«Научный антикоммунизм и антифашизм» з серыі кніг «Неизвестная история» атрымаў гучную назву кампендыюма і выйшаў накладам у тысячу асобнікаў.
Што праўда, падчас прэзентацыі аўтары гэтага выдання прызналі кампілятыўны характар кнігі, патлумачыўшы гэта жаданнем ахапіць больш матэрыялу і падаць яго ў даступнай для беларускага чытача форме.

«Такой кнігі яшчэ не было. Ніхто да сёння не ведае, што такое сталінізм. На першы план выпячваецца тэма рэпрэсій. Мы пастараліся паказаць, што Сталін быў верным ленінцам, паслядоўна працягваў яго палітыку», — адзначыў на прэзентацыі кнігі А.Тарас.

Выданні Тараса са згаданай серыі традыцыйна расійскамоўныя. Прычыну гэтага патлумачыў філосаф Аляксандр Грыцанаў — «Мне падаецца, што такая кніга робіцца для шырокага кола людзей. Таму робіцца па-расійску. Каб яе прачытала большая колькасць чытачоў».

Расійскай мовай выдання аўтары не абмежаваліся. У спісе выкарыстанай літаратуры і бібліяграфіі згаданае толькі адно беларускамоўнае выданне. Публікацый на іншых замежных мовах аўтары не выкарысталі ўвогуле, нягледзячы на моцныя пазіцыі заходніх даследчыкаў ў дадзенай праблематыцы. А.Грыцанаў патлумачыў такі падыход даволі дзіўным чынам адзначыўшы, што чытачы не любяць, калі аўтары «выпендрываюцца» сваім веданнем замежных моваў.

Пасля падобных заяваў пытанняў аб навуковасці і кампетэнтнасці выдання ў дзесяці прысутных на прэзентацыі чалавек не засталося.

Доктар гістарычных навук Захар Шыбека, які таксама наведаў прэзентацыю «Научного антикоммунизма и антифашизма», спрабаваў паставіць пытанне аб даверы патэнцыйных чытачоў да публікацый, якія грунтуюцца адно на падазроных расійскіх выданнях ды маюць процьму факталагічных памылак, аднак яно патанула ў гучнай рыторыцы аўтараў.

На завяршэнне сустрэчы А.Тарас паабяцаў у хуткім часе прэзентаваць яшчэ некалькі падобных кніг, зазначыўшы, што «робіць іх хутчэй, чым іншыя людзі пішуць лісты». А пасля і ўвогуле паабяцаў праз тры гады такой сваёй дзейнасці перавярнуць свядомасць беларусаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?