У Беларусі прыняты закон «Аб псіхалагічнай дапамозе».

Шмат гаварылася аб тым, што ён накіраваны супраць шарлатанаў, якія дураць галаву даверлівым грамадзянам, — усялякіх варажбітак, медыумаў, аўтараў уласных методык душэўнага аздараўлення і г.д. Але насамрэч сэнс закона значна глыбейшы.

Тэарэтычна чалавек нясе свае таямніцы па трох адрасах — у царкву, да доктара і да псіхолага (псіхааналітыка, псіхатэрапеўта, назавіце як заўгодна). Тайна споведзі для ўсіх канфесій святая, бо сімвалічна споведзь азначае зносіны чалавека не са святаром, а з Богам. Раскрыццё таямніцы споведзі па царкоўных законах цягне за сабой пазбаўленне сану. Хаця што да праваслаўя, тут трэба зрабіць істотную агаворку. Паводле Поўнага праваслаўнага багаслоўскага энцыклапедычнага слоўніка, «цяпер усё сказанае на споведзі захоўваецца ў таямніцы, за выключэннем такіх выпадкаў, калі ўтойванне пагражае небяспецы манарха, імператарскаму дому або дзяржаве». Тлумачыць гэты пастулат, пагадзіцеся, можна шырока.

Тым не менш, у КПК замацавана, што святары не могуць быць дапытаныя пра абставіны, якія сталі ім вядомыя са споведзі. Дакладна гэтак жа доктар без згоды асобы, якая звярнулася па медыцынскую дапамогу, не можа быць дапытаны па абставінах, якія складаюць прадмет лекарскай таямніцы.

А вось псіхолагі не толькі могуць быць дапытаныя — іх проста абавязалі даносіць. Так, артыкул 15 закона кажа: «Псіхолагі абавязаныя паведамляць у праваахоўныя органы інфармацыю, якая складае прафесійную таямніцу, калі яна змяшчае звесткі аб здзейсненым асабліва цяжкім злачынстве альбо аб падрыхтоўцы цяжкага і асабліва цяжкага злачынства».

Натуральна, беларусы будуць спасылацца на тое, што такі сусветны досвед. Гэта няпраўда. Сусветная практыка такая, што псіхолаг, дакладна гэтак жа, як лекар, не можа і тым больш не абавязаны выдаваць прафесійную таямніцу. За выключэннем тых выпадкаў, калі яму стала вядома, што пацыент уяўляе пагрозу для жыцця і здароўя іншых людзей. Гэта значыць, калі кліент расказвае псіхолагу пра жаданне ці намер каго-небудзь забіць ці пакалечыць.

У нас большасць псіхолагаў працуе ў школах. І нашыя наіўныя дзеткі часцяком расказваюць добрым цёцям шмат цікавага аб хатніх справах. Цяпер гэтая самая цёця, пачуўшы ад дзіцятка, што яго тата ўчора пагражаў прыбіць суседа, абавязаная будзе імчаць з дакладам у міліцыю. Таму што ў наяўнасці інфармацыя «аб падрыхтоўцы цяжкага злачынства».

Беларускі закон аб псіхалагічнай дапамозе, які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 ліпеня, аказаўся такі, што псіхолагаў лепш асцерагацца.
Таму што згодна з ім усё сказанае на прыёме ў псіхатэрапеўта можа быць выкарыстана супраць вас. Нішто не можа застацца таямніцай спецыяліста, да якога вы звярнуліся па дапамогу, калі будзе запыт «кампетэнтных органаў» у сувязі з правядзеннем папярэдняга расследавання або судовым разглядам. Закон цяпер абавязвае псіхолагаў расказаць пра вас усё «даследчыкам чалавечых заганаў і душ», якія носяць пагоны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?