* *

зь дзяцінства ня меў

якіх-кольвечы здольнасьцяў

да музыкі

таму ў суседзкі ДК ДРЭС

які дасюль месьціцца

на стромкім беразе Плісы

хадзіў зь дзьвюх нагодаў

на танцы

або ў клюб калекцыянэраў

танцор у выніку зь мяне

ня выйшаў

а калекцыянэрам застаўся

на ўсё жыцьцё

зьбіраю

познанкі імгненьняў

значкі гісторыі

і манэты ўнікнёнасьці

* * *

у родным Жодзіне

мой чатырохгадовы сын

засвойвае электрамабіль

які некалі зьбіралі для мяне

але так доўга

што за гэты час

я істотна падрос

і ўжо ня ўлажу

у кабіну цуда-аўто

пакуль што сын навучыўся

ехаць толькі наперад

і калі яму трэба

скіравацца назад

ён вылазіць з кабіны

уручную разварочвае аўто

і працягвае шлях

націскаючы на понаж газу

можа гэта і добра

што яму ніяк не даецца

навука задняга ходу?

можа і ня трэба

яго навучаць гэтай

жыцьцёвай прамудрасьці?

ПРА ГАЗЭТУ

з газэты можна зрабіць

самалёцік або карабельчык

і нельга – аўтамабіль

бо газэта ўмее

толькі лётаць і плаваць

як далёка

гэта іншая справа

справа ветру

і рачной плыні

* * *

у Беластоку вуліца Ліповая

вядзе да храму

у залежнасьці ад таго

зь якога боку

будзеш ісьці

выйдзеш

або да касьцёлу

Сьвятога Роха

або да чырвонай

гатычнай фары

пры гэтым

як бы ні пайшоў

аніяк не абмінеш

царкву Сьвятога Мікалая

якая месьціцца

якраз на сярэдзіне

шляху

* * *

цыганка на беластоцкім кірмашы

прапаноўвае мінакам набыць бінокль

мінакі адмаўляюцца нават

паглядзець празь яго акуляры

напэўна таму

што баяцца падману

бо

і павелічэньне

і памяншэньне

па сутнасьці ўжо ёсьць падман

* * *

прыехаў у Белавескую пушчу

паглядзець на зуброў

з польскай прапіскай

і ня ўбачыў ніводнага

напэўна спужаліся

што забяру з сабой у Беларусь

і пахаваліся ў кустоўі сваіх вальераў

затое пабачыў вялізнага

быка-мутанта

які нарадзіўся

ад экспэрымэнтаў спарваньня

зубра і хатняй каровы

усе мастакі сьвету

малявалі менавіта такога быка

на сваіх карцінах «Выкраданьне Эўропы»

* * *

нібыта пруткая трава

нібыта карэньні

магутных дрэваў

уздыбілі асфальт

на цэнтральных вуліцах

сівагаловага Полацку

гэта абудзілася

старая брукаванка

кажа мне Ян

гэта людзі полацкіх сутарэньняў

шукаюць выйсьця

кажа мне Власт

гэта пачынаецца

новае стагодзьдзе

кажа мне ўнутраны голас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?