12.07.2010 / 17:12

Шпіёнскі раман

Арышт расійскіх шпіёнаў у канцы чэрвеня справакаваў званок Эн Чэпмэн у Маскву. Яна зразумела, што блізкая да правалу, і параілася з бацькам. Паводле дадзеных суду, Чэпмэн і Міхаіл Семянко былі самымі неспрактыкаванымі агентамі з выкрытых.

Перад тым як арыштаваць 10 расійскіх шпіёнаў, ФБР мела намер прымусіць двух з іх — Эн Чэпмэн і Міхаіла Семянко — ажыццявіць дзеянні, якія падпадаюць пад абвінавачанне ў шпіянажы. Як паведамляе газета The Washington Post са спасылкай на крыніцы ў амерыканскіх спецслужбах, 26 чэрвеня з Чэпмэн пад выглядам расійскага выведніка «Рамана» звязаўся супрацоўнік ФБР і па тэлефоне прызначыў ёй сустрэчу ў Нью-Ёрку.

Чэпмэн адразу западозрыла нядобрае, бо раней не сустракалася з выведнікамі асабіста, а толькі абменьвалася зашыфраваныя дадзенымі праз закрытую кампутарную сетку. На сустрэчы Чэпмэн толькі ўпэўніліся ў сваіх падазрэннях. Па-першае, «у размове выведнік прадставіўся тым, каго Чэпмэн лічыла галоўным, але на сустрэчу прыйшоў іншы».

Па-другое, «Раман» папрасіў яе асабіста перадаць іншаму «выведніку» фальшывы пашпарт. Раней Чэпмэн не атрымлівала такіх заданняў «ад свайго начальства» ў Маскве і не чакала атрымаць.

Пасля сустрэчы з «Раманам» Чэпмэн купіла мабільны тэлефон і дзве сім-карткі для міжнародных званкоў. Яна патэлефанавала бацьку ў Маскву і сябру ў Нью-Ёрк, сказаўшы, што блізкая да правалу. Абодва сказалі ёй адмовіцца ад гэтага задання. Бацька Чэпмэн Васіль Кушчанка параіў дачцэ аднесці фальшывыя дакументы ў паліцыю, што яна і зрабіла.

27 чэрвеня яна аднесла пашпарт у паліцыю і расказала, што адбылося. Паліцыянты выклікалі супрацоўнікаў ФБР, якія Чэпмэн арыштавалі. Так фактычна стартавала аперацыя па арышце ўсёй сеткі «нелегалаў».

Семянко, якога газета памылкова называе Сямёнавым, аказаўся менш пільным. ФБР выйшла на яго толькі 5 чэрвеня, калі ён, седзячы ў рэстарацыі, адпраўляў зашыфраваныя дадзеныя ў прыпаркаваную побач машыну з расійскімі дыпламатычнымі нумарамі. 26 чэрвеня Семянко сустрэўся з іншым агентам ФБР, які выдаў сябе за расійскага чыноўніка.

Той угаварыў Семянко ўзяць $5 тысяч і схаваць іх наступнай раніцай у парку ў Арлінгтане. Неўзабаве пасля таго як Семянко пакінуў у парку канверт з грашыма, яго ўзялі.

Як вынікае з матэрыялаў судовага паседжання ў чацвер (пасля працэсу ўсе 10 расійскіх шпіёнаў былі экстрадыяваныя ў Маскву),

Чэпмэн і Семянко былі самымі неспрактыкаванымі агентамі сеткі, у той час як астатнія прызналіся, што працавалі пад прыкрыццём ад 10 да 20 гадоў. Досвед Чэпмэн і Семянко, па іх прызнанні, не перавышаў паловы году.

Званок Чэпмэн у Маскву вымусіў ФБР арыштаваць і ўсіх астатніх «расейскіх шпіёнаў», за якімі назіранне вялося некалькі гадоў, канстатуе газета.

На наступны дзень з ЗША ў Маскву на сустрэчу з куратарам з СВР павінен быў паляцець «шпіён» Рычард Мэрфі. У ФБР асцерагаліся, што пасля званка Чэпмэн Мэрфі застанецца ў Маскве, а астатнія шпіёны схаваюцца на тэрыторыі расійскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.

У нядзелю генпракурор ЗША Эрык Холдэр у перадачы канала CBS «Сам-насам з краінай» расказаў, што адзін са шпіёнаў збіраўся вылятаць у Расію, і «былі асцярогі, што калі мы адпусцім яго, то ўжо не атрымаем назад». Пра званок Чэпмэн Холдэр не згадаў.

Улады ЗША прызналіся, што рашэнне пра абмен расійскіх агентаў было прынятае загадзя і яшчэ 11 чэрвеня ўзгоднена з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам.

Акрамя Чэпмэн і Семянко ў чэрвені былі арыштаваныя Майкл Затолі, Патрысія Мілс, Доналд Хітфілд, Трэйсі Фоўлі, Вікі Пелаэс, Хуан Ласара, а таксама Рычард і Сінтыя Мэрфі (усе імёны выдуманыя). Ім прад’явілі абвінавачанні ў нелегальным супрацоўніцтве з замежным урадам і адмыванні грошай. 8 ліпеня яны прызналі сябе вінаватымі ў нелегальным супрацоўніцтве з замежным урадам. На наступны дзень у аэрапорце Вены 10 «расійскіх шпіёнаў» абмянялі на асуджаных у РФ за шпіянаж і памілаваных напярэдадні прэзідэнтам Дзмітрыем Мядзведзевым Ігара Суцягіна, Сяргея Скрыпаля, Аляксандра Запарожскага і Генадзя Васіленку.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру