Тры крымінальныя аўтарытэты Пастаўскага раёна Міхаіл Януковіч і яго саўдзельнікі Алег Зубкевіч і Андрэй Лук’янаў прыгавораныя Магілёўскім абласным судом да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі за забойства двух раней судзімых жыхароў Пастаў.

Як паведамілі ва Упраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі, Януковіч і Зубкоў атрымалі па 23 гады пазбаўлення волі, Лук’янаў — 13 гадоў.

Забойства было ўчынена ў 2007 годзе падчас крымінальнага разбору. Супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС устанавілі, што

адзін са зламыснікаў пад выглядам перапродажу зямельнага ўчастка завабіў двух раней судзімых асоб на закінуты хутар непадалёк ад літоўскай мяжы. Там яго саўдзельнікі з засады адкрылі агонь з абрэза паляўнічага ружжа і малакалібернага пісталета.
Целы злачынцы закапалі ў лясным масіве каля вёскі Навасёлкі-2 Пастаўскага раёна.

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў удалося высветліць, што злачынная група Януковіча рэгулярна займалася вымаганнем, махлярствам, грабяжамі, а таксама «крышаваннем» камерцыйных структур. У выніку міліцыянеры затрымалі яшчэ васьмярых удзельнікаў гэтай групы. Зараз усе яны знаходзяцца пад вартай у СІЗА № 1 УДВП па Мінскай вобласці і Мінску.

Расследаваннем крымінальнай дзейнасці пастаўскай злачыннай групоўкі займаецца Генеральная пракуратура Беларусі сумесна з ГУБАЗіК МУС. Грамадзяне, якія пацярпелі ад яе дзеянняў, могуць звяртацца па наступных кантактных тэлефонах: 8-029-638-07-72 и 8-029-673-07-50.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?