03.07.2010 / 12:17

«Канстытуцыйна замацаваць забарону гей-парадаў» 47

Дэбаты Ліберальнага клубу атрымаліся зусім не ліберальнымі.

Дэбаты, якія арганізаваў Ліберальны клуб, мелі назву «Беларускае грамадства паміж традыцыйнымі каштоўнасцямі і свабодай асобы».
Аднак фактычна мэтай яго правядзення было абмеркаванне праблем прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў у Беларусі.

Паводле планаў арганізатараў мерапрыемства, на ім павінны былі прысутнічаць як сэкс-меншасці, так і іх ярыя апаненты, такія як Малады фронт і БХД. Аднак абедзве апошнія арганізацыі удзельнічаць у дэбатах адмовіліся. МФ нават накіраваў удзельнікам мерапрыемства адмысловы ліст, дзе тлумачыў сваё нежаданне ўдзельнічаць у дыскусіі.

Паводле аўтараў ліста, у Маладога Фронту няма людзей, якія будуць губляць час на абмеркаванне праблем прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў у Беларусі.

Безумоўна, праз адсутнасць МФ і БХД дэбаты Ліберальнага клуба страцілі ў прыцягальнасці. З аднаго боку ў іх прынялі ўдзел праваабарончы праект «ГейБеларусь», «Маладыя дэмакраты» і «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада», а з іншага — «Рух будучыні», «Правы альянс» і грамадзянская кампанія «Джынс за свабоду».

Ад самага пачатку дэбатаў выявіўся выразны падзел як паміж дыскутантамі, так і паміж гледачамі. Заля была выразна раздзеленая — з аднаго боку сядзелі прыхільнікі абароны роўнасці сэксуальных меншасцяў, з іншага — праціўнікі гэтага. Такая сітуацыя захоўвалася на працягу ўсяго мерапрыемства і мадэратару — Міхалу Нядзвецкаму — каштавала немалых высілкаў супакойваць найбольш актыўных гледачоў.

Дэбаты распачаў «Рух будучыні». Яго прадстаўнік, Марат Абрамоўскі, гучным голасам заявіў аб тым, што лічыць правядзенне гей-парадаў прапагандай гомасэксуалізму выступае супраць такой з’явы. «Хадзіце сабе, дзе хочаце, але не прапагандуйце. Вы толькі піарыце сябе»,
 — ледзьве не крычаў спадар Абрамоўскі. На пытанне з залі, чым, акрамя піяру займаецца «Рух будучыні», выступоўца адказаць не здолеў.

Пазіцыя абаронцаў правоў сэксуальных меншасцяў была простай. Яны гаварылі аб агульным праве на свабоду сходаў і дэманстрацый ды спасылаліся на сітуацыю з правамі сэксуальных меншасцяў у развітых краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

«Збірацца мірна і без зброі — гэта права кожнага. Я прызнаю такое права за ўсімі. Нават за гамафобамі», — заявіў прадстаўнік праекта «ГейБеларусь» Сяргей Андросенка.

Шмат больш цікавымі і неардынарнымі былі пытанні і заявы шараговых удзельнікаў дэбатаў. Іх цікавілі крыніцы фінансавання прадстаўленых на дэбатах арганізацый, разуменне прапаганды і палітыкі ў сучаснай Беларусі і шмат іншага. Мадэратару было вельмі няпроста ўтаймаваць ўсё больш актыўных гледачоў. Тым больш што асабліва кансерватыўна настроеныя адкрыта абражалі і пагражалі расправай прысутным геям. Ва ўсім гэтым непачутымі і незразумелымі засталіся словы нарвежца, які шчыра здзівіўся адкрытай гамафобіі некаторых беларускіх моладзевых арганізацый.

«Нельга перастаць быць гомасэксуалістам, як нельга перастаць быць белым, альбо неграм», — спрабаваў ён пераканаць аратараў.
Аднак марна. Ігара Чапігу з «Правага альянса» гэтыя словы не толькі не прымусілі задумацца, а адно падлілі алею ў агонь. Ён заявіў, што «Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, надаючы ўсім роўныя павы, супярэчыць Бібліі. А значыць, варта адмяніць яе дзеянне ў хрысціянскіх краінах». Далей пайшла гаворка аб заняпадзе заходняй цывілізацыі ў цэлым і дэбаты канчаткова ператварыліся ў размову глухога з нямым.
Завяршалася паседжанне Ліберальнага клуба гучнай заявай Марата Абрамоўскага з «Руху будучыні» аб неабходнасці канстытуцыйна замацаваць забарону на правядзенне гей-парадаў і прапаганду гомасэксуалізма ў Беларусі.
На фоне такіх словаў меркаванне мадэратара М.Нядзвецкага аб неабходнасці абмеркавання гэтай праблемы страціла ўсякі сэнс.

Алесь Пілецкі

0
Korj / Адказаць
03.07.2010 / 12:49
Фэкалій на вэнтылятар! Наперад! Даеш 200 камэнтароў да вечара! Першы наг! :)) Надакучыла ўжо гэтая тэма - далібог! Прадстаўнікі супрацьлеглых плыняў ніколі не дамовяцца. Значэньне мае толькі пазыцыя кіруючай сілы ў краіне - у дэмакратычных краінах - народу, у нас - сатрапу. А хто там унізе бегае і пішчыць ды б'ецца паміж сабою - нязначна.
0
былы з Руху Будучыні / Адказаць
03.07.2010 / 13:42
добра, што адтуль сышоў...
0
Zahorski / Адказаць
03.07.2010 / 13:43
Паважаная рэдакцыя НН, што адбываецца з вашай журналістыкай?! Прабачце за оффтоп, але чытаць такой якасці матэрыял на сайце паважанага і сур'ёзнага выдання проста недарэчна. Калі гэта меў быць рэпартаж, то атрымаўся проста пераказ падзеяў асобай, якая нешта чула, нешта бачыла, нешта ўхапіла, нешта не. Манера падачы і стыль цягне на блогавы запіс, але ніяк не на узровень, якому мае адпавядаць НН. Звярніце, калі ласка, увагу на гэтыя акалічнасці, бо згубіце чытачоў не праз "прадзелкі крывавага рэжыму", а праз уласную некампетэнтнасць
Паказаць усе каментары/ 47 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру