Чацвёрты фэст украінскай альтэрнатыўнай музыкі і сучаснага украінскага мастацтва «Бандэрштат» адбудзецца 7–8 жніўня пад Луцкам, у вёсцы Ракіні.

Штогадовае мерапрыемства ладзіцца ў гонар нацыянальнага героя Украіны Сцяпана Бандэры, які з’яўляецца сімвалам фэсту. На два дні звычайная украінская вёска пераўтвараецца ў сапраўдны горад — горад Бандэры.

Арганізатары ставяць мэтаю даць моладзі адчуць паўстанцкі дух. Тым не менш, натхніцца духам паўстання ды паслухаць украінскую музыку прыязджаюць і беларусы.

«Бандэрштат-2010» пройдзе на тэрыторыі Музею гісторыі сельскай гаспадаркі, які знаходзіцца пад адкрытым небам у вёсцы Ракіні за 12 кіламетраў ад Луцку. На месцы будзе адведзена тэрыторыя для намётавага мястэчка, прыстасаваныя прыбіральні, падвезены дровы для вогнішчаў. Побач змесцяцца гандлёвыя намёты з прадуктамі.

Нязменным арганізатарам імпрэзы выступае моладзевая грамадская арганізацыя «Нацыянальны Альянс». Традыцыя святкавання распачынаецца з 2007 года. У мінулыя гады, апроч выступу музыкаў адбываліся выставы, спартовыя мерапрыемствы, літаратурныя чытанкі і выступы гісторыкаў.

Сёлета, сярод іншых, арганізатары плануюць запрасіць з выступам беларускага рэпера Вінсэнта.

Сцяпан Бандэра — ідэолаг украінскага нацыяналізму, кіраўнік Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), якая прапаведавала ўзброеную барацьбу за незалежнасць. Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка надаў Бандэру званне Героя Украіны. Такое рашэнне Юшчанкі выклікала неадназначную рэакцыю як на Украіне, так і на міжнародным узроўні.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?