная, — заявіла БелаПАН заснавальнік выдавецтва Іна Гогарава. — Нам стала нявыгадна выпускаць «Наш спорт». Канешне, ад выпуску газеты мы атрымлівалі прыбытак, але ён быў у разы меншы за чаканы. Мы спрабавалі прадаць »Наш спорт», але дастойных прапаноў, на жаль, атрымаць не змаглі. Выдавецтва »Ніка» працягне выпуск газеты «Четверг», якая, як і »Наш спорт», прыходзіць да чытачоў па серадах».

Раней з эканамічных прычын закрыліся газеты «Спорт‑курьер» і «Советский спорт в Белоруссии».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру