Клетка ў зале судовых паседжанняў, у якую падсудных увялі праз жывы калідор салдатаў, якімі камандаваў злосны, як вымуштраваная нямецкая аўчарка, маёр міліцыі, была зробленая з загартаванай арматурнай сталі з вялікі палец дарослага мужчыны ўтоўшчкі. Яна, пэўна, магла вытрымаць націск раз’юшанага сярэдніх памераў слана, а не тое што некалькіх змардаваных камерай следчага ізалятара напаўгалодных арыштантаў. Але падсудных, замкнуўшы клетку, пакінулі ў кайданках. На гэта звярнуў увагу шмат хто з прысутных у зале, а адзін заходнееўрапейскі дыпламат нават падумаў: «Божа, якія дзікія норавы!»

Суддзя, які з’явіўся ў зале хвілін праз дзесяць пасля падсудных, таксама бачыў, што іх рукі скутыя кайданкамі. Але трымаць невінаватых людзей, пакуль ён не вынес прысуду, у клетцы і кайданках дзікімі норавамі не лічыў. Наадварот: усім сваім выглядам паказваў, што гэта яго ніякім чынам не датычыць, а калі нават датычыць, дык не варта і выедзенага яйка. Суддзя пачаў агучваць прысуд.

Дарэчы, тое, што некалькі дзён таму вёрз пракурор, вінавацячы падсудных, суддзя таксама не лічыў нечым надзвычайным. Хоць, на добры розум і чалавечае сумленне, паслухаўшы хвіліну-другую тую відавочную хлусню і бязглуздзіцу, трэ было ці то выклікаць у суд санітараў, ці то садзіць пракурора ў клетку самога, разам са зграяй памагатых — следчых і іх начальнікаў. Падсудных вінавацілі ў падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, а таксама ў падпале іх дамоў, аб чым «яскрава» сведчылі пяць патронаў ад вінтоўкі Мосіна ўзору 1891 году, знойдзеных з дапамогай металашукальніка каля хлява ў аднаго з падсудных, і запалкі Пінскай запалкавай фабрыкі на палічцы ў кухні ля газавай пліты ў другога.

«Эх, мала, чорт, доказаў сабраў, мала!» — з прыкрасцю і шкадаваннем думаў суддзя, касавурачыся левым чорным вокам на іржавыя патроны і запалкі, раскладзеныя пракурорам на стале, а правым, зялёным (ён, як хамелеон, мог адначасова глядзець у розныя бакі), — на заходняга дыпламата.

І як у ваду глядзеў: атрымаўшы на рукі раніцай апошняга дня працэсу прысуд, тэрміны якога былі вызначаныя ў Адміністрацыі прэзідэнта, даведаўся, што яго падсудныя выйдуць амаль сухімі з вады, атрымаўшы ўсяго па пары гадоў катаргі замест дваццаці, на якія яны з пракурорам, пачынаючы гэтую справу, разлічвалі. Бо напачатку была каманда — улупіць на ўсю шпулю, каб нават рот разявіць у глухой падваротні баяліся, каб сядзелі як мышы пад венікам і калаціліся ад страху, каб забыліся і марыць пра нейкую там свабоду, роўнасць і братэрства. Бо тут, у гэтай краіне, да скону свету рабства будзе лічыцца свабодай, бяспраўе — роўнасцю, а падхалімства — братэрствам. Але нешта пайшло не так, не склалася, не склеілася. Хутчэй за ўсё, зашкодзіў усё той самы заходнееўрапейскі дыпламат, які прысутнічаў на судзе і ад слова якога шмат што залежала. Галоўным чынам — магчымасць атрымліваць танныя крэдыты, каб не давесці народ да поўнай галечы і ўрэшце паўстання. І на самым версе, у кабінетах Адміністрацыі, вырашылі інакш. І справа, зразумела, была не ў іржавых патронах, тут хапіла б і рагаткі дзесяцігадовага сына падсуднага, каб цалкам даказаць абвінавачанне ў тэрарызме. Не кажучы пра падпал: бо хто з людзей на Зямлі, за выключэннем немаўлятаў ды дзікуноў у амазонскіх лясах, не карыстаецца запалкамі? То бок не з’яўляецца патэнцыйным падпальшчыкам?

Ніякіх доказаў ні пракурору, ні суддзі, каб абвінаваціць чалавека ў якім заўгодна злачынстве, не было патрэбна ў прынцыпе. У сваёй гэтак званай судавытворчай дзейнасці яны кіраваліся не той сістэмай каштоўнасцей, у якой звычайны чалавек меў, акрамя абавязкаў, хоць нейкія, хоць мінімальныя правы, а яе поўным антыподам. У ёй чалавек ніякіх правоў не меў увогуле, а мела дзяржава, для якой чалавек быў нічым — працоўным быдлам.

Дзяржава, што самае цікавае ў гэтай гісторыі, не была нейкай незразумелай субстанцыяй без колеру, паху і смаку, якую ніхто ніколі не бачыў, а толькі мог верыць у яе існаванне, як у Бога на небе; таксама не была яна і цмокам, які прылятаў з-за чорных гор і сіняга мора. Не, пад дзяржавай меліся на ўвазе цалкам канкрэтныя людзі, у першую чаргу чалавек, якога называлі прэзідэнтам гэтай дзяржавы, хаця з такім жа поспехам яго можна было назваць як заўгодна, купка ягоных сваякоў, сяброў і найбліжэйшых паплечнікаў, а таксама асоб, якія займаліся іх аховай і абслугоўваннем. Да апошніх, гэта значыць абслугі, суддзя залічваў і сябе.

— Я чалавек гасудара! — любіў паўтараць ён дзе трэба і дзе не трэба і ажно рос пры гэтым ва ўласных вачах.

«Ды які ты чалавек? — неяк скрывіўся, бы паклаўшы ў рот цэлы лімон, адзін мардаты мужык у кампаніі за горадам, у якой шмат выпівалі і мала закусвалі. — Сабака ты ланцужны, а не чалавек!»

Спачатку суддзя пакрыўдзіўся, нешта крычаў і махаў рукамі перад тварам таго мужыка. Маўляў, я табе пакажу, ты ў мяне заскачаш. Але назаўтра, на цвярозую галаву, асабліва пасля таго як даведаўся, што гэты мужык — буйны капіталіст і стала жыве ў Нямеччыне, вырашыў, што крыўдзіцца няма за што. І насамрэч ён ланцужны сабака.

Іншая справа — з падсуднымі, якія сядзелі ў клетцы і не былі ні буйнымі бізнэсменамі, ні жыхарамі Нямеччыны. А таму павінны былі заскакаць як мае быць, як басанож на прыску.

А калі не ўдалося і тут, яму зрабілася да таго прыкра, нават сціснула ў грудзях і так падскочыў ціск, што ажно забухала ў скронях. Каб неяк супакоіцца і нечым суцешыць сябе, ён пачаў чытаць не выніковую частку прысуду, каб скончыць як мага хутчэй, а ўвесь прысуд цалкам. І чытаць павольна, нудна, перапыняючыся і раз-пораз паглядаючы на чырвоныя, напружаныя твары падсудных, каб як мага зацягнуць працэс і прынесці ім, акрамя маральных, фізічныя пакуты.

  • * *

Калі праз некалькі дзён ён даведаўся з інтэрнэту, што ў аднаго з падсудных пасля прысуду спаралізавала правую руку, гэта яго моцна ўсцешыла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?