У чацьвер 28 верасьня ў «Беларускай хатцы» (вул.Рабкораўская, 19) адбылася прэм’ерная пастаноўка гістарычнай драмы Людмілы Рублеўскай і Віталя Скалабана «Людвіка і Фабіян». П’еса была напісаная з ініцыятывы Віталя Скалабана, які ў дзяржаўных архівах знайшоў багата матэрыялаў пра жыцьцё Зоські Верас і Фабіяна Шантыра. Пасьля ён прапанаваў папрацаваць над гэтымі дакумэнтамі пісьменьніцы і журналістцы Людміле Рублеўскай, яна на тое радасна і ахвотна пагадзілася. Так і ўзьнік гэты творчы тандэм.

Яшчэ ўвесну ў выдавецтве Віктара Хурсіка выйшла кніга «Людвіка і Фабіян», а пастаноўка адбылася толькі зараз. У прынцыпе, яна магла прайсьці значна раней, бо п’есай у свой час вельмі зацікавіўся магілёўскі рэжысэр Валянцін Ермаловіч, родны брат славутага гісторыка Міколы Ермаловіча, які ўжо пачаў падрыхтоўку пастаноўкі ў сваім тэатры. Аднак спэктакль не адбыўся з прычыны сьмерці рэжысэра. Менскія тэатры не праявілі да драмы абсалютна ніякага інтарэсу.

У «Беларускую хатку» на прэзэнтацыю прыйшло багата людзей, ня кожнаму прысутнаму хапіла месца на лавах, і таму пэўная частка гледачоў стойма глядзела пастаноўку. У тым, што прэм’ера адбываецца менавіта ў «Беларускай хатцы», бачыўся нават некаторы сымбалізм, бо Зоська Верас добра ведала і паважала амаль усіх тых асоб, чые партрэты зьмешчаныя на сьценах гэтага будынку.

На пачатку імпрэзы гледачоў забаўлялі дзеці з фальклёрнай гупы «Калыханка» зь Міхнавічаў, якія выконвалі беларускія песьні. Варта было бачыць зь якім замілаваньнем глядзеў на гэты выступ вядомы публіцыст Аляксандар Фядута.

Потым пачаўся ўласна спэктакль. Зрэшты, называць дзею, што адбывалася ў «Беларускай хатцы», сапраўдным спэктаклем ніяк не выпадае, бо маладыя акторы ня гралі на сцэне, а проста чыталі дыялёгі герояў.

Дзеля прэзэнтацыі драмы на сцэне аўтары абралі толькі моманты п’есы зьвязаныя зь лініяй каханьня Зоські Верас і Фабіяна Шантыра, апускаючы грамадзка-палітычныя, сацыяльныя і іншыя моманты. Марына Дзямідчык і Сяргей Здаранкоў, студэнты пятага курсу інстытуту культуры, як мага далі рады, каб ужыцца ў ролі галоўных герояў, хоць часам адчувалася не зусім правільнае вымаўленьне тых ці іншых беларускіх словаў, але гэта бяда ўсяго беларускага тэатра, а ня толькі гэтых юнакоў.

Дырэктар Дзяржкамархіву Ўладзімер Адамушка пачаў словамі з драмы: «Мужчыны заўсёды сумняюцца». Ён сказаў, што да сёньня таксама сумняваўся, чым жа займаецца ў дзяржаўных архівах Віталь Скалабан, і адразу парыраваў свае словы: «Цяпер я бачу, што ён там сапраўды працуе».

Адамушка зазначыў, што цяпер баіцца згубіць архівіста Скалабана, бо той можа лёгка сысьці ў літаратуру. Дарэчы, гэта ўжо другая п’еса, напісаная Віталём Скалабанам. Першую, «У жніўні 1936-га», яшчэ ў 2002 г. паставіў Купалаўскі тэатар. Архівіст паўжартам сказаў, што ўжо даўно напісаная і трэцяя. Ведаючы працаздольнасьць Скалабана ў гэта ахвотна верыш.

Уладзімер Содаль параіў Віталю Скалабану прапанаваць п’есу на радыё. Сапраўды, на радыё яна б прагучэла досыць добра, але ці наважацца радыйшчыкі на такі крок, пакуль няясна, бо сп.Скалабан ужо зьвяртаўся да іх з такой ініцыятывай, але не атрымаў уцямнага адказу.

Літаратуразнаўца Арсень Ліс расказаў, што дома мае каля пяцісот лістоў ад Зоські Верас. Падумалася, што сапраўды прыйшоў нейкі час, каб падрыхтаваць да друку эпісталярную спадчыну гэтай руплівіцы беларускасьці. У свой час Людвіка Сівіцкая-Войцік пісала надзвычай шмат лістоў, і сабраць іх усе разам сёньня не ўяўляецца магчымым, таму патрэбна выратаваць тое, што засталося і захавалася, не згубіць хоць гэта.

Па сканчэньні пастаноўкі была кава і прыватныя размовы.

Болей пра Зоську Верас і Фабіяна Шантара чытайце тут.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?