Расійская тэнісістка Марыя Шарапава, якая наведвала Гомельскую вобласць 30 чэрвеня — 1 ліпеня ў якасці пасла добрай волі ПРААН, правяла прэс‑канферэнцыю у палацы Румянцавых і Паскевічаў.

 Марыя Шарапава на Гомельшчыне.

Марыя Шарапава на Гомельшчыне.

Многія пытанні журналістаў тычыліся асабістых адчуванняў тэнісісткі ад прыезду ў Гомель, дзе раней жылі яе бацькі.

«Я вельмі рада, што прыехала, гэты горад займае асаблівае месца ў маім сэрцы.

Калі мая мама была цяжарная, яна жыла тут, затым пакінула Гомель з‑за чарнобыльскай катастрофы.

Апошнім разам я прыязджала сюды 10 гадоў таму, і мне вельмі прыемна ісці па гэтых вуліцах і пазнаваць месцы, дзе я была, таму адчуваю сябе тут цудоўна, — сказала Шарапава. — Мы ездзілі ў кватэру, дзе жылі мае бацькі, там я пазнаёмілася з суседзямі. Рада, што прыехала цяпер, а не раней, бо толькі два гады таму пачалі рэалізацыю праектаў, з якімі мы працуем, і зараз я змагла на свае вочы гэта ўсё ўбачыць».

Журналісты пацікавіліся, да якой нацыянальнасці прылічвае сябе тэнісістка. »Я нарадзілася ў Расіі і жыла там сем гадоў, правяла сваё дзяцінства, але ведаю, што мае бацькі тут жылі. І калі я сюды прыязджаю, то адчуваю сябе часткай Гомеля. Але па нацыянальнасці я руская», — адказала спартсменка.

Марыя сказала, што сустрэлася са сваёй бабуляй, якую не бачыла два гады: «Сустрэча з ёю была вельмі добрая, у нас была сямейная вячэра. Бабуля перанесла аперацыю пару тыдняў таму, зараз яна адчувае сябе лепш».

Тэнісістка адзначыла, што для яе было вельмі важна ўсё ўбачыць самой, паразмаўляць з дзецьмі, даведацца, якая ім патрэбна дапамога.

Шарапава падкрэсліла, што ў яе вельмі мала часу на адпачынак і зносіны з сябрамі. «Але спорт — гэта маё жыццё, мая кар’ера. Ужо праз два дні ў мяне зноў пачнуцца трэніроўкі», — сказала яна.

Журналісты спыталі, ці бачылася вядомая тэнісістка з каралевай Вялікабрытаніі, якая ўпершыню за 33 гады наведала Уімблдон. «Калі б у мяне быў выбар — выйграць матч на Уімблдоне або пазнаёміцца з каралевай, то я б выбрала выйграць матч, для мяне гэта важнейшае. Уімблдон для мяне любімы турнір. А каралева глядзела толькі мужчынскі матч», — паведаміла Шарапава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?