7 ліпеня ў Гаспадарчым судзе Мінска адбыўся разгляд пазову Мінгарвыканкама ў справе ліквідацыі рэгістрацыі адукацыйнай установы «Рух наперад».

У.Някляеў пасля судовага паседжання.

«Рух наперад» быў зарэгістраваны Мінгарвыканкамам 10 лютага 2010 г., але адмяніць рэгістрацыю дзяржаўная ўстанова паспрабавала толькі зараз. Падставай для пазбаўлення рэгістрацыі, паводле прадстаўнічкі Мінгарвыканкама Эміліі Пазняк, якая ачольвае ў МІнгарвыканкаме Камітэт па ліквідацыі, меліся стаць непраўдзівыя звесткі, пададзеныя заяўнікамі падчас рэгістрацыі адукацыйнай установы.

Аднак падчас паседжання Эмілія Пазняк так і не змагла патлумачыць, ў чым заключаецца непраўдзівасць пададзеных звестак і якую шкоду «Рух наперад» нанёс Мінгарвыканкаму.

Пасля непрацяглага разгляду справы суддзя А.Аляшкевіч адхіліў пазоў дзяржаўнай установы ў справе ліквідацыі «Руху наперад», які ініцыяваў кампанію «Гавары праўду».

«Гэта мне падарунак на Дзень Народзінаў», — пажартаваў Уладзімір Някляеў пасля завяршэння паседжання. Ён таксама пракаментаваў інфармацыю аб крадзяжы подпісаў, сабраных актывістамі кампаніі «Гавары праўду» — «Яны хочуць нас зрабіць балбатунамі, неабавязковымі людзьмі. Менавіта таму і скралі подпісы, як нейкія злодзеі. Аднак заўтра вас усіх чакае сюрпрыз. Мы яго раскрыем падчас адмысловай прэс-канфэрэнцыі».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?