Калі патрэбныя доказы таго, што гісторыя паўтараецца – дакладней, рухаецца цыклічна, дык сёлета ў верасьні такі доказ быў прадстаўлены. Падзеі ў Будапэшце, дзе некалькі дзён і начэй працягвалася процістаянне паліцыі і мітынгоўцаў, абураных маной прэмьер-міністра, прымусілі ўспомніць 1956 год.

Толькі тады была ўжо глыбокая восень. 23 кастрычніка ў выніку масавых дэманстрацыяў пратэсту быў скінуты ўрад сталініста Ракашы. Месца прэмьера зноў заняў адхілены ад улады ў ліпені таго ж году камуніст Імрэ Надзь, які карыстаўся рэпутацыяй «лібэрала».

Савецкія акупацыйныя войскі былі выведзеныя з Будапэшту, а Надзь паінфармаваў Маскву аб намеры Вугоршчыны выйсьці са складу Варшаўскага пакту. Перамовы на афіцыйным узроўні пачаліся 30 кастрычніка. Але ўсяго праз чатыры дні савецкія танкі павярнулі назад. Яны сутыкнуліся з упартым супрацівам вугорскага войска і яшчэ больш адчайным супрацівам цывільнага насельніцтва. З дапамогай авіяцыі і артылерыі паўстаньне літаральна патапілі ў крыві. У гісторыі застаўся подзьвіг журналіста вугорскага радыё, які ў перапынку паміж заклікамі аб дапамозе да міжнароднай супольнасьці, які перадаваліся ў жывы эфір, адстрэльваўся з акна студыі зь вінтоўкі.

Здавалася б, у падзеях 1956-га мала супольнага з падзеямі 2006-га ў Будапэшце. Так, мой погляд суб’ектыўны. Я нарадзіўся за некалькі месяцаў да разгрому вугорскага антыкамуністычнага паўстаньня і ўсяго празь некалькі месяцаў пасьля ХХ зьезду КПСС, на якім Хрушчоў нібыта назаўсёды разьвітаўся са спадчынай сталінізму, асудзіў культ асобы і рэпрэсіі. У краінах Усходняй Эўропы прыйшлі да ўлады больш памяркоўныя камуністы – такія як Гамулка ў Польшчы, Надзь у Вугоршчыне.

Пасьля паразы паўстаньня Надзь быў злачынна выкрадзены савецкай спецслужбай з тэрыторыі югаслаўскага пасольства, забіты і таемна пахаваны ў безназоўнай магіле. Яго перазахаваньне ў якасьці нацыянальнага героя адбылося ў Будапэшце толькі ў 1989-м, пасьля падзеньня камунізму ў Эўропе. Гамулка сышоў з пасады генсека з ганьбай – пасьля расстрэлу на пачатку 1970-х ўдзельнікаў першага рабочага страйку на Гданьскім узьбярэжжы.

Зразумела, паміж тагачаснымі вугорскімі камуністамі начале з Кадарам, вызваленым з ГУЛАГу і пастаўленым кіраваць суайчыньнікамі пад наглядам Масквы, і сёньняшнім урадам левых сілаў на чале з прэмьерам-мільянэрам Дзюрчанем ёсьць агромністая розьніца. Дзюрчань хаця б прызнаў (хоць і не публічна), што ягоны ўрад ілгаў народу пра сапраўдны стан эканомікі, каб перамагчы на выбарах. Камуністы ніколі не прызнавалі, што падманваюць народ заўсёды, незалежна ад выбараў. Бо самі выбары пры камуністах былі суцэльнай маной. Як і ўся іх «інтэрнацыянальная палітыка».

І гэтая гістарычная мана перад народамі засталіся да канца ня выкрытай. Наадварот, яна зноў набірае сілу ў наш час.

Спроба суду над КПСС неўзабаве пасьля правалу путчу 1991 году скончылася суцэльным крахам. Бо ўсе кіроўныя пасады ў новай расейскай дзяржаве занялі экс-камуністы і экс-кагэбэшнікі.

