«Белтрансгаз» у хуткім часе можа стварыць сумеснае прадпрыемства з «Газпромам» на роўных умовах. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі ў часе візыту ў Расею.

Беларуска-расейскія перамовы ў газавай сфэры заўважна актывізаваліся. У верасьні адбыўся шэраг сустрэчаў, падчас якіх з абодвух бакоў прагучалі заявы пра магчымае хуткае вырашэньне праблемы. Пры гэтым складваецца ўражаньне, што кожны з удзельнікаў перамоваў па-ранейшаму застаецца пры сваім асабістым меркаваньні.

21 верасьня сустракаліся кіраўнікі «Белтрансгазу» і «Газпрому» Дзьмітры Казакоў і Аляксей Мілер. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва на рэшту году, а таксама ўмовы паставак газу ў Беларусь у 2007 г. Ішла гаворка і пра незалежную ацэнку рынкавага кошту газатранспартнай сыстэмы Беларусі. Прэм’ер Сідорскі падчас вызытаў у Расею намякнуў на магчымы варыянт разьвязаньня газавай праблемы: стварэньне СП на базе «Белтрансгазу» і «Газпрому», за што Расея гарантуе Беларусі пастаўкі газу па сваіх унутраных цэнах. Пры гэтым ён апэляваў да міждзяржаўнага пагадненьня 2002 г. аб стварэньні роўных умоваў у вобласьці цэнавай палітыкі: «Папярэдне мы дамовіліся аб тым, што пры стварэньні сумеснага беларуска-расейскага газатранспартнага прадпрыемства зыходзім з таго, што кошты на газ для Беларусі будуць усталяваныя ў адпаведнасьці з дамовай аб саюзнай дзяржаве. Гэтая папярэдняя дамоўленасьць застаецца ў сіле. Мы гатовыя пайсьці на такое падвышэньне цэнаў, на якое пойдуць расейскія прадпрыемствы».

Ацэнкай рыначнага кошту «Белтрансгазу» займаецца галяндзкі банк ABN Amro. Па словах Сідорскага працэдура ацэнкі мае скончыцца ў лістападзе. Да канца году бакі мусяць азнаёміцца з вынікамі ацэнкі і вызначыцца з умовамі стварэньня СП і коштам паставак газу ў Беларусь у наступным годзе.

Кіраўнік дыпляматычнай місіі Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў лічыць, што кошты на газ для Беларусі ня мусяць перавышаць 100-120 даляраў за тысячу кубамэтраў. У той жа час ён папярэджвае, што тэрмін дзеяньня вышэйузгаданага міждзяржаўнага пагадненьня, якое расейскі бок так і не ратыфікаваў, сканчваецца ў красавіку 2007 г. Калі ж Расея ў выніку нязгоды зь Беларусяй адмовіцца ад умоваў пагадненьня, гэта дасьць ёй нагоду не пастаўляць сюды газ па ўнутрырасейскіх цэнах. Але дыплямат на тое й дыплямат. А вось газпрамаўскае кіраўніцтва мае сваё бачаньне сытуацыі. «Пераход на рынкавыя цэны ў выпадку зь Беларусьсю адбудзецца незалежна ад вынікаў перамоваў» – сьцьвярджае крамлёўская крыніца расейскай газэты «КоммерсантЪ». У «Газпроме» пытаньні штогадовых паставак газу ў Беларусь бачацца выключна з пазыцыяў камэрцыі. Іншая рэч – стварэньне сумеснага прадпрыемства, якое разглядаецца ў якасьці стратэгічнага накірунку супрацоўніцтва ў газавай сфэры. «Калі ў нас будзе стратэгічнае бачаньне супрацоўніцтва ў газавай сфэры, усе дробныя пытаньні, уключна з штогадовымі стамляючымі перамовамі напярэдадні зімняга сэзону, адыдуць на задні плян», – мяркуе крыніца ў Крамлі. Гэта азначае, што ўзамен за атрыманыя актывы »Белтрансгазу» Беларусі цягам некалькіх гадоў дазволяць атрымліваць газ па цэнах, ніжэйшых, чым на Захадзе. Расейскія партнэры «Белтрансгазу» бачаць у апошніх заявах Сідорскага зрух.

Пераабраньне Сідорскага на пасаду прэм’ера незалежнымі экспэртамі тлумачылася сярод іншага і жаданьнем перакласьці на яго адказнасьць у выпадку магчымага правалу перамоваў ці здачы «Белтрансгазу» Расеі. За прыгожай шыльдай «стварэньне сумеснага газатранспартнага прадпрыемства» можа хавацца старая схема: здача навечна чарговага элемэнту нацыянальнага сувэрэнітэту ўзамен за яшчэ пару гадоў таннага газу.

У 2006 у Беларусь будзе пастаўлена 21 млрд. куб. м газу. Мы атрымліваем газ з Расеі па цане 46,68 даляраў за 1000 куб. м. Транспартны тарыф складае – 0,75 дал. за 1000 куб. м пры транспартаваньні газу па сетках ААТ «Белтрансгаз» і 0,46 дал. – па газаправодзе «Ямал-Эўропа».

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?