Мінгарвыканкам рыхтуе спіс будаўнічых арганізацый «з сумнеўнай рэпутацыяй». У гэты пералік патрапяць арганізацыі-забудоўшчыкі, падрадныя арганізацыі, якія дапусцілі перавышэнне нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва жылых дамоў звыш шасці месяцаў.
Таксама будуць апублікаваныя спісы праектных арганізацый, якія больш чым на паўгода зацягнулі тэрміны распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі.

Нагадаем, месяцам раней Мінгарвыканкам ужо публікаваў па даручэнні Саўміна спіс будаўнічых арганізацый, якасць работы якіх на працягу некалькіх апошніх гадоў выклікала пытанні з боку гарадскіх уладаў і Дзяржбуднагляду. Спіс быў падзелены на дзве групы: у адной сабраны заказчыкі будаўніцтва, у іншай — падрадныя арганізацыі.

Да нядобрасумленных заказчыкаў былі прылічаныя 17 арганізацый, сярод якіх Бабруйскае УКПП КЖІ, ЗАТ «Аўтапрывал», ТДА «Перспектыва-ІнвестБуд», ТДА «Вытворча-інвестыцыйная група», ГА «МЖК», ТАА «Прынком-буд», СТАА «Архітэкс» , СТАА «Кравіра», СП «Бетатрон-Інженерынг», ТАА «СістэмаБудзбражэнняў» і іншыя.

У спіс 13 праблемных падрадных арганізацый, якія ажыццяўляюць будаўніцтва з парушэннем нарматыўных тэрмінаў і з нізкім узроўнем якасці работ, патрапілі такія арганізацыі, як ААТ «Трэст Белстрамрамонт», ААТ «Трэст Белтрансбуд», ТАА «Воблік», ЧТСУП «АСК-Сэрвіс», ТДА «Армееец», ТАА «Мантажбудкомплекс», філіял «Будтэх-індустрыя» УП «Будтэх», СРУП «Бабруйскі домабудаўнічы камбінат» і іншыя.

Зараз гарадскія ўлады вырашылі зрабіць акцэнт на тэрмінах будаўнічых і праектных работ.

«Такое рашэнне было прынята праз тое, што многім заказчыкам прыходзіцца сутыкацца з невыкананнем абавязальніцтваў, парушэннем тэрмінаў будаўніцтва і праектавання. Ёсць забудоўшчыкі, якія заключаюць дадатковыя пагадненні па тэрмінах і проста чакаюць іх заканчэння, нічога не робячы.
Краіна павінна ведаць сваіх „герояў“ у твар», — распавёў «Беларускім навінам» першы намеснік старшыні камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Мікалай Бутрым.

Пералік будаўнічых арганізацый з папсаванай рэпутацыяй, на думку спецыяліста, будзе маральным стымулам да выпраўлення.

«Вядома, Адміністрацыйным кодэксам прадугледжана пакаранне за затрымку работ, — зазначыў М. Бутрым. — Аднак, як паказвае практыка, не заўсёды суды і органы кіравання прымаюць рашэнне на карысць пакрыўджанага такімі арганізацыямі боку. Так, працэнтах ў 80 выпадкаў нядобрасумленныя выканаўцы будаўнічых і праектных работ расплачваюцца за сваю марудлівасць, а вось у 20% выпадкаў застаюцца беспакаранымі.

Дадзены пералік стане інструментам, які будзе стымуляваць выпраўленне гэтых арганізацый. Таму што акрамя маральнага фактару — бо само па сабе знаходжанне ў нашым спісе непрыемнае для кампаніі — закранаецца і матэрыяльны. Таму што ў парушальнікаў зніжаецца колькасць кліентаў і, адпаведна, яны губляюць у прыбытку».

Пасля апублікавання папярэдняга спісу парушальнікаў будаўнічых парадкаў многія заўважылі, што большасць такіх кампаній — недзяржаўныя. Аднак, як запэўніў М.Бутрым, у спіс арганізацыі трапляюць не праз форму ўласнасці. «Там будуць усе, хто не выконвае абавязальніцтвы: і прыватныя, і дзяржаўныя кампаніі», — паабяцаў М. Бутрым.

Як распавялі ў Мінгарвыканкаме, займацца складаннем спісу будуць не толькі чыноўнікі — будуць улічаныя і скаргі грамадзян.

«Усё ж робіцца менавіта для тых, хто сутыкаецца з несумленнасцю выканаўцаў будаўнічых работ. Зірнуўшы ў гэты пералік, яны змогуць адразу вызначыць — што з сябе прадстаўляе арганізацыя, з якой яны плануюць працаваць.
Можна з ёй супрацоўнічаць або лепш пяць разоў падумаць, перш чым падпісваць дамовы… «, — патлумачыў М. Бутрым.

Дарэчы, водгукі і ад будаўнічых арганізацый таксама ўжо маюцца.

«Тыя, каго ўжо ўнеслі ў пералік, скардзяцца, што яны такія добрыя, а камітэт узяў і сапсаваў іх рэпутацыю, — падзяліўся М. Бутрым. — Але астатнія ацэньваюць гэтую ідэю станоўча — як спрыяльна ўплывае на рынак. У гэтай галіне павінны працаваць толькі прафесіяналы, здольныя трымацца на плаву, а „прысоскі“ павінны быць знятыя з дыстанцыі…».

А вось старшыня савета дырэктараў ГА «Інфармацыйныя тэхналогіі і нерухомасць» Аляксандр Мартыненка лічыць, што хоць

ініцыятыва стварэння «чорнага спісу» будаўнічых арганізацый пахвальная, але наўрад ці яна акажа сур’ёзны ўплыў як на самі кампаніі, так і на іх кліентуру.

«Вядома, трэба ставіць на месца, тых, хто не выконвае дагаворныя абавязальніцтвы, — распавёў „Беларускім навінам“ А.Мартынаў. — Але пра дзейснасць спісу можна будзе размаўляць па сканчэнні пэўнага часу з яго апублікавання.

Зараз можна толькі заўважыць, што мала хто бачыў папярэдні пералік няякасна выконваючых работы будаўнічых арганізацый і мала хто ўбачыць гэты. Хаця б таму, што сайт Мінгарвыканкама — не які-небудзь папулярны беларускі партал. Мала хто даведаецца пра тое, што кампаніі ўнесены ў „чорны спіс“. Таму і сур’ёзных страт яны не панясуць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?