Зараз адзін з такіх патрабуе з Крамля ад былых краінаў-сатэлітак, каб яны назаўсёды забыліся на злачынствы былога СССР. Каб палякі забылі Катынь, Латвія, Літва і Эстонія – масавыя дэпартацыі ў Сібір, Чэхія – уварваньне 1968-га, Вугоршчына – 1956-ы.

Узамен кіраўніцтву гэтых краінаў абяцаюць «рэжым найбольшага спрыяньня» ў пастаўках расійскага газу і прывабныя цэны на сыравіну.

І ўрады гэтых краінаў неяк незаўважна для сябе пачынаюць пераймаць крывадушныя фармулёўкі «старэйшага брата», самі пачынаюць маніць самім сабе.

Помнік савецкім воінам-вызваліцелям «выпадкова апынуўся на шляху дэманстрантаў» – апраўдваецца перад расійскім МЗС вугорскае дыпляматычнае ведамства за верасьнёўскія беспарадкі ў вугорскай сталіцы. Сярод завадатараў беспарадкаў, зразумела, заўважаныя ў асноўным скінхеды, а таксама хуліганы ды асобы, якія не аднойчы прыцягваліся да крымінальнай адказнасьці за свае проціпраўныя дзеяньні. (Ці ня праўда, вугорская паліцыя ня надта арыгінальна выглядае ў сваіх апраўданьнях гвалту супраць маніфэстантаў у параўнаньні зь менскай міліцыяй?)

Чырвоная зорка і сам пастамэнт былі апаганеныя, канечне, таксама чыста выпадкова. І ўсе – і ў Маскве і ў Будапэшце – робяць выгляд, быццам вугорцы заўсёды любілі «савецкіх воінаў-вызваліцеляў». Як перад тым любілі расейскіх жаўнераў пад камандаваньнем Суворава, што заліў крывёй паўстаньне Кошута. А ўжо як любілі жыхары Будапэшта агэнтаў сваёй службы бяспекі, роднаснай з ЧК-КГБ-ФСБ арганізацыяй – не перадаць словамі. Іх вешалі на ліхтарах падчас Будапэшцкага паўстання. А камуністычную сымболіку, найперш чырвоныя зоркі, спальвалі на вуліцах разам з партбілетамі.

Што праўда то праўда – пасьля паразы паўстаньня палова вугорцаў пайшла ў ВСРП, у службу бяспекі, у розныя іншыя дзяржаўныя ўстановы, закліканыя сачыць за суграмадзянамі і прышчапляць ім камуністычныя ідэалы. Адтуль, з моладзевай сацыялістычнай арганізацыі пачынаў кар’еру здольны арганізатар Дзюрчань.

Зразумела, у сучаснай Вугоршчыне, дэмакратычнай краіне, знойдуць выйсьце з крызысу – шляхам тых самых муніцыпальных выбараў, напрыклад. Верасьнёўскія замяшаньні стануць, хутчэй за ўсё, усяго толькі чарговай перагорнутай старонкай у гісторыі гэтай краіны. Але я ўсё ж думаю, што гісторыя патрабуе выплаты ўсіх рахункаў. Толькі плаціць па іх даводзіцца часам зусім іншым пакаленьням, якія й думаць ня думалі і нават ня ведаюць пра падзеі пяцідзесяцігадовай даўніны.

У Беларусі, напэўна, жывуць яшчэ тыя, хто ехаў на танках па чалавечых целах на вуліцах Будапэшта, хто паглядаў у шчыліны бэтээраў на жыхароў Прагі. Яны маўчаць. Яны ні ў кога не прасілі прабачэньня. Чаго зьдзіўляцца, што гвалт чыніцца амаль штодня над іхнымі дзецьмі на плошчах і вуліцах Менска. Нават не за тое, што яны пратэстуюць супраць маны. За тое, што яны пакуль яшчэ не развучыліся ўсьміхацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?