14 ліпеня барысаўскі БАТЭ пачаў свой шлях у новым розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Супернікам беларусаў стаў ісландскі клуб «Хабнарф’ёрдзюр».

Тры гады назад каманды ўжо сустракаліся ў рамках гэтага самага турніру. Тады ў гасцях барысаўцы былі мацней з лікам 3:1, а вось дома не перагулялі суперніка 1:1.

Варта адзначыць, што сёлета ў еўракубках гэта не першае процістаянне беларускіх і ісландскіх клубаў. Жодзінскае «Тарпеда» выбіла з розыгрышу Лігі Еўропы рэйк’явіцкі «Фюлкір».

Першы тайм матча ў Барысаве прайшоў пры істотнай перавазе БАТЭ, але прабіць масіраваную абарону «Хабнарф’ёрдзюра» не атрымлівалася. Ён так і скончыўся з лікам 0:0.

Затое ў другім тайме ісландцы пасыпаліся. І галоўным магільшчыкам «Хабнарф’ёрдзюра» стаў паўабаронца Павел Нехайчык. На ягоным рахунку хет‑трык. Яшчэ па аднаму голу забілі Рэнан Брэсан і Віталь Радзівонаў. Ісландцы змаглі адказаць толькі мячом Б’ёрнсана.

Лік 5:1 дазваляе БАТЭ досыць камфортна сябе адчуваць напярэдадні выездкі ў краіну гейзераў, што адбудзецца праз тыдзень.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